Аляксандр Лях. Тонкасці прафесіі аўтамабіліста

Люди Сморгонщины
18.02.2019 14:36
463
Парою чалавек плануе адно, але жыццё ўносіць свае карэктывы. Аляксандр Лях паступіў у тэхнікум, потым яго прызвалі ў армію. Служыў у аўтамабільнай роце, але не вадзіцелем. Хаця знаходжанне каля тэхнікі навяло на думку: а чаму б і не стаць ім. Юнак адчуваў, што ў яго ёсць цяга да гэтай прафесіі. Але пасля армейскай службы трэба было заканчваць тэхнікум, працаваў некалькі гадоў майстрам на “Смаргоньсілікатабетоне”, потым – на льнозаводзе. І хаця Аляксандр Лях быў кіраўніком сярэдняга звяна, але яго ўсё роўна цягнула сесці за руль грузавога ці іншага аўтамабіля.

Александр Лях.jpg

Мужчына паступіў у аўташколу на платныя курсы, атрымаў вадзіцельскае пасведчанне катэгорыі “С” і прыйшоў уладкоўвацца на працу ў аўтапарк №17. Яго аформілі вадзіцелем грузавіка. Працаваў на аўтамашыне нямнога. Потым кіраўніцтва аўтапарка накіравала Аляксандра Ляха на вучобу ў Гродна, дзе ён атрымаў катэгорыю “Д”.

Аляксандру Віктаравічу адразу ж далі старэнькі аўтобус “ПАЗ”, прыйшлося везці яго на капітальны рамонт у Барысаў. Потым мужчына вымыў, вычысціў “ПАЗік”, і ён выглядаў, як новы.

Пазней Аляксандр Лях вазіў пасажыраў на ЛАЗе, ЛіАЗе. У апошнім аўтобусе была ненадзейная аўтаматычная каробка пераключэння перадач. Прыйшлося замяніць яе на механічную.

Вельмі камфартабельным у савецкі час быў венгерскі аўтобус “Ікарус”. На ім Аляксандр Віктаравіч адпрацаваў 20 гадоў. Калі гэту тэхніку спісалі, вадзіцелю прапанавалі “Нёман”. Лях вычысціў яго, бо не любіць брудных аўтамабіляў, але папрацаваць, можна сказаць, не прыйшлося: неўзабаве аўтапарк атрымаў новы аўтобус МАЗ.

Аляксандр Лях і Іван Насура працуюць разам ужо 7 гадоў. Аляксандр Віктаравіч хваліць свайго напарніка. Адказны, працавіты чалавек. Калі знаходзіцца на выхадным, а Лях рамантуе ў гэты дзень аўтобус, то тэлефануе і прапаноўвае сваю дапамогу. Адным словам, не напарнік, а сапраўдны сябар.

“Трэба любіць сваю работу, - лічыць вадзіцель Аляксандр Лях. – І шчасце ў тым, каб хацелася ісці на працу, з задавальненнем вяртацца дамоў. Я ўжо на пенсіі, але працую, кіраўніцтва аўтапарка падаўжае са мною кантракт. Значыць, спраўляюся са сваімі працоўнымі абавязкамі”.

За 36 гадоў работы ў аўтапарку Аляксандр Лях абучыў тонкасцям прафесіі нямала маладых вадзіцеляў, быў для іх настаўнікам. Сам першакласны вадзіцель, аб чым сведчаць граматы, значкі за безаварыйную работу.

Юрый ЯНУШКЕВІЧ.

Фота аўтара.

Поделиться:

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений