Да сваіх людзей, да знаёмай справы

Люди Сморгонщины
20.06.2014 08:19
994
Нельга ўвайсці двойчы ў адну раку – такое філасофскае сцвярджэнне прымаецца звычайна як аксіёма. Калі разумець у прамым сэнсе, то сапраўды нельга. Калі ж вобразна, у сэнсе пераносным – то можна. І Міхаіл Іванавіч НАЙДЗІЧ – былы галоўны інжынер РУП ЖКГ, а затым начальнік ДРБУ-134 зрабіў нядаўна такі крок, прыняўшы...

Нельга ўвайсці двойчы ў адну раку – такое філасофскае сцвярджэнне прымаецца звычайна як аксіёма. Калі разумець у прамым сэнсе, то сапраўды нельга. Калі ж вобразна, у сэнсе пераносным – то можна. І Міхаіл Іванавіч НАЙДЗІЧ – былы галоўны інжынер РУП ЖКГ, а затым начальнік ДРБУ-134 зрабіў нядаўна такі крок, прыняўшы на сябе ўсю паўнату адказнасці за калектыў і надзённыя справы камунальнікаў. Распараджэннем старшыні райвыканкама ад 19 мая гэтага года ён прызначаны на пасаду дырэктара раённага ўнітарнага прадпрыемства “Жыллёва-камунальная гаспадарка”.


- Як Вы ўспрынялі прапанову ўзначаліць шматлікі новы калектыў?
- Калектыў, па сутнасці, для мяне не новы, бо яшчэ адносна нядаўна амаль тры гады працаваў тут галоўным інжынерам. Добра ведаю кіраўнікоў усіх асноўных падраздзяленняў і службаў, спецыялістаў сярэдняга звяна, вельмі многіх простых, радавых работнікаў. Гэта дысцыплінаваныя, адказныя людзі, добрасумленныя працаўнікі. У калектыве іх – пераважная большасць. Таму і хвалявання моцнага не было, калі прапанавалі гэтую пасаду. Таму і пагадзіўся, што ўпэўнены: разам, як кажуць, адзінай камандай мы здольны нармальна вырашаць свае надзённыя задачы, паляпшаць якасць камунальных паслуг жыхарам Смаргоншчыны.
- Надзённыя задачы, гэта?..
- Гэта перш за ўсё добрая, якасная падрыхтоўка камунальнай гаспадаркі да зімы. Трэба замяніць новымі трубамі не менш 10 кіламетраў цепласетак, правесці неабходны рамонт і замену абсталявання на ўсіх гарадскіх і сельскіх кацельнях, прамыўку і гідраўлічныя выпрабаванні вонкавых цепласетак і сістэм ацяплення спажыўцоў, выканаць рамонт і прафілактычнае абслугоўванне водаправодна-каналізацыйных сетак і калектараў.
Ажыццяўляецца шэраг эфектыўных мерапрыемстваў па праграмах энергазберажэння і мадэрнізацыі, паляпшэння ўмоў працы і побыту на вытворчых участках і ў падраздзяленнях ЖКГ.
Не спыняецца і будзе прадаўжацца работа па добраўпарадкаванні Смаргоні і аграгарадкоў. Словам, як традыцыйна раней, так і цяпер, так і надалей было і застаецца нашай надзённай задачай захоўванне сацыяльных стандартаў жыллёва-камунальных паслуг і паляпшэнне іх якасці, усталяванне чысціні і парадку ў дварах і на вуліцах, дамах і кватэрах гараджан і вяскоўцаў.
- Міхаіл Іванавіч, не сакрэт, што цяперашняя сітуацыя ў жыллёва-камунальным комплексе краіне даволі няпростая, дакладней сказаць, напружаная. Старэюць жыллёвы фонд і вытворчыя аб’екты, абасталяванне і камунікацыйныя сеткі, што не гарантуе іх надзейную эксплуатацыю, павялічваюцца невытворчыя страты і сабекошт паслуг, расце запазычанасць насельніцтва і суб’ектаў гаспадарання перад камунальнікамі. Карацей кажучы, галіна ЖКГ патрабуе ўзважанага, разумнага рэфармавання. У гэтай сувязі што, на Ваш погляд, можна змяніць да лепшага на мясцовым узроўні, якія праблемныя пытанні застаюцца пакуль што нявырашанымі?
- Жыллёва-камунальная гаспадарка – сама па сабе спецыфічная і даволі складаная галіна сацыяльна-вытворчага комплексу раёна. І гэта спецыфіка, і пэўныя аб’ектыўныя прычыны ды акалічнасці ставяць перад нашым калектывам шэраг злабадзённых пытанняў і праблем матэрыяльна-тэхнічнага, фінансава-эканамічнага і іншага парадку, вырашаць якія даволі няпроста. Але галоўнае ў тым, што як раней, так і цяпер з увагай і разуменнем ставіцца да гэтых праблем і дапамагае вырашаць іх наша мясцовая ўлада, асабіста старшыня райвыканкама Мечыслаў Браніслававіч Гой.
Матэрыяльна-фінансавую падтрымку аказвае і абласное ўпраўленне ЖКГ. Але разлічваць і спадзявацца трэба найперш на свае сілы. Тым больш, што рэальна ёсць яшчэ значныя нявыкарыстаныя рэзервы на важнейшых участках і напрамках работы. Кожнаму інжынерна-тэхнічнаму работніку пастаўлена задача эфектыўна выкарыстоўваць іх, творча шукаць новыя.
Што датычыць рэфармавання сістэмы ЖКГ, то лічу, што на мясцовым узроўні, у раёнах, усе падраздзяленні, участкі і службы гэтай сферы дзейнасці трэба аб’яднаць у адзіны цэльны комплекс, у адзіны суб’ект гаспадарання з адносна невялікай камандай высокапрафесійных спецыялістаў-упраўленцаў. І мой асабісты вопыт, і само жыццё падказваюць, што гэта будзе правільны, карысны крок насустрач практычна кожнаму чалавеку, карыстальніку паслуг жыллёва-камунальнай гаспадаркі.


Гутарыў Іван ЛАЗУТА.
Фота Міхаіла РАЗУМНІКА.


Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений