Людзі Смаргоншчыны: Віктар ДАМУЦЬ

Люди Сморгонщины
25.01.2019 07:53
1042
У раённым следчым аддзеле ўрачыста правялі на пенсію былога начальніка гэтага падраздзялення Віктара Дамуця. У мерапрыемстве прыняў удзел начальнік упраўлення Следчага камітэта па Гродзенскай вобласці Алег Шандаровіч. Ён, у прыватнасці, адзначыў, што Віктар Вікенцьевіч прайшоў варты службовы шлях, значную частку свайго жыцця аддаў следству, некалькі гадоў быў начальнікам Астравецкага райаддзела міліцыі. Службовую дзейнасць пачаў у Смаргоні і вярнуўся сюды з Ашмян, дзе ўзначальваў раённы аддзел Следчага камітэта. Таму, як сказаў Алег Станіслававіч, добра вядомы ў паўночным рэгіёне Гродзенскай вобласці.

Виктор Дамуть.jpg

Віктар ДАМУЦЬ (у цэнтры) з пенсійным пасведчаннем, якое яму ўручыў начальнік упраўлення Следчага камітэта па Гродзенскай вобласці Алег ШАНДАРОВІЧ.


Віктар Дамуць быў настаўнікам многіх маладых супрацоўнікаў. Дарэчы, першая прафесія ў яго грамадзянская, скончыў педагагічны інстытут, а падчас службы ў міліцыі – акадэмію Міністэрства ўнутраных спраў.  Мае багаты жыццёвы і службовы вопыт, якім дзяліўся з калегамі.

Начальнік абласнога ўпраўлення Следчага камітэта Алег Шандаровіч падзякаваў Віктару Дамуцю за службу, падкрэсліў, што на грамадзянцы толькі пачынаецца жыццё, і ўручыў яму пенсійнае пасведчанне, а разам з ім ад упраўлення, афіцэрскага сходу ў якасці падарунка – паруснік, на якім быў змешчаны надпіс: “Вялікаму караблю – вялікае плаванне”.

Віктар Дамуць падзякаваў за добрыя словы і падарунак, а таксама за сумесную службу, адзначыў, што на грамадзянцы ў яго будзе магчымасць заняцца справамі, на якія падчас службы ў праваахоўных органах не хапала часу. Аказваецца, ёсць іншае, больш спакойнае жыццё. А супрацоўнікам раённага аддзела Следчага камітэта Віктар Вікенцьевіч пажадаў поспехаў і ўдачы.

На службу ў міліцыі Віктар Дамуць прыйшоў у сярэдзіне 90-х гадоў. Напачатку быў супрацоўнікам інспекцыі па справах непаўналетніх, а потым здольнасці маладога афіцэра заўважыў тагачасны намеснік начальніка РАУС па следству Валерый Тарасенка і прапанаваў яму паспрабаваць сябе ў следчай справе. Некалькі гадоў Віктар Дамуць працаваў следчым, потым старшым следчым, быў началь­нікам следчага аддзялення, намеснікам начальніка райаддзела міліцыі па следству, курыраваў дзейнасць следства і дазнання.

Потым Віктару Дамуцю прапанавалі пасаду начальніка Астравецкага райаддзела міліцыі. Прабыў на ёй тры гады, а потым пераехаў у Ашмяны, быў намеснікам начальніка РАУС па следству. А калі ў 2011 годзе стварылі Следчы камітэт, узначаліў у Ашмянах яго раённае падраздзяленне. У 2017 годзе перавёўся начальнікам Смаргонскага аддзела Следчага камітэта. І напрыканцы мінулага года, пасля заканчэння кантракту, пайшоў на заслужаны адпачынак па ўзросце.

“Акуратны, тактоўны, спакойны, ураўнаважаны, ніколі не павышаў голасу. Заўсёды выслухае, выкажа свой пункт погляду, параіцца ў выпадку неабходнасці, не прымаў неабдуманых рашэнняў, - сказаў пра Віктара Дамуця намеснік начальніка Смаргонскага следчага аддзела Віталь Раманоўскі. – Падказваў, дапамагаў падначаленым, накіроўваў іх работу, каб супрацоўнікі паказвалі добрыя вынікі. Сам быў узнагароджаны медалём “За бездакорную службу”.

Юрый ЯНУШКЕВІЧ.

Фота аўтара. 


Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений