Дырэктар гасцініцы “Смаргонь” Ніна Жабінская: Гасцініца трымае марку…

Люди Сморгонщины
14.03.2019 14:36
884
Да 75-годдзя станаўлення Гродзенскай вобласці

Гродно.jpg

Фота прадастаўлена «Гродзенскай праўдай».


5 сакавіка ў Гродзенскім аблвыканкаме прайшоў урачысты прыём, прысвечаны Дню жанчын. Традыцыйна туды запрашаюцца жанчыны, якія ўнеслі найбольшы ўклад у развіццё вобласці. Смаргонскі раён на гэтым прыёме прадстаўляла Ніна Жабінская (у першым радзе чацвёртая злева), дырэктар унітарнага прадпрыемства па аказанні паслуг “Гасцініца “Смаргонь”.

Ніна Барысаўна працуе на сваім месцы другі год. За гэты час гасцініца паступова мяняецца і харашэе. Пазітыўныя змены пачалі з таго, што патрабавала найбольшай увагі: рамонту жылых нумароў. Новы воблік атрымалі ўсе пакоі на шостым і сёмым паверхах, а таксама два – на восьмым. Попыт на нумары павышанай камфортнасці велізарны. Ды і чыстыя, прыгожа адрамантаваныя адна-, двух- і трохмесныя пакойчыкі не пустуюць. Тут селяцца камандзіраваныя ў Смаргонь службовыя асобы, супрацоўнікі некаторых прадпрыемстваў, спартсмены, госці, якія прыязджаюць у Смаргонь на вяселлі і іншыя ўрачыстасці, замежныя і беларускія турысты.

Вельмі важна, заўважае Ніна Барысаўна, дагадзіць гасцям, пакінуць добрае ўражанне. Калі нашы паслугі іх не задаволяць – яны стануць кліентамі гасцініц у Ашмянах ці Астраўцы. Але практыка паказвае, што многія з прыезджых становяцца пастаяннымі кліентамі гасцініцы “Смаргонь”. Вялікую ролю ў гэтым адыгрывае якаснае харчаванне. І работнікі гасцінічнага кафэ “Праванс” гатовыя яго забяспечыць. Штораніцы павары рыхтуюць каля 40 сняданкаў, гатуюць для жыльцоў таксама абеды і вячэры. І стараюцца знайсці індыві­дуальны падыход да кожнага: праводзяць апытанні, анкетаванні, каб даведацца, якія стравы даспадобы гасцям. Бываюць тут і прынцыповыя моманты: напрыклад, грамадзянам Турцыі або Ірана свініну не падасі: не тое што есці не будуць, нават смяротна абразяцца. У спартсменаў свае патрабаванні да меню, у іх часта спецыяльная дыета. І гэта стараюцца ўлічваць. Да таго ж, кафэ палюбілася гараджанам. Многія забягаюць сюды на абедзенны перапынак. Супрацоўнікі кафэ нават запомнілі стравы, якія палюбіліся пастаянным кліентам.

Гостиница-Сморгонь-1.JPG

Гасцінічны пакой.

Гостиница-Сморгонь-2.JPG

Кухня ў гасцінічным нумары.


Не дзіва, што рэнтабельнасць прадпрыемства штогод расце. І гэта дазваляе планаваць нешта новае. Сёлета ў планах поўнасцю адрамантаваць пяты паверх, абуладкаваць там утульныя нумары, бытавыя памяшканні, пакой адпачынку для супрацоўнікаў. Патрабуюць рамонту рэсепшн і ганак. Пасля пятага паверха на чарзе трэці і чацвёрты. Вельмі хочацца Ніне Жабінскай прывесці ў парадак фасад гасцініцы, зрабіць зону адпачынку звонку, гэтыя пытанні таксама чакаюць свайго часу.

Ніна Барысаўна адзначае, што ўсіх гэтых дасягненняў не было б, каб не яе падначаленыя. Каманда падабралася проста адмысловая. Лёгкія на пад’ём, гатовыя ў любы час падмяніць адно аднаго, поўныя ідэй і энтузіязму. Марку трымаюць усе разам!

Віялета ВОЙТКА.

Фота аўтара.

Поделиться:

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений