Людзі Смаргоншчыны: Эма Валянцінаўна Грышкевіч

Люди Сморгонщины
19.06.2015 08:59
864
Пацыенты, якім даводзілася звяртацца да тэрапеўта Эмы Валянцінаўны Грышкевіч, лічаць яе чалавекам вельмі душэўным, чулым, уважлівым. Ці не гэтыя якасці разам з прафесійнымі набыткамі ствараюць трывалы падмурак для даверу, на якім адбываецца ў хворых людзей аднаўленне здароўя, нараджаецца жаданне жыць якасна і паўнацэнна. Цёплыя словы лечаць іншы раз лепш, чым лекі. Першае, што кінулася ў вочы пры знаёмстве з Эмай Валянцінаўнай, – гэта інтэлігентнасць і сціпласць.
Изображение 033Менавіта інтэлігентная мяккасць (прашу не блытаць з мяккацеласцю) настройвае на адпаведны тон у стасунках з ёй, і ўжо немагчыма пазбавіцца жадання адпавядаць гэтай ненавязліва створанай яе абаяннем атмасферы, каб не разбурыць гармонію. Вось тут і паверыш у магію імені!

Між іншым, жаночае імя Эма мае шмат варыянтаў перакладаў з розных моў. Напрыклад, лацінскі варыянт – “каштоўная”, арабскі – “верная”, грэчаскі – “ласкавая”. Складальнікі гараскопаў сцвярджаюць, што Эмы – самыя клапатлівыя маці і цярплівыя жонкі. Усё вышэй напісанае адносіцца да гераіні гэтага аповеду, якая нара-дзілася і вырасла ў Смаргоні, тут закончыла сярэднюю школу №2, тут прыняла рашэнне паступаць у медыцынскі інстытут і вельмі лёгка паступіла з першага разу. Сюды пасля доўгага вандравання разам з мужам-афіцэрам па розных вайсковых гарнізонах яна вярнулася ў 1997 годзе. З таго часу і працуе участковым тэрапеўтам. Выбар прафесіі Эма Валянцінаўна звязвае з “поклікам продкаў”. Яе дзядуля па бацькавай лініі быў урачом. Жаданне быць патрэбнай людзям, дапамагаць ім, быць паважанай – ці не ў гэтым быў галоўны стымул пры выбары спецыяльнасці?

Эма Валянцінаўна ніколі не лічыла сваю прафесію цяжкай, хоць нагрузкі іншы раз былі празмерныя. Гэта сёння сем участкаў, якія абслугоўваюць сем участковых тэрапеўтаў. А калісьці было чатыры, і колькасць жыхароў на асобных урачоў дасягала трох тысяч. Цяпер даводзіцца проста час ад часу праводзіць прыём пацыентаў не толькі са свайго ўчастка па вул. Юбілейнай, але і наведвацца ў Вішнева, дзе няма пастаяннага ўрача. Але гэта не напружвае Эму Грышкевіч, ды і жыхары аграгарадка, на яе думку, вельмі прыемныя і добразычлівыя людзі.
Ураўнаважаная і спакойная, яна, здаецца, не ўмее злавацца. Можа гэтаму навучыла яе прафесія, можа жыццё.

А жыццё вартае гонару. Два сыны атрымалі вышэйшую адукацыю, адвучыліся ў магістратуры, аспірантуры. Працуе старэйшы біятэхнолагам, меншы – інжынерам-энергетыкам, заканчвае аспірантуру. Найперш бацькі вучылі сыноў самастойнасці. І ў гэтым зарука іх поспехаў і правільнасці выбару прафесій, якімі яны задаволены. Што яшчэ характэрна для ўсіх Грышкевічаў – яны ўмеюць быць удзячнымі і зберагаць добрую памяць пра ўсіх, хто дапамагаў, даваў веды, падтрымліваў. Таму з асаблівай удзячнасцю ўспамінаюць настаўнікаў СШ №2, педагогаў гімназіі, якую заканчвалі сыны.

Аднойчы на свой дзень нараджэння Эма Валянцінаўна атрымала ліст-віншаванне ад сваёй настаўніцы рускай мовы. Напісанае прыгожым каліграфічным почыркам пісьмо і сёння захоўвае жанчына як вялікі скарб, як слова на дарогу, у якім моцная вера ў сваю вучаніцу і жаданне маральна падтрымаць яе, натхніць на высакароднае служэнне людзям. Настаўніцы больш няма сярод жывых, але яе шчырыя пажаданні і сёння са-граваюць душу самага ласкавага доктара Смаргоншчыны.

Ала СТРАШЫНСКАЯ.
Фота Міхаіла РАЗУМНІКА.


Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений