Людміла Аўсянік і яе жыллё: мае права ці беспадстаўныя прэтэнзіі?

Общество
19.03.2019 08:02
1
3797
Людмілу Аўсянік у нашым горадзе ведаюць многія. Як аказалася, у сталіцы таксама сочаць за яе жыццём і час ад часу некаторыя выданні нават публікуюць матэрыялы з патрабаваннем неадкладна выдзеліць ёй кватэру і пазбавіць пяцярых дзяцей ад больш чым сціплых умоў інтэрната. Згадзіцеся, дапамагчы шматдзетнай маці – справа добрая і правільная. Але не ўсё так адназначна, як пішуць вышэйзгаданыя калегі. Будзем разбірацца па парадку.

дети дом.jpgЛюдміла Аўсянік нарадзілася на Століншчыне, потым разам з мужам перабраліся ў Ашмянскі раён. У Смаргонь сям’я трапіла толькі ў 2011. Лёс не асабліва шкадаваў Людмілу. Замуж выйшла ў 24 гады, паспела нарадзіць дзвюх дачушак: Яну і Дар’ю. Але сям’я развалілася. Жыццё дало Людміле яшчэ адзін шанец на асабістае шчасце – яна сустрэла Сяргея, якога змагла шчыра пакахаць і даверылася яму настолькі, каб нарадзіць яшчэ Іаланту і Філіпа. У вёсцы Маствілішкі Ашмянскага раёна яны купілі дом, скарыстаўшыся дзяржаўнай падтрымкай для шматдзетных сям'яў. А потым, расказвае Людміла, каб забяспечыць усім неабходным вялікую сям’ю, Сяргей адправіўся на заробкі ў Расію. Больш яны не ўбачыліся – мужчына загінуў. Сяргей і Людміла так і не пажаніліся. У графе “бацька” ў пасведчаннях аб нараджэнні Іаланты і Філіпа – прочырк. Гэтак жа і ў самага малодшага – Дзімкі. 

“Яго бацька і перацягнуў мяне ў Смаргонь”, - дзеліцца Людміла. “Колькі ў яго планаў было! І жыць разам будзем, і дзеці твае зусім не перашкода, і бізнес разам арганізуем”. 

Толькі грошай у будучага “бізнесмена” не было. Затое ён вельмі разлічваў на накапленні Людмілы. І яна з радасцю іх уклала ў агульную справу, яшчэ і ў знаёмых пазычыла. “Бізнес” спачатку пайшоў угару, а потым аказалася, што мужчына жанаты. Навіну гэтую Людміла атрымала разам са станоўчым тэстам на цяжарнасць. Дабіў яе “каханы” тым, што з агульнымі грашамі адправіўся на адпачынак у Турцыю з чарговай “шчаслівіцай”. На аліменты жанчына не падавала. 

“Гэтыя капейкі, якія ён дасць з праклёнам, не прынясуць шчасця ні мне, ні сыну”, - упэўнена яна.

Але таксама Людміла Аўсянік жыве ў поўнай упэўненасці, што шматдзетныя сем’і маюць асаблівае права на дапамогу ад дзяржавы. Дапамаглі ёй з працаўладкаваннем на ВУ “Смаргоньгаз”, там як раз была вакансія прыбіральшчыцы. Прадпрыемства хадайнічала аб выдзяленні ёй і дзецям пакоя ў інтэрнаце. Пазней далі блок кватэрнага тыпу ў іншым будынку (згадзіцеся, з пяццю дзецьмі ў адным пакоі жыць цяжкавата). Жыць у інтэрнаце сям’я мела права, пакуль Людміла працавала на прадпрыемстве “Смаргоньгаз”. 

Але ў 2014 годзе яна адтуль звольнілася, аўтаматычна страціўшы права на карыстанне жылым памяшканнем. І яе маглі б выселіць, але ўмяшаліся спецыялісты аддзела адукацыі: дзецям нельга на вуліцу! Таму да гэтай пары сям’я жыве ў інтэрнаце. 

Нават нягледзячы на тое, што аднойчы райвыканкам ёй ужо выдзяляў грашовую дапамогу на пагашэнне запазычанасці па аплаце камунальных паслуг, а гэта амаль 2,5 тысячы рублёў, не ўлічваючы пені, якую ёй даравалі па рашэнні суда. Цяпер доўг назбіраўся яшчэ большы – каля сямі тысяч разам з пеняй. Жанчына настойвае, што аплачваць камунальныя паслугі не будзе прынцыпова: жыллёвыя ўмовы не адпавядаюць цане.

Сустрэцца з журналістамі “Светлага шляху” Людміла згадзілася не адразу. Дзеці таксама былі супраць. 

“Мама, толькі не журналісты! Ніякіх журналістаў! Асабліва са Смаргоні!” – чулася ў тэлефоне. Але Людміла ўсё ж запрасіла ў госці: “Мне хаваць няма чаго”. 

Дома нас сустрэлі Даша і Філіп. Дакладней, Даша, якая бачыць не хацела ніякіх журналістаў, ветліва ўсміхнулася і падышла знаёміцца. А Філіп ад хвалявання схаваўся з галавой пад коўдру, праўда, хутка адтуль заблішчэлі хітраватыя цікаўныя вочкі, а пасля хлапчук зусім асмялеў: расказаў пра фільм, які глядзеў да прыходу гасцей, і пазнаёміў з катамі – яшчэ трыма жыхарамі пакоя. 

Тым часам дамоў з вуліцы вярнуўся Дзімка і заўсміхаўся па-дзіцячы шчарбатым ротам, прыйшла з магазіна старэйшая Яна. Для сямейнай ідыліі не хапала толькі Іяланты – яна жыве і выхоўваецца ў сваёй хроснай у Маствілішках. Хросная маці з’яўляецца яе апекуном да канца мая гэтага года. Даша расказвае, чаму не хацела журналістаў у гасцях, асабліва Смаргонскіх (крыху нават крыўдна). Інфармацыя аб сям’і неяк раз была апублікавана ў мясцовым пабліку адной з сацыяльных сетак. Такой “славы” дзяўчынка больш не хоча: хто толькі не прайшоўся па сям’і самымі нядобрымі словамі. Дзеля справядлівасці заўважу, што рэпутацыя Людмілы сярод жыхароў Смаргоні сапраўды не з лепшых. Нават аднакласнікі Дашы сталі прапаноўваць ёй дапамогу адзеннем ці прадуктамі харчавання. 

“Вы ж бачыце, - амаль са слязьмі гаворыць яна, - мы добра апрануты, добра харчуемся, такія прапановы проста абражаюць!” 

Атрымаўшы абяцанне, што ніякія яе здымкі ў газету не трапяць, Даша супакойваецца і пераходзіць на дзявочыя тэмы: расказвае, што хацела б працаваць у МНС ці медсястрой, але з-за дрэннай вучобы яе мары наўрад ці спраўдзяцца. Дадае, што паспрабуе стаць кандытарам – гатаваць ёй таксама падабаецца. Лёгка пераскоквае з тэмы на тэму, плануе, які прыгожы камбінезон набудзе да летняга сезона. А Дзімка тым часам зноў збіраецца гуляць, а перад адыходам прапаноўвае мне цукерку.

Калі Дзімка збягае на вуліцу, Людміла працягвае размову. Расказвае, як здарылася, што аднойчы ў яе забралі ў прытулак дзяцей. Працу пасля звальнення яна знайшла ў Мінску – прыбірае дамы і кватэры. За гэта атрымлівае неблагія грошы. Каб паспець адпрацаваць больш гадзін – дамовілася аб наглядзе за дзецьмі з суседкай-пенсіянеркай. Намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Смаргонскага райвыканкама Марына Кавальская расказвае: 

“Мы прыходзім да Аўсянікаў, а дзеці адны. Суседка, якая павінна была за імі наглядаць, - нецвярозая. Што мы павінны былі зрабіць? Пакінуць, як ёсць, - нельга. Дзеці ж! Тэлефануем маме, просім прыехаць. Людмілу дачакаліся толькі праз суткі”. 

За той час, які дзеці жылі ў прытулку сацыяльна-педагагічнага цэнтра, узнікла яшчэ адна запазычанасць – па кампенсацыі дзяржаве затрачаных на гэта сродкаў. І зноў 888,98 рублёў Людміле “даравалі” рашэннем суда.

Дзіма і Філіп вучацца ва ўстанове адукацыі “Смаргонскі яслі-сад - пачатковая школа”. Мы не маглі не спытаць, што думаюць пря сям’ю педагогі. І дырэктар Юлія Удальева, і намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Алена Петух запэўнілі, што матэрыяльныя патрэбы дзяцей цалкам задаволены. Шмат разоў наведвалі работнікі сада сям’ю, заўсёды ў наяўнасці прадукты харчавання, адзенне, адпаведнае сезону. Маму ў стане алкагольнага ап’янення, як гэта нярэдка бывае, ніколі не бачылі. Аднак сама ж Людміла звярнулася да псіхолага і сацыяльнага педагога з просьбай паўплываць на псіхічны і маральны стан малодшых хлопчыкаў. Цяпер з імі праводзіцца пэўная работа, вынікі якой, прызнае Людміла, бачны. Яшчэ адна праблема – своечасовае праходжанне медагляду. Улетку, калі дзецям выдзелілі пуцёўку ў лагер, у паліклініку з імі хадзілі педагогі.

Спецыялісты ўпраўлення адукацыі райвыканкама паказваюць дакументы аб сумах адраснай сацыяльнай дапамогі, аказанай Людміле. За пяць гадоў яна склала больш за пяць тысяч рублёў. Нямала? Несумненна! Аднойчы шматдзетная маці нават не прыйшла атрымаць дапамогу, выдзеленую на школьнікаў перад пачаткам навучальнага года. Маўляў, капейкі там. 

“Капейкі – а гэта 120 рублёў – прыйшліся б дарэчы любой сям’і”, - мяркуе спецыяліст упраўлення Галіна Рацько. Але Людміле не столькі патрэбныя сродкі на штодзённыя выдаткі, колькі жыллё для сям’і: у ідэале сваё, але часова задаволіць і арэнднае.

Людміла не ўтойвае: дапамагалі і спецыялісты ўпраўлення адукацыі, і неаднаразова яна была на прыёме ў намесніка старшыні райвыканкама Генадзя Бычко. Ён падзяліўся сваім пунктам гледжання на прэтэнзіі Людмілы Аўсянік: 

“Думаю, гэтая сітуацыя – хутчэй не віна яе, а бяда. Колькі разоў жанчына трапляла ў недарэчнае становішча. Напрыклад, з купляй дома ў Ашмянскім раёне. Яна скарыстала на яго сродкі з дзяржаўнай падтрымкі, а потым заявіла, што дом не ў належным стане, таму дзяржава павінна дапамагчы яшчэ раз. А па законе такое права даецца толькі аднойчы. Для Людмілы Аўсянік нармальная практыка назапашваць доўг па аплаце камунальных паслуг, а потым чакаць дапамогі на яго аплату. І мы дапамагалі некалькі гадоў запар. Але цяпер яна афіцыйна беспрацоўная і страціла права на адрасную сацыяльную дапамогу”.

Патрабаванні некаторых інтэрнэт-СМІ аб выдзяленні сям’і Аўсянік жылля пракаментавалі і ў аддзеле ЖКГ Смаргонскага райвыканкама. Загадчык сектара ўліку і размеркавання жылля Святлана Нахамчык расказала, што сапраўды Людміла Аўсянік аднойчы звярталася з заявай на арэндную кватэру, звярнуўшы ўвагу спецыялістаў на колькасць дзяцей у сям’і. 

Але тут ільгота для шматдзетных не прадугледжана. Арэнднае жыллё даецца ім на агульных умовах. Тую кватэру, на якую прэтэндавала Людміла, заняла іншая сям’я на абсалютна законнай падставе. Дарэчы, больш з заявамі на атрыманне арэнднага жылля Людміла Аўсянік не звярталася, хоць інфармацыя аб свабодных кватэрах знаходзіцца ў агульным доступе на сайце і інфармацыйных стэндах райвыканкама. Прапаноўвалі ёй і купіць кватэру, і прыняць удзел у далявым будаўніцтве. 

Але з-за таго, што яна валодае домам, плошча якога 62,2 квадратных метраў, ільготны крэдыт не пакрые суму куплі або будаўніцтва, а сродкамі, каб аплаціць астатнія метры, сям’я не валодае. Ад дома, калі ён сапраўды не падыходзіць для пражывання, трэба пазбаўляцца, перад гэтым цалкам выплаціўшы крэдыт (сума для аплаты – каля тысячы долараў ЗША). Можна яго прадаць, але тады права на дзяржаўную падтрымку сям’я атрымае праз некалькі гадоў. А можна бязвыплатна перадаць сельскаму выканаўчаму камітэту. Тады такі тэрмін адсутнічае.

Як бачым, органы ўлады не застаюцца ўбаку ад праблем сям’і Аўсянік. Тым большае здзіўленне выклікаюць радкі з публікацыі сталічнай журналісткі аб тым, што чыноўнікі проста адфутбольваюць шматдзетную маці. Здаецца, некаторыя выданні проста знайшлі ў Людміле і яе сям’і зачэпку для выражэння, не пабаюся гэтага слова, аднабокай пазіцыі. Не будзем шукаць недакладнасці і неадпаведнасці ў іх публікацыях, а відавочных, паверце, многа нават для неспецыяліста. Сваю пазіцыю ў гэтым пытанні абазначыў Генадзь Бычко: 

“Яшчэ ў мінулым годзе на шэрагу сайтаў з’явілася інфармацыя аб Людміле Аўсянік. Мы намагаліся даць свае каментарыі, але іх проста не прапускалі мадэратары. Аўтары публікацый далі “гарачую” тэму для затраўкі – і зніклі. І ніхто з іх нават не пацікавіўся, якая работа сапраўды праводзіцца ў гэтым напрамку”.

Віялета ВОЙТКА. 

Поделиться:

0
Guest
Ребята, я вам вот что скажу: тут недавно несколько человек за "обосранную" корову получили по шапке. А тут многодетная мать с 5-ю детьми. Не играйте с огнём!
Имя Цитировать 0
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений