У цэнтры ўвагі «Кранаспан»

Общество
11.09.2015 08:26
951
На гэтым тыдні ў райвыканкаме адбылося грамадскае абмеркаванне ацэнкі ўздзеяння “Кранаспана” на навакольнае асяроддзе. У пасяджэнні ўдзельнічалі работнікі раённага выканаўчага камітэта, прадстаўнікі адміністрацыі названага вышэй замежнага прадпрыемства, грамадскасці.

Першы намеснік старшыні райвыканкама Ігар Шалудзін зачытаў калектыўнае пісьмо жыхароў вёсак Заблоцце, Сасноўка, Данюшава: “У раёне ўсталявалася неспрыяльная экалагічная сітуацыя. Праект пашырэння завода...
На гэтым тыдні ў райвыканкаме адбылося грамадскае абмеркаванне ацэнкі ўздзеяння “Кранаспана” на навакольнае асяроддзе. У пасяджэнні ўдзельнічалі работнікі раённага выканаўчага камітэта, прадстаўнікі адміністрацыі названага вышэй замежнага прадпрыемства, грамадскасці.

Першы намеснік старшыні райвыканкама Ігар Шалудзін зачытаў калектыўнае пісьмо жыхароў вёсак Заблоцце, Сасноўка, Данюшава: “У раёне ўсталявалася неспрыяльная экалагічная сітуацыя. Праект пашырэння завода выклікаў у нас абурэнне, бо, нягледзячы на некаторыя паляпшэнні, якія адбыліся пасля нашых папярэдніх зваротаў, “Кранаспан” па-ранейшаму моцна шуміць, у асноўным ноччу, і перыядычна робіць выкіды, ад якіх зыходзіць непрыемны пах. Напачатку жніўня каля вёскі Данюшава ўся Вілія была пакрыта шапкамі пены памерамі да паўметра ў вышыню і каля метра ў дыяметры. Пена, відавочна, не прыроднага ўтварэння. Мы занепакоены тым, што сітуацыя ў раёне вёсак, якія знаходзяцца непадалёку ад завода, зноў пагоршыцца, і пражыванне людзей тут стане немагчымым. Калі кампанія “Кранаспан” да цяперашняга часу не мела сродкаў для аховы навакольнага асяроддзя, то расшырэнне вытворчасці непазбежна прывядзе да экалагічнай катастрофы ў раёне. Мы не настолькі наіўныя, каб думаць, што нехта кампенсуе нам страты, звязаныя з пагаршэннем здароўя і немагчымасцю жыць у нашых дамах. У сувязі з гэтым звяртаемся да вас з катэгарычным пратэстам супраць пашырэння вытворчасці на названым вышэй прадпрыемстве. Некалькі дзясяткаў новых працоўных месцаў не вартыя таго, каб рызыкаваць спакоем і здароўем жыхароў раёна. Сродкі, якія ёсць у “Кранаспана”, мэтазгодна было б патраціць на ахоўныя збудаванні ўжо існуючага завода”.
Выконваючая абавязкі дырэктара замежнага таварыства з абмежаванай адказнасцю “Кранаспан” адзначыла, што смаргонская міжраённая лабараторыя аналітычнага кантролю кожны месяц замярае выкіды забруджвальных рэчываў у атмасфернае паветра. Згодна з атрыманымі данымі, яны не перавышаюць дапусцімых нарматываў. Гэта пацверджана пратаколамі замераў.
Аднак прадстаўніца грамадскасці, спасылаючыся на дакументальныя сведчанні, нагадала пра павышаны ўзровень выкідаў шкодных рэчываў на “Кранаспане” ў студзені гэтага года. Спецыяліст-эколаг завода пагадзіўся, што быў такі выпадак. Распачаты адміністрацыйны працэс, праводзіцца разлік памераў шкоды, прычыненай навакольнаму асяроддзю звышнарматыўнымі выкідамі.
Работніцы агрэгатнага завода паскардзіліся на тое, што ўжо некалькі гадоў не адчыняюць форткі ў службовых кабінетах з-за суседства з “Кранаспанам”. З невысокай трубы ідзе жоўты дым. Зімою снег становіцца такім жа жоўтым, аранжавым. Адна жанчына паведаміла, што ў яе пачалі слязіцца вочы, з’явілася алергія. Ад “кранаспанаўскага” шуму не выратоўваюць нават шчыльныя шклопакеты.
Дык што ж шуміць на “Кранаспане”? Як высветлілася, драбілкі і іншае тэхналагічнае абсталяванне. Шум чуваць нават у вёсках, якія знаходзяцца за два-тры кіламетры ад завода. Як сказала жыхарка адной з вёсак, жывеш нібыта каля аэрадрома. Таму нехта з прадстаўнікоў грамадскасці прапанаваў адміністрацыі “Кранаспана” ўстанавіць ахоўныя экраны. Дарэчы была б аўтаматызаваная сістэма кантролю за выкідамі шкодных рэчываў у атмасферу. Не засталіся па-за ўвагай фільтры, якія павінны быць на заводзе. Людзі цікавіліся, ці ўсе яны ёсць. У тым ліку і самы дарагі, які каштуе каля 5 мільёнаў долараў ЗША. Прадстаўнікі адміністрацыі замежнага прадпрыемства адказалі станоўча.
Мясцовую грамадскасць непакоіць, што ў Смаргоні распачнецца будаўніцтва завода па вытворчасці смол, аднак, як стала вядома, кіраўніцтва “Кранаспана” адмовілася ад рэалізацыі тут гэтага праекта і выбрала горад Магілёў. Там і ўзводзіцца хімічны завод.
Былі асобныя прэтэнзіі да кіраўніцтва “Кранаспана” ў начальніка гаррайінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Дзмітрыя Пахомава. У прыватнасці, яго цікавіла, чаму на прадпрыемстве адмаўляюцца збіраць і ачышчаць ліўневыя сцёкі.
Загадчыца раённай паліклінікі Ганна Пешкур паабяцала праводзіць аналіз захворваемасці жыхароў, якія жывуць у Заблоцці, Данюшаве, Маркоўцах, Рыбаках, Сасноўцы, Святлянах. Па яе словах, на “Кранаспане”, агрэгатным заводзе работнікі хварэюць не больш, чым на іншых прадпрыемствах.
Напрыканцы мерапрыемства першы намеснік старшыні райвыканкама Ігар Шалудзін адзначыў, што атрымаўся карысны дыялог. Усе патрабаванні, пажаданні, выказаныя падчас грамадскага абмеркавання ацэнкі ўздзеяння “Кранаспана” на навакольнае асяроддзе, былі запісаны ў пратакол камісіі. Каб у далейшым пазбегнуць крыватолкаў, адміністрацыі “Кранаспана” парэкамендавалі праз газету інфармаваць мясцовых жыхароў аб тым, што адбываецца на гэтым прадпрыемстве.

Юрый ЯНУШКЕВІЧ.


Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений