Людзі Смаргоншчыны: Марыя Грывіцкая

Люди Сморгонщины
01.02.2019 16:06
608
На юбілей да Марыі Грывіцкай сабраліся былыя сельсавецкія работнікі. Павіншаваць віноўніцу ўрачыстасці прыехалі старшыня Сінькоўскага сельвыканкама Сяргей Пачыкоўскі і Уладзіслава Аўчыннікава, якая ўзначальвае мясцовую ветэранскую арганізацыю.

Пасля таго, як Сяргей Антонавіч уручыў Марыі Міхайлаўне падарунак і сказаў ёй некалькі цёплых слоў, пра жыццёвы і працоўны шлях гэтай прывабнай, нягледзячы на ўзрост, сціплай і добразычлівай жанчыны, пачала распавядаць Уладзіслава Адольфаўна. Яна адзначыла, што быць карыснай для лю­дзей – сэнс жыцця для  Марыі Міхайлаўны, якая ўсё жыццё разам з тымі, хто мае патрэбу ў дапамозе. І чалавечая дабрыня заўсёды вяртаецца да яе. Страта бацькоў, сёстраў, брата, мужа не зламала гэтую стойкую, але на выгляд кволую жанчыну. Побач з ёю заўсёды родныя, добрыя суседзі, сябры.

Мария Гривицкая.jpg

Марыя Грывіцкая родам са Шчучынскага раёна, з вялікай сям’і, дзе было 12 дзяцей. 

“Дзяцінства сваё не назаву лёгкім, але бацькі мелі вялікую гаспадарку, трымалі дзве каровы, гадавалі па шасцёра свіней, былі куры. Мама вельмі добра шыла, таму мы, дзеці, хадзілі ў абноўках. Яны былі пашыты са звычайнага паркалю, але мелі прыгожае аздабленне каўнерыкаў, манжэтаў. Асабліва модна выглядала наша адзенне, калі мы былі ў старэйшых класах. Памятаю, падчас маёй вучобы ў тэхнікуме мама пашыла мне зімовае паліто. А яшчэ яна навучала швейнай справе іншых аднавясковак, мела па пяць-шэсць вучаніц”.

Сям’я, у якой жыла Марыя, была дружная і складалася з 16 чалавек, бо разам з бацькамі і дзецьмі ў адной хаце жылі бабуля з дзядулем. Яны былі вельмі добрымі. Усе неяк ужываліся, не сварыліся.

Не толькі дарослым, але і дзецям хапала работы: рвалі лён, нарыхтоўвалі сена. Траву касілі на балоце, выносілі яе на сухое месца, сушылі.

У сям’і Марыіных бацькоў дзеці заўсёды хадзілі чыстыя, акуратныя, дома панавала чысціня. У кожнага дзіцяці былі свае абавязкі. За сабою ніхто нічога не пакідаў. Старэйшыя даглядалі малодшых.

Раней нашмат было весялей, чым цяпер, бо дзеці не сядзелі дома, а бавілі час на дварэ.  Вясковыя дзяўчаты збіраліся вечарамі разам. Старэйшая сястра Марыі грала на баяне, і да 4 га­дзін раніцы разносіліся песні па наваколлі. Хадзілі на танцы.

“Весела было, - узгадвае гады свайго юнацтва Марыя Грывіцкая. Збіраемся на танцы, туфлі ў рукі і басанож. Прыйшлі да клуба, памылі ногі, надзелі туфлі. Іх бераглі. Кожная дзяўчына ведала: насіць школьную форму ці туфлі трэба так, каб не папсаваць нічога, бо на наступны год гэта адзенне і абутак дастануцца малодшай сястры. Было такое, што па трое і чацвёра дзяцей насілі адно і тое ж адзенне”.

Пасля заканчэння Навагрудскага сельскагаспадарчага тэхнікума Марыю Грывіцкую размеркавалі на працу ў Смаргонскі раён, прызначылі загадчыкам вытворчага ўчастка ў Цярэшкі. Мясцовасць для дзяўчыны была непрывычная – гарыстая, а ў Шчучынскім раёне, на яе малой радзіме, раўнінная.

Неўзабаве пачалося ўзбуйненне гаспадарак – да калгаса імя Дзяржынскага далучылі “Маяк” і “Барацьбіт за мір”. Марыя Грывіцкая адпрацавала 14 гадоў і потым захварэла, ёй зрабілі аперацыю і сказалі, што нельга мець справу з хіміяй. Жанчыну ўзялі на працу ў сельсавет, адтуль перавялі ў райвыканкам, была землеўпарадкавальнікам, абслугоўвала Залескі і Сінькоўскі сельсаветы. І цяпер памятае, у каго колькі зямлі каля хаты.

З будучым мужам Марыя Грывіцкая пазнаёмілася, калі працавала ў гаспадарцы. Ён там быў трактарыстам. Неўзабаве маладыя людзі пажаніліся, крыху пажылі ў мужавых бацькоў, а потым пачалі будаваць сваю хату ў Даўбучках. Была магчымасць атрымаць жыллё ў Сіньках, але гаспадар не захацеў пераязджаць туды.

У сям’і нарадзілася трое дзяцей. Яны ўжо дарослыя і маюць свае сем’і. Сын Міша працуе вадзіцелем. Дачка Марына скончыла прыватны фінансавы інстытут. Яна бухгалтар на “Смаргонскіх малочных прадуктах”. Яшчэ ў адной дачкі Наташы за плячыма Гродзенскі аграрны ўніверсітэт. Ёй выпала прадоўжыць маміну справу, стала землеўпарадкавальнікам.

Дзеці пастаянна прыязджаюць да маці, прывозяць унукаў. Дом тады напаўняецца рознагалоссем, як у вялікай сям’і. У такой, дзе некалі жыла ў дзяцінстве Марыя Грывіцкая і дзе панавалі адказнасць, шчырасць і ўзаемапавага. Юбілей Марыі Міхайлаўны таксама стаў добрай нагодай, каб у бацькоўскай хаце сабралася маладое пакаленне Грывіцкіх з падарункамі, пажаданнямі здароўя, шчасця і доўгіх гадоў жыцця жанчыне, якая з’яўляецца для іх цудоўнай маці і клапатлівай бабуляй.

Юрый ЯНУШКЕВІЧ.

Фота аўтара.

Поделиться:

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений