Тры святы ў адзін дзень адзначылі ў Вішневе

Общество
16.06.2019 15:00
694
У парафіі святога Юды Тадэвуша, што ў Вішневе Смаргонскага дэканату, 13 чэрвеня адзначылі не толькі ўстаноўленае папам Бэнэдыктам XVI свята Езуса Хрыста, Найвышэйшага і Вечнага Святара.

2019-06-13-vishneva-001.jpg

У парафіі святога Юды Тадэвуша, што ў Вішневе Смаргонскага дэканату, 13 чэрвеня адзначылі не толькі ўстаноўленае папам Бэнэдыктам XVI свята Езуса Хрыста, Найвышэйшага і Вечнага Святара.

Кожны 13-ы дзень месяца з мая па кастрычнік па традыцыі, якую распачаў і верна падтрымлівае пробашч парафіі кс. Антоній Казлоўскі, вішнеўскія вернікі моляцца праз заступніцтва Маці Божай Фацімскай, завяршаючы святую Імшу набажэнствам з фацімскім Ружанцам. Не забыліся яны ў гэты дзень святога Антонія Падуанскага таксама павіншаваць з імянінамі свайго пробашча. 

З такой патройнай нагоды ў Вішневе сабраліся святары з наваколля і не толькі.

в.jpg

Сярод гасцей былі даўні дэкан Смаргонскі кс. Здзіслаў Вэдэр SDB, які ўзначаліў цэлебрацыю Эўхарыстыі, пробашчы суседніх парафій кс. канонік Багуслаў Маджэеўскі са Свіра і кс. Павел Калеснікз Жодзішак. Божае слова прамовіў кс. Павел Шылак, пробашч парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Красным (Маладзечанскі дэканат) і аднакурснік вішнеўскага пробашча па Гродзенскай семінарыі.

У прамоўленай гаміліі кс. Павел, грунтуючыся на тэкстах Святога Пісання, перадусім на пасланнях свайго святога заступніка апостала Паўла, заахвоціў вернікаў да гасціннасці і разважлівасці, што праяўляецца ва ўменні шчодра дзяліцца з іншымі сваімі дабротамі.

Прапаведнік падкрэсліў, што для гэтага неабходна дазволіць Духу Святому цалкам перамяніць жыццё, праілюстраваўшы гэта даступным прыкладам з рамана «Мужыкі» Уладзіслава Рэйманта, за які аўтар атрымаў Нобелеўскую прэмію, апісаўшы ў сваім творы жыццё сялянаў на працягу чатырох сезонаў года.

ыы.jpg

Між іншым, у рамане апісана і польская народная традыцыя Дынгуса, або «Палівальнага панядзелка», які наступае пасля Велікоднай нядзелі. У гэты дзень людзі паліваюць адно аднаго вадою, і за гэта не прынята крыўдзіцца, бо такі звычай сімвалізуе ваду хросту і сыход Святога Духа Суцяшыцеля.

Аднак людзі, якія лічылі сябе больш «высакароднымі», не жадалі выглядаць смешна, таму, захоўваючы традыцыю, для палівання выкарыстоўвалі пульверызатары з-пад парфумы, каб занадта не замачыцца. Вядома, воблачка з мікраскапічных кропелек вады не магло намачыць адзення, папсаваць прычоску абы змыць з твара пудру.

вв.jpg

У той жа час простыя сяляне палівалі адно аднаго з вёдраў і начовак, а часам хлопцы, схапіўшы дзяўчыну, кідалі яе проста ў адзенні ў рэчку ці ў стаў.

«Таксама і са Святым Духам: калі не дазволіць Яму цалкам прасякнуць і перамяніць усё сваё жыццё, гэта ўсё адно, што памыцца, „папшыкаўшыся“ з пульверызатара. Купель адраджэння і аднаўлення Духам Святым, які шчодра выліўся на нас праз Езуса Хрыста, Збаўцу нашага, пра што піша ў пасланні да Ціта святы апостал Павел (пар. Ціт 3, 5), змывае з чалавека ўвесь бруд, ачышчае яго звонку і знутры, перамяняе і асвячае», — сцвердзіў кс. Павел.

ыыы.jpg

На заканчэнне святой Імшы вішнеўскія вернікі павіншавалі з імянінамі свайго пробашча Антонія Казлоўскага. Далучаючыся да скіраваных у адрас імянінніка цёплых словаў, кс. Здзіслаў Вэдэр адзначыў вялікую руплівасць гэтага сціплага вясковага душпастыра, які ператварыў сваю невялікую парафію ў сапраўдны цэнтр духоўнага жыцця ўсёй акругі. 

Дарэчы, сярод святароў кс. Антоній Казлоўскі вядомы таксама як стваральнік і мадэратар вялікага чату ў адным з папулярных камунікатараў, які аб’ядноўвае значную колькасць каталіцкага духавенства з усёй Беларусі.

Завяршылася святая Імша традыцыйным Фацімскім набажэнствам і смачным пачастункам у парафіяльнай плябаніі, прыгатаваным дзвюма майстрыцамі-гаспадынямі пад чуйным наглядам «мамусі» імянінніка.

Catholic.by


Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений