Пасяджэнне рэспубліканскага савета "Белая Русь" адбылося ў Залессі

Общество
10.11.2018 09:10
1286
9 лістапада ў Залессi, у зале музея-сядзібы М. К. Агінскага прайшло пасяджэнне рэспубліканскага савета грамадскага аб’яднання “Белая Русь”, у якім прыняў удзел і старшыня Смаргонскай раённай арганізацыі названай вышэй структуры, намеснік старшыні райвыканкама Генадзь Бычко. На пасяджэнні было разгледжана пытанне аб стратэгіі і тактыцы дзейнасці “Белай Русі” ва ўмовах сучасных палітычных  і сацыяльна-эканамічных выклікаў.

Белая Русь.jpg

Выступае старшыня рэспубліканскага грамадскага аб'яднання "Белая Русь" Генадзь ДАВЫДЗЬКА.


Старшыня РГА “Белая Русь” Генадзь Давыдзька адзначыў, што стратэгія дзейнасці арганізацыі была вызначана на III з’ездзе ў студзені гэтага года. Галоўным ідэалагічным стрыжнем па-ранейшаму застаецца арыентаванне на забеспячэнне грамадскай падтрымкі палітыкі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, супрацоўніцтва з органамі дзяржаўнай улады.  Значная работа была праведзена па вывучэнні стану спраў у арганізацыі і выпрацоўцы напрамкаў выкарыстання яе патэнцыялу.

“Наведванне рэгіёнаў, сустрэчы з актывам “Белай Русі” на ўзроўні раённых, пярвічных арганізацый дазволілі мне пераканацца ў тым, што грамадскае аб’яднанне добра структурыравана, дзейнічаюць ўнутрыарганізацыйная дысцыпліна і механізм узаемадзейнічання па вертыкалі і гарызанталі, наладжана супрацоўніцтва з органамі выканаўчай улады, - сказаў Генадзь Браніслававіч. - Сфарміраваны перспектыўны кадравы рэзерв арганізацыі, прадумана сістэма падрыхтоўкі і прасоўвання людзей па службовай лесвіцы, дзейнічае механізм узгаднення кандыдатур для выбрання на выбарныя пасады ў структуры “Белай Русі”.

Для аказання дапамогі грамадзянам у вырашэнні іх праблем дзейнічаюць 155 грамадскіх прыёмных, дзе на бясплатнай аснове можна атрымаць кансультацыю  юрыстаў ці адвакатаў. Грамадскія прыёмныя дапамага­юць падняць вострыя пытанні  перад органамі выканаўчай улады і вырашыць іх.

Шырокая сацыяльная даб­рачынная дзейнасць “Белай­ Русі” на месцах дазволіла заваяваць аўтарытэт  у насельніцтва, сфарміраваць імідж арганізацыі канкрэтных спраў. А іх на рахунку – тысячы. Гэта і ўручэнне стыпендый адораным дзецям, шэфства над сацыяльнымі ўстановамі, дапамога ў падрыхтоўцы дзяцей да школы, арганізацыя адукацыйных праграм для грамадзян “трэцяга ўзросту”, добраўпарадкаванне воінскіх пахаванняў, падрыхтоўка і правядзенне конкурсаў патрыятычнай і спартыўнай накіраванасці, іншых мерапрыемстваў. Толькі за першае паўгоддзе 2018 года на сацыяльныя дабрачынныя праекты са сродкаў арганізацыйных структур аб’яднання было выдаткавана 500 тысяч беларускіх рублёў.

“Белая Русь” не пакінула без увагі і правядзенне растлумачальнай работы сярод насельніцтва па важнейшых рашэннях, якія прымаюцца на дзяржаўным узроўні. Першым такім дакументам стаў дэкрэт №3 “Аб садзейнічанні занятасці насельніцтва”.  Прадстаўнікі гэтай грамадскай арганізацыі на ўсіх узроўнях увайшлі ў склад грамадскіх саветаў па садзейнічанні рэалізацыі дэкрэта. З мэтай фарміравання гістарычнай самасвядомасці беларусаў на падставе аб’ектыўнага вывучэння айчыннай гісторыі, а таксама захавання нацыянальнай памяці са жніўня гэтага года “Белая Русь” у супрацоўніцтве з нацыянальнай акадэміяй навук рэалізоўваюць праект аб Беларусі.

Генадзь Давыдзька адзна­чыў, што ГА “Белая Русь” працуе ў міжнародным напрамку, наладзіла ўзаемадзеянне з расійскімі грамадскімі арганізацыямі ў рамках Саюзнай Дзяржавы і ЕўрАзЭС. Вынікам гэтай работы стаў выпуск даведнікаў: правы грамадзян Саюзнай Дзяржавы Расіі і Беларусі, як адкрыць бізнес у Еўразійскім эканамічным саюзе, сацыялагічныя даследаванні беларускага малога і сярэдняга прадпрымальніцтва ў кантэксце еўразійскай інтэграцыі.

Заключана пагадненне аб супрацоўніцтве з Сусветным таварыствам даўгалецця, якое тычыцца работы з праектам па праблемах геранталогіі ў Беларусі. “Белай Руссю” распрацаваны праект аб аказанні дапамогі вельмі хворым людзям, якія знаходзяцца ў хоспісе.

Нядаўна запрацаваў новы сайт грамадскага аб’яднання “Белая Русь”, які дзякуючы сучаснай пляцоўцы і прафесійна падрыхтаванай камандзе можа фарміраваць аналітычны парадак дня, стане яшчэ адным інструментам ідэалагічнага ўплыву, а ў выпадку неабходнасці – палітычнай барацьбы.

У сучасных умовах ідэалагічная работа выніковая толькі тады, калі ў яе ўцягнуты лю­дзі не па пасадзе, а па духу, перакананнях, лічыць лідар “Белай Русі”. Але каб быць пераканаўчым у дыялогу з уладай, трэба гарэць самому, шчыра верыць у свае ідэалы.

“Падчас паездак па рэгіёнах і сустрэч з актывам, я не магу сказаць, што “Белая Русь” з’яўляецца маналітам, цэласнай, згуртаванай арміяй патрыётаў. Я назіраў у некаторых лідараў нават кіраўніцкую апатыю”, - сказаў Генадзь Браніслававіч. – Таму падчас справаздачна-выбарнай кампаніі, якая пройдзе ў першай палове 2019 года ў пярвічных, раённых арганізацыях, увага будзе звернута на падрыхтаваных, актыўных людзей, якія разумеюць праблемы канкрэтнага прадпрыемства, населенага пункта, карыстаюцца аўтарытэтам у землякоў. На чале раённай і пярвічнай арганізацыі ГА “Белая Русь” павінна быць асоба, да якой будуць прыслухоўвацца  і кіраўнік раёна, і кіраўнік прадпрыемства”.

Белая Русь2.jpg

Уважліва слухаюць свайго лідэра члены рэспубліканскага савета "Белай Русі".

Юрый ЯНУШКЕВІЧ.

Фота аўтара.


Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений