Як запальваюцца зоркі

Люди Сморгонщины
11.10.2019 08:10
495
У мінулым нумары газеты “Светлы шлях” быў надрукаваны матэрыял пра Васіля Макаравіча Тамашэўскага, былога настаўніка матэматыкі Суцькаўскай школы. Асоба героя артыкула ўражвала з першых радкоў. Немагчыма было застацца абыякавым да настаўніцкай постаці Макаравіча – чалавека-зоркі, што нязгасна ззяла на школьным небасхіле і нястомна запальвала сабой іншыя свяцілы.

IMG_3637.JPG

- Я стала настаўнікам матэматыкі дзякуючы прыкладу майго настаўніка матэматыкі Васіля Тамашэўскага, - скажа падчас нашай гутаркі Ніна Бацько, настаўніца гімназіі. І яе аповед пра сябе будзе наскрозь прасякнуты ўдзячнасцю свайму педагогу. А я ў сваю чаргу ўпэўнена, што і ён не з меншымі цеплынёй і захапленнем расказаў бы пра сваю здольную і старанную вучаніцу, якая прагна ўбірала ўсё, чаму вучыў настаўнік, каб праз гады шчодра падзяліцца гэтым са сваімі вучнямі.

З трапяткім пачуццём Ніна Бацько расказвае яшчэ пра аднаго свайго “настаўніка” матэматыкі – дзядулю. Працаваў ён млынаром. У вылічэннях быў добра спрактыкаваны. Бачачы здольнасці ўнучкі, заўсёды знахо­дзіў час, каб пазаймацца з ёю і парашаць тэкставыя задачы, змест якіх часцей прыдумваў сам. Ніна Васільеўна і сёння памятае задачы пра прывезеныя на млын збожжа і мяхі з мукой.

Ніна Васільеўна – настаўніца з больш як 40-гадовым стажам. Пасля заканчэння Гродзенскага педінстытута выпускніца была размеркавана ў родную Суцькаўскую школу. Там адпрацавала 5 гадоў, а ў 1981-м перайшла ў цяперашнюю гімназію, якая ў той час была звычайнай школай. Настаўніца і сёння памятае сваіх першых вучняў, свой першы выпуск. Тым вучням цяпер ужо амаль па 50 гадоў, але яны заўсёды рады сустракаць сваю выкладчыцу ў горадзе, прыгадваць мітуслівыя школьныя гады.

Педагогіка для Ніны Васільеўны – гэта больш, чым праца. Ідучы па педагагічнай сцяжыне, яна знайшла сябе, а таксама знайшла чалавека, з якім выпала крочыць разам па жыцці: будучы муж Валерый Уладзіміравіч таксама вучыўся ў педінстытуце. Муж і жонка разам пачыналі сваю педагагічную дзейнасць у Суцькаўскай школе. Валерый Бацько спачатку быў выкладчыкам, а пазней працяглы час узначальваў упраўленне адукацыі. Педагагічныя вузы таксама скончылі дзеці Ніны і Валерыя Бацько.

За доўгія гады працы Ніна Бацько ні разу не расчаравалася ў выбары прафесіі, не пашкадавала, што выбрала такі шлях. Жанчына расказвае, што пакаленні мяняюцца, і з кожным годам у школу прыходзяць усё новыя і новыя вучні. Дамаўляцца з імі не заўсёды проста, але калі выкладаеш прадмет з задавальненнем, калі бачыш у дзецях сяброў і паплечнікаў, яны абавязкова адкажуць узаемнасцю. Ніна Васільеўна прыгадвае, што не­аднойчы падбіраліся такія класы, у якіх дзеці пасля званка з урока неахвотна ішлі на перапынак: хацелася яшчэ рашыць хоць адну задачку, хоць адно ўраўненне. Настаўніцу заўсёды цешыла цяга вучняў да прадмета. І яна імкнулася зрабіць усё магчымае, каб таленавітыя вучні не змарнавалі свае здольнасці, каб кожны рос, развіваўся, і каб уласным светам змог запальваць іншых.

Таццяна ЧАРНЯЎСКАЯ.

Фота аўтара.


Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений