Магнітнае поле Паплаўскіх

Общество
18.05.2019 12:44
1
554
На гэты раз, рыхтуючы матэрыял да Дня сям’і, мы вырашылі адступіцца ад прывычнага – пісаць пра бацькоў, якія гадуюць шмат цудоўных дзяцей. Мы хацелі знайсці сям’ю надзвычай незвычайную. І знайшлі ў Вішневе. У сям’і Паплаўскіх сышліся фізік і лірык, і вельмі арганічна адно аднаго дапоўнілі.

Дынастыя “сейбітаў”

Яўген Яўгенавіч Паплаўскі – былы дырэктар Вішнеўскай школы з дынастыі педагогаў. Пётр Кароль, дзед па лініі маці, быў настаўнікам гісторыі і геаграфіі. 44 гады адпрацаваў інспектарам Смаленскага аблана, быў дырэктарам школы. Кацярына, бабуля нашага героя, настаўніцай матэматыкі з 40 гадовым стажам. Усе іх чатыры дачкі таксама сталі педагогамі: адна - матэматыкам і тры – фізікамі.

Тата Яўгена Яўгенавіча быў настаўнікам гісторыі, дырэктарам Алекшыцкай “васьмігодкі”, загадчыкам Бераставіцкага РАНА. Мама Ася Пятроўна – настаўніцай матэматыкі. І якімі сцежкамі маглі пайсці іх дзеці? Дачка стала матэматыкам, сын – фізікам.

Пасля заканчэння Гродзенскага ўніверсітэта (у 1981 годзе) гродзенец Яўген Паплаўскі размеркаваўся на Смаргоншчыну, у Вішнева. Прыгожы, статны халасцяк. Мужчына, дзеля якога прыгажуня Аліна кінула сталіцу і вярнулася ў сваю родную вёску. “Вы з мінскай прапіскай сюды прыехалі?” – дзівіліся ў пашпартным стале, калі маладая жанчына пасля вяселля мяняла пашпарт.

А яны і дагэтуль не шкадуюць, што ніколі не імкнуліся ў горад. Іх заўсёды задавальняў вясковы лад жыцця - не такі імклівы, як у горадзе. Сялянская ідылія. Калі ты ў гармоніі з прыродай. Збіраць грыбы, хадзіць на возера з вудамі, вырошчваць кветкі і гародніну – любімыя заняткі Паплаўскіх.

Пара – вачэй не адвесці

Да знаёмства са сваім Жэнем Аліна скончыла політэхнічнае вучылішча і працавала на мінскім “Інтэграле”. Аднойчы прыехала дадому. На танцах іх звёў яе Вялікасць выпадак. Дакладней, школьны сябра Анатоль Бяляўскі (цяпер беларускі мастак).

IMG_5636.JPG

Спартыўная бландынка (займалася лёгкай атлетыкай, хакеем на траве), мілавідная, мяккая, жаноцкая і ўраўнаважаны, спакойны, чарнявы хлопец з багатай капой кучаравых валасоў. Пара была – вачэй не адвесці.

Не ведаю, што там за магнітнае поле ў сям’і Паплаўскіх (яны там скрозь фізікі, напэўна, ім вядома), але тое, што яно нейкае незвычайнае, прыцягвае да сябе і перацягвае на свой бок – гэта факт.

Бо як па-іншаму можна растлумачыць тое, што пасля вяселля Аліна таксама пайшла ў педагогіку. Завочна паступіла на філфак Гродзенскага ўніверсітэта і стала працаваць у школе настаўніцай беларускай мовы і літаратуры.

“Быць настаўнікам – шчасце”, - сцвярджаюць мае суразмоўцы. - Якая яшчэ прафесія дае магчымасць вучыць дзіця, вучыцца ў дзіцяці, самаўдасканальвацца ўсё жыццё? Мы падлічылі, што агульны стаж дынастыі Паплаўскіх – больш за дзвесце гадоў”.

Як сцвярджаў рускі публіцыст і літаратурны крытык Дзмітрый Пісараў: “У выхаванні ўся справа ў тым, хто выхавальнік”. На мой погляд, з гэтым нельга не пагадзіцца, - усміхаецца Аліна Анатольеўна. - Заўсёды вялікую ролю на нас аказваюць людзі, якія знаходзяцца побач. Асабліва, калі ты разам з імі жывеш, бавіш вольны час, пераймаеш іх традыцыі. Гэта людзі, якія падаравалі табе жыццё, аддавалі цяпло сваёй душы, разам пазнавалі свет, стараліся абараніць ад заганаў грамадства, верылі ў цябе і падтрымлівалі, заўсёды прымалі такім, які ты ёсць, усё маглі дараваць і падтрымаць у складаны час. Гэта сям’я, родныя людзі. Нездарма ж мы часта працягваем традыцыі, справы сваіх продкаў”.

Тры кіты сямейнага саюза

IMG_5622.jpg

У Аліны Анатольеўны вельмі прыгожы голас, яна цудоўна размаўляе па-беларуску. Такіх людзей можна слухаць з закрытымі вачыма і атрымліваць эстэтычнае задавальненне. Шляхетная інтэлігентнасць Яўгена Яўгенавіча гарманічна дапаўняе іх сямейны саюз. Цяпер гэта пара – прыклад для маладых. Як трэба глядзець адзін на аднаго. Як кахаць, паважаць, як падтрымліваць. Як разам перажываць праблемы. Як выхоўваць дзяцей. Прычым не толькі сваіх.

Любы ў гэтай пары можа знайсці нагоду для майстар-класа. Аліна Анатольеўна падлічыла, што восем яе вучаніц сталі філолагамі. А ў колькі дзіцячых душ яна пасеяла “разумнае, добрае, вечнае” – не падлічыць. 28 гадоў адпрацаваў дырэктарам школы Яўген Яўгенавіч, і пераемніка сабе ён таксама падрыхтаваў з ліку вучняў. Цяперашні дырэктар Вішнеўскай школы Генадзь Андруковіч – таксама настаўнік фізікі, некалі Яўген Паплаўскі быў у яго класным кіраўніком і выкладаў фізіку.

Абодва сыны Паплаўскіх таксама выбралі “фізіку”, хаця “лірычны” матыў у іх прасочваецца: хлопцы любяць чытаць і цікавяцца гісторыяй. Малодшы Аляксандр (праграміст, жыве ў Мінску) актыўна вывучае генеалагічнае дрэва свайго роду, сабраў даволі багатую інфармацыю. Старэйшы сын, таксама Яўген Яўгенавіч, - фізік-інфарматык па адукацыі, жыве ў Гродне і таксама – у педагогіцы. Бацькі з маленства прывучалі хлопчыкаў да самастойнасці, сыны выраслі арганізаванымі, акуратнымі і што немалаважна – знайшлі сябе.

Давер, павага, уменне годна прымаць самыя розныя жыццёвыя сітуацыі – тры кіты, на якіх трымаецца шчаслівы сямейны саюз Паплаўскіх. Саюз трывалы. Саюз даўжынёй у 37 гадоў. Саюз двух закаханых людзей.

Галіна АНТОНАВА.

Фота аўтара і з сямейнага архіва Паплаўскіх.


0
Guest
Хахаха мой учитель физики
Имя Цитировать 0
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений