Хроніка вызвалення Смаргоншчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў

Общество
05.07.2019 06:01
483
2019 год з’яўляецца знакавым для Гродзенскай вобласці і Беларусі. Яркімі памятнымі датамі стануць 75-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, а таксама 75-годдзе Гродзенскай вобласці. Ва ўсіх куточках нашага рэгіёна ўжо праходзяць мерапрыемствы, прысвечаныя гэтым падзеям. Напярэдадні святкавання Дня Незалежнасці Беларусі мы публікуем хроніку вызвалення Гродзенскай вобласці ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

3 ліпеня 1944 г. АСТРАВЕЦКІ РАЁН.

У вызваленні раёна ўдзельнічала партызанская брыгада імя ЦК КП(б)Б (камандзір Міхаіл Фёдараў), якая ўзяла і ўтрымлівала раён да 6 ліпеня 1944 года, пакуль не падышлі войскі 3-га Беларускага фронту.

5 ліпеня 1944 г. СМАРГОНСКІ РАЁН.

У пачатку ліпеня 1944 года ў ходзе Беларускай наступальнай аперацыі, вядомай пад кодавай назвай «Баграціён», савецкія войскі вызвалілі Смаргоншчыну ад гітлераўскіх захопнікаў. Скончылася жудасная фашысцкая акупацыя, якая доўжылася тры гады.

Тэрыторыя Смаргонскага раёна ўваходзіла ў паласу наступальных дзеянняў 5-й арміі (камандуючы генерал-лейтэнант Мікалай Крылоў) са складу войскаў 3-га Беларускага фронту (камандуючы генерал арміі Іван Чарняхоўскі).

У гэтай паласе таксама наступаў 3-ці гвардзейскі Сталінградскі механізаваны корпус (камандзір генерал-лейтэнант Віктар Абухаў), які падпарадкоўваўся непасрэдна штабу 3-га Беларускага фронту. Наперадзе наступаючых войскаў дзейнічаў механізаваны корпус. Перадавы атрад яго 35-й гвардзейскай танкавай брыгады (камандзір генерал-маёр Герой Савецкага Саюза Азі Асланаў).

Нямецкае камандаванне, маючы намер затрымаць войскі 5-й арміі і 3-га механізаванага корпуса на р. Віліі, спешна рыхтавала абарону гэтага рубяжа. Сюды выводзіліся рэшткі разгромленых у папярэдніх баях 95-й і 299-й пяхотных, 221-й і 285-й ахоўных дывізій, а таксама асобныя разрозненыя групы. Акрамя таго, у раён Смаргоні і на поўдзень ад горада праціўнік падцягнуў 212-ю пяхотную дывізію. Але спыніць наступленне савецкіх войскаў на Віліі гітлераўцам не ўдалося. 2 ліпеня камандзір механізаванага корпуса атрымаў загад штаба фронту прадставіць перадавыя атрады для фарсіравання Віліі і завалодання Смаргонню. Выкананне гэтага загада было ўскладзена на 35-ю гвардзейскую танкавую і 7-ю гвардзейскую механізаваную брыгады, якія пасля вызвалення Вілейкі з прычыны адсутнасці дастатковай колькасці гаруча-змазачных матэрыялаў вымушаны былі затрымацца і часова займаць абарону.

У другой палове дня 2 ліпеня 35-я гвардзейская танкавая брыгада прыступіла да выканання атрыманай баявой задачы. Гаручае для брыгады, як і для ўсяго корпуса, павінны былі даставіць на самалётах, але, пакуль у баках былі яшчэ рэшткі паліва, вырашана было наступаць, хаця б часткай сіл. Наперадзе рухаўся перадавы атрад, у які ўваходзіў толькі танкавы ўзвод лейтэнанта Міхаіла Шуйдзіна ў складзе двух танкаў.

2.jpg

Міхаіл ШУЙДЗІН


З імі ў аўтамабілі знаходзіўся генерал Асланаў. Паспяхова пераправіўшыся ўброд цераз р. Нарач, атрад сустрэў на лясной дарозе групу партызан атрада імя М. Фрунзе брыгады імя С. Будзёнага. Яны паведамілі, што мост цераз Вілію каля Смаргоні ўзарваны, але ў раёне в. Рыбакі ёсць брод для пераправы танкаў і аўтамашын. Партызан, узяты ў якасці правадніка, вывеў атрад Асланава да гэтага броду. Камандзір брыгады перасеў з машыны на танк Шуйдзіна, і абодва танкі, механікі-вадзіцелі якіх кіраваліся ўказаннямі правадніка, пераехалі Вілію, незаўважанымі ворагам. На заходнім беразе Асланаў, агледзеўшы мясцо-васць, вызначыў агнявыя пазіцыі для танкаў у 1,5 км ад ракі, справа і злева ад дарогі, якая ішла на Смаргонь, загадаў Шуйдзіну не дапусціць праціўніка да броду, а сам разам з партызанам і сваім ардынарцам ізноў пераправіўся на ўсходні бераг. Ён паехаў насустрач галоўным сілам брыгады, каб паскорыць іх рух да Віліі.

Ноч з 2 на 3 ліпеня для застаўшыхся на захопленым плацдарме дзесяці гвардзейцаўтанкістаў прайшла спакойна, але яны не аслаблялі пільнасці, увесь час знаходзіліся ў поўнай баявой гатоўнасці. І сапраўды, фашысты якімсьці шляхам даведаліся аб знаходжанні савецкіх танкаў.

Днём каля роты гітлераўцаў, абышоўшы танкістаў з левага фланга, заляглі ў жыце паблізу ад ракі. Танкісты абстралялі іх з зенітных кулямётаў. У 16 гадзін з боку Смаргоні паказаліся цяжкая самаходная гармата «фердзінанд», чатыры штурмавыя гарматы і некалькі танкаў. Савецкія танкісты апынуліся ў вельмі складаным становішчы. Вораг меў вялікую колькасную перавагу. Адсутнічала прыкрыццё пяхотай і супрацьтанкавымі сродкамі. Пачаўся няроўны бой. Ужо першым выстралам лейтэнант Шуйдзін, які знаходзіўся пры пушцы, разбіў гусеніцу «фердзінанда», і самаходная гармата спынілася. Гітлераўцы выскачылі з яе і кінуліся ўцякаць. На варожых аўтаматчыкаў, якія ішлі ў суправаджэнні «фердзінанда», гвардзейцы накіравалі асколачныя снарады. Дакладным быў і агонь экіпажа танка малодшага лейтэнанта Данілава. Ад прамога пападання  ў лоб загарэлася адна штурмавая гармата, а потым была падбіта другая. Але становішча заставалася напружаным. Уцалелыя штурмавыя гарматы і падышоўшыя танкі праціўніка ўзмацнілі свой агонь.

Спрабавала атакаваць танкістаў з тылу фашысцкая пяхота. У гэты час з усходняга берага Віліі адкрылі агонь па ворагу гарматы знішчальна-супрацьтанкавай батарэі старшага лейтэнанта Біцюцкага і мінамёты 129-га мінамётнага палка. З іх падтрымкай атака гітлераўцаў была адбіта. Плацдарм на заходнім беразе ракі быў утрыманы. З наступленнем цемнаты з усходняга берага падышло падмацаванне – два ўзводы аўтаматчыкаў і ўзвод супрацьтанкавых ружжаў.

DJI_0022.jpg

Рака Вілія


З прычыны затрымкі з дастаўкай самалётамі гаручага, а таксама налётаў нямецкай авіяцыі галоўныя сілы танкавай брыгады выйшлі да Віліі толькі на зыходзе дня 3 ліпеня. На досвітку 4 ліпеня пад моцным артылерыйскім і мінамётным агнём праціўніка, выкарыстоўваючы брод, яны пераправіліся на плацдарм. Раніцаю пачаўся штурм Смаргоні. У горадзе знаходзіліся батальёны пяхоты, каля 25 танкаў і самаходных гармат, сем-восем артылерыйскіх батарэй, два дывізіёны мінамётаў.

Вораг супраціўляўся. Поспеху штурму садзейнічаў умелы тактычны манеўр генерала Асланава. Каб увесці праціўніка ў зман адносна напрамку галоўнага ўдара брыгады, ён накіраваў у абход горада злева танкавы ўзвод малодшага лейтэнанта А. А. Шчаглова і роту аўтаматчыкаў, а сам павёў наступленне трыма танкамі ў цэнтры. Пакуль танкі Шчаглова і Асланава вялі моцны агонь і адцягвалі ўвагу ворага на сябе, танкавая рота лейтэнанта К. М. Карпухова лагчынай падышла незаўважанай да Смаргоні справа і ўварвалася ў горад. У баі на вуліцах горада побач з танкістамі смела і рашуча дзейнічалі артылерысты батарэі Біцюцкага, якія знішчылі шэсць гармат праціўніка, а таксама аўтаматчыкі мотастралковага батальёна брыгады пад камандаваннем маёра Р. М. Астаніна.

1.jpg

Сустрэча ў Смаргоні партызан брыгады імя Суворава з разведвальным падраздзяленнем Чырвонай Арміі


У штурме Смаргоні ўдзельнічалі і партызаны брыгады «Народныя мсціўцы» імя Васіля Варанянскага. Пасля таго, як усходняя частка горада была ачышчана ад гітлераўцаў, бой перамясціўся ў яго заходнюю частку. У гэты час у штурм уключылася 7-я гвардзейская механізаваная брыгада. Яшчэ на зыходзе дня 2 ліпеня яе перадавы атрад таксама захапіў невялікі плацдарм на заходнім беразе Віліі ў раёне в. Святляны. Раніцаю 4 ліпеня сюды пераправіўся 43-і гвардзейскі танкавы полк, які атакаваў ў Смаргоні фашыстаў з паўночнага ўсходу і поўначы. Вылучыўся пры гэтым камандзір танкавай роты старшы лейтэнант А. Музыроў, танк якога першым уварваўся ў горад. Прыклад доблесці і воінскага майстэрства паказаў лейтэнант Л. І. Царэнка. Экіпаж яго танка знішчыў дзве гарматы і некалькі аўтамашын. За подзвігі, здзейсненыя Царэнкам пры вызваленні Лепеля, Вілейкі, Смаргоні, Вільнюса, Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 24 сакавіка 1945 г. яму было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Агульнымі намаганнямі 35-й танкавай і 7-й механізаванай брыгад праціўнік быў разгромлены, і ў 15 га-дзін 4 ліпеня г. Смаргонь ізноў стаў савецкім

4 ліпеня на тэрыторыю Смаргонскага раёна таксама ўступілі наступаючыя часці і злучэнні 5-й арміі. На рубеж Вішнева, Свіркі выйшла 215-я стралковая дывізія. Наступаўшая злева 144-я стралковая дывізія дасягнула рубяжа Курчы, Данюшава. Далей на поўдзень да Віліі падышлі часці 159-й і 97-й стралковых дывізій. У другой палове дня 4 ліпеня ў раёне Смаргоні сканцэнтраваліся асноўныя сілы 3-га механізаванага корпуса ў цэлым.

Прывёўшы ў парадак матэрыяльную частку, папоўніўшыся боепрыпасамі і гаручым, яны ў адпаведнасці з атрыманым загадам 5 ліпеня пачалі наступленне на Вільнюс. На захадзе ад Смаргоні быў разгромлены батальён 391-й нямецкай ахоўнай дывізіі, 350 афіцэраў і салдатаў якога былі ўзяты ў палон. Працягвалі свае наступальныя дзеянні і стралковыя дывізіі 5-й арміі. У выніку ўжо 5 ліпеня была вызвалена ўся тэрыторыя раёна на ўсход ад р. Ашмянка і на поўнач ад чыгункі Смаргонь – Вільнюс.

DJI_0006 (1).jpg

IMG_1174.jpg

На ўсходнім беразе Віліі, у чатырох кіламетрах ад Смаргоні, размешчаны мемарыяльны комплекс “Пераправа”. Мемарыял быў створаны па праекце архітэктара Аляксандра Бажыдая і ўсталяваны на ростанях на Вілейку і на Свір 18 ліпеня 1976 г. У 1989 годзе побач з абеліскам быў усталяваны на пастамент танк ІС-3, знойдзены на тэрыторыі былой вайсковай часці ў вёсцы Бялкоўшчына



Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений