Марыя Лышчык. Адна справа – тэорыя і зусім іншая – практыка

Люди Сморгонщины
11.01.2019 08:35
528
Марыя Лышчык добра памятае, як яе бабуля пякла хлеб. У хаце стаяў вельмі прыемны, своеасаблівы пах, які адрозніваўся ад іншых хлебных пахаў. Папярэдне рыхтавалася печ. Для выпечкі хлеба выкарыстоўвалася кляновае лісце. Боханы былі вялікія. Іх пяклі адзін раз на тыдзень, а то і радзей. А пірагі – толькі па святах.

Калі дзяўчыне прыйшла пара паступаць, бацькі парэкамендавалі ёй недалёкае Маладзечна, дзе быў політэхнічны тэхнікум. Выбрала сабе спецыяльнасць і падала дакументы. Здала экзамены па рускай мове і матэматыцы, пачала вучыцца. Навука давалася лёгка. Падчас выпуску і далейшага працаўладкавання юнакі і дзяўчаты звярталі ўвагу на тое, ці будзе прадастаўлены інтэрнат і якія пасады прапануе наймальнік. У Мінску ў асноўным прапаноўвалі рабочыя спецыяльнасці, але там забяспечвалі жыллём. У Гродне на хлебазаводзе была вакантная пасада зменнага тэхнолага, і таксама давалі інтэрнат. І Марыя Лышчык паехала ў гэты горад.

IMG_6090.jpg

Працавала зменным тэхнолагам і адначасова асвойвала вытворчасць, вывучала кожную дэталь тэхналагічнага абсталявання. Вядома ж, дзяўчына прайшла стажыроўку. Але адна справа – тэорыя і зусім іншая – практыка. Цяпер, бываючы ў Гродне, Марыя Іванаўна сустракаецца са сваімі былымі калегамі, узгадвае гады маладосці, праведзеныя тут.

Без адрыву ад вытворчасці Марыя Іванаўна скончыла Маскоўскі ўсесаюзны інстытут харчовай прамысловасці, працавала майстрам, начальнікам цэха, намеснікам генеральнага дырэктара па якасці. Потым яе запрасілі на працу ў Смаргонь, дзе будаваўся новы хлебазавод. Дырэктар гэтага прадпрыемства Уладзімір Каляснёў, прыязджаючы ў Гродна, гаварыў пра будаўніцтва жылля, што можна вельмі хутка атрымаць кватэру. І хаця ў Марыі Іванаўны на той час была двухпакаёўка ў Гродне, але яна вырашыла паехаць на Смаргоншчыну, адкуль родам, дзе жывуць яе бацькі, сваякі. Сабралася ў дарогу не адна, да яе далучыліся іншыя калегі, ехалі цэлай камандай.

На новым месцы было цяжка, але цікава

Прыйшлі на будуемы хлебазавод, а тут непачаты край работы, паколькі манціравалася тэхналагічнае абсталяванне. У нядаўна пабудаваным адміністрацыйным корпусе, пакуль яшчэ не былі гатовыя кабінеты, у зале для пасяджэнняў на першым часе размясціліся дырэктар, галоўны бухгалтар і кладаўшчык. Напачатку прыезджыя спецыялісты жылі ў інтэрнаце. Можна сказаць, толькі начавалі, бо ўвесь астатні час прападалі на рабоце. Якраз настаў пусканаладачны перыяд. Не ўсё атрымлівалася так, як хацелася, хапала нервознасці. Але кожны дзень было нешта новае, па чарзе ўводзілі ў эксплуатацыю тэхналагічнае аб-сталяванне.

Марыя Лышчык лічыць, што работа – гэта пастаянны пошук. Каб прагрэсіраваць, трэба нечым цікавіцца. На той час на хлебазаводзе арганізоўвалі курсы павышэння кваліфікацыі, творчыя паездкі. Работнікі бывалі ў Маскве, Ленінградзе, на курсах, семінарах, канферэнцыях. У Мінску працавала галіновая лабараторыя. У Гродне была цэнтральная для хлебазаводаў вобласці. Адтуль паступалі рэкамендацыі, новыя рэцэптуры. Калі ўзнікалі рабочыя пытанні, завадчане тэлефанавалі ў Гродна.

На Смаргонскім хлебазаводзе пачыналі з простага хлеба, потым, з развіццём тэхналогій, выпякалі хлеб з выкарыстаннем тэрмафільных альбо малочна-кіслых заквасак. Ён меў спецыфічны, малочны пах. Начальнік вытворча-тэхналагічнай лабараторыі Марыя Лышчык ездзіла знаёміцца з новымі тэхналогіямі ў Гродна, Мінск. Іх роданачальнікам быў сталічны хлебазавод №2. А на Гродзеншчыне першымі ўкаранілі закваскі ў вытворчасць смаргонскія хлебапёкі. Паралельна тут ішло развіццё кандытарскага цэха.

Пенсія не для таго, каб сядзець дома

Адпрацаваўшы 43 гады, з іх 21 год ў Гродне і 22 - у Смаргоні, Марыя Лышчык пайшла на заслужаны адпачынак. Але не страціла сувязь з хлебазаводам. Тут яе выбралі старшынёй пярвічнай ветэранскай арганізацыі. Не забывае Марыя Іванаўна і сваю ранейшую прафесію. Калі ўбачыць у продажы нейкі новы гатунак хлеба, абавязкова пастараецца вывучыць яго рэцэптуру, каб падзяліцца ёю з цяперашнімі работнікамі хлебазавода.

На заводзе працуюць добрыя спецыялісты. У падрыхтоўку некаторых з іх унесла пэўны ўклад Марыя Лышчык. На пасадзе начальніка вытворча-тэхналагічнай лабараторыі яе замяніла Вольга Страшынская, маладая жанчына, але прафесіянал у сваёй справе. Заўсёды цікавіцца навінкамі хлебапякарнай вытворчасці, сама па натуры творчы чалавек. Марыя Лышчык любіць выпякаць нешта дома. Для гэтага выкарыстоўвае дражджавое цеста. Асабліва добра ў яе атрымліваюцца рагалікі, булачкі, бісквітныя вырабы, пірагі, торцікі з фруктовай начынкай. Прысмакі бярэ з сабою ў Гродна, дзе жыве сям’я сына. Імі частуе ўнукаў, якія пастаянна прыязджаюць да бабулі на канікулы.

Захоўваецца печыва для выпадковага госця, які зойдзе на чай. У вёсцы Жэлінгова Марыі Іванаўне засталася ў спадчыну бацькоўская хата, у якой ёсць вялікая печ. Некалі маці хацела яе разабраць, але дачка ёй запярэчыла: “А дзе мы будзем пячы пірагі?” І цяпер гэта печ выручае падчас прыгатавання да вялікіх святаў – Вялікадня і Калядаў. Тады брат Марыі Лышчык як звычайна кажа: “Пах ад тваёй выпечкі стаіць на ўсю вёску”. Пірагоў хапае ўсім, а тое, што застанецца, Марыя Іванаўна акуратна загорне ў даматканае палатно і пакладзе ў выварку, паставіць яе ў кладоўку. Пірагі там захоўваюцца два тыдні і не страчваюць сваіхсмакавых якасцей.

Працяглы час Марыю Лышчык запрашалі ў Маладзечанскі політэхнічны каледж. Яна была ў складзе дзяржаўнай камісіі па прыёме экзаменаў. Прыемна было ўдвайне, бо калісьці там вучылася сама. Ехала ў навучальную ўстанову не ў якасці ганаровага госця, заўсёды рыхтавалася да ўдзелу ў пасяджэнні камісіі.

На заслужаным адпачынку Марыя Іванаўна вяжа, перачытвае кнігі (у яе дома вялікая бібліятэка). А яшчэ яна любіць бываць у роднай вёсцы Жэлінгова, дзе на прысядзібным участку ёсць сад, агарод, лазня.

Жанчына лічыць сябе шчаслівым чалавекам. Жыццёяе склалася добра. Адзін сын, затое трое ўнукаў. Ёсць браты, сёстры, іншыя сваякі. А яшчэ жанчыну акружаюць надзейныя сябры. З былой аднакурсніцай сябруе ўжо 45 гадоў. І хаця жыве яна далёка, у Магілёве, але жанчыны перыядычна знаходзяць час для сустрэч.

А яшчэ Марыя Іванаўна – жаданы госць на Смаргонскім хлебазаводзе, якому аддала амаль чвэрць свайго жыцця. За добрасумленную і старанную працу неаднаразова была ўзнагароджана граматамі Дэпартамента па хлебапрадуктах Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь, вытворчага аб’яднання “Гроднахлебпрам”, раённага выканаўчага камітэта.

Юрый ЯНУШКЕВІЧ.

Фота аўтара.

Поделиться:

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений