Кіраўнікі давалі тлумачэнні

Люди Сморгонщины
25.09.2015 16:35
1119
Дзень Жодзішкаўскага і Лылойцінскага сельсаветаў пачаўся з наведання ўдзельнікамі гэтага мерапрыемства аграсядзібы “Віта”, якая знаходзіцца ў вёсцы Вайнідзеняты. Яе гаспадыня Алена Махнач расказала аб тым, якія паслугі аказваюцца наведвальнікам, паказала свае ўладанні.

Наступным аб’ектам быў малочнатаварны комплекс “Сасноўка”, дзе надоі складаюць 35 працэнтаў ад валавой вытворчасці малака ў філіяле “Жодзішкі”. Абсталяванне...
Дзень Жодзішкаўскага і Лылойцінскага сельсаветаў пачаўся з наведання ўдзельнікамі гэтага мерапрыемства аграсядзібы “Віта”, якая знаходзіцца ў вёсцы Вайнідзеняты. Яе гаспадыня Алена Махнач расказала аб тым, якія паслугі аказваюцца наведвальнікам, паказала свае ўладанні.IMG_1193

Наступным аб’ектам быў малочнатаварны комплекс “Сасноўка”, дзе надоі складаюць 35 працэнтаў ад валавой вытворчасці малака ў філіяле “Жодзішкі”. Абсталяванне ў даільнай зале працуе амаль 20 гадзін у суткі і спыняецца толькі для правядзення прафілактычных работ. Дойны статак абслугоўваюць дзве змены даярак. За тэхналагічнымі працэсамі сочаць відэакамеры. Гэта дысцыплінуе работнікаў.
Некалькі відэакамер устаноўлена на мехстане “Жодзішкі”. Тут захоўваецца асноўная частка тэхнікі гаспадаркі: аўтамабілі, трактары, збожжаўборачныя камбайны, навясное і прычапное абсталяванне. “Сёлета купілі два беларускія камбайны КЗР расійскай зборкі, — сказаў дырэктар філіяла “Жодзішкі” Уладзімір Шастак. — Аказаліся нядрэннай якасці. На ўборцы не саступілі іншым камбайнам. Я нават пашкадаваў, што не ўзяў чатыры такія камбайны. Імпартная тэхніка добрая ў рабоце, але вельмі дарагія да яе запчасткі”.
З цікавасцю агледзелі ўдзельнікі Дня сельсавета млын у Жодзішках. Ён з’яўляецца памятнікам архітэктуры, існуе не адно стагоддзе, працуе і цяпер. Тут выпускаюць 4 віды прадукцыі: крупы, муку, камякі, сечку. Раней механізмы ў рух прыводзіла вада, у наш час яе замяніла электрычнасць.
Ролю экскурсавода выконваў выкладчык гісторыі Жодзішкаўскай СШ Алег Мізула. Ён цікава расказваў аб тутэйшых мясцінах, мінулым і сучаснасці. Алег Анатольевіч з’яўляецца заснавальнікам і загадчыкам гісторыка-краязнаўчага музея Жодзішкаўскай СШ. Музей працуе з 2008 года, у ім сабрана дастаткова многа розных экспанатаў, таму праз два гады школьны музей будзе прэтэндаваць на званне народнага.
У Сыраватках удзельнікі мерапрыемства пабывалі на некалькіх аб’ектах – на ФАПе, у аддзяленні паштовай сувязі, магазінах і Сыраваткінскіх яслях-садзе - сярэдняй школе. Дырэктар гэтай навучальнай установы Сяргей Жук расказаў аб тым, якая работа выканана па рамонце і добраўпарадкаванні школы. Рукамі педагогаў і тэхнічных работнікаў у будынку пакладзена плітка, устаноўлены лесвіца, заменены вокны і дзверы, адрамантаваны дах, абгароджана тэрыторыя.
Аб’ектамі для наведання ў Лылойцінскім сельсавеце былі комплексны прыёмны пункт, пошта, ФАП, цэнтральны Дом культуры, сельская бібліятэка, магазін філіяла аблспажыўтаварыства, якія размешчаны ў аграгарадку, а таксама мехстан гаспадаркі. Кіраўнікі і спецыялісты гэтых устаноў расказалі аб іх рабоце.
Прыемныя ўражанні ва ўдзельнікаў Дня сельсавета пакінуў дзіцячы рэабілітацыйна-аздараўленчы цэнтр “Лясная паляна”. Чыста, утульна. Комплекс будынкаў рознага прызначэння - для аздараўлення, вучобы, адпачынку і г. д. Своеасаблівы міні-гарадок, у якім ужо 20 гадоў папраўляюць сваё здароўе дзеткі з найбольш пацярпелых ад радыяцыі раёнаў Беларусі.
Заключная частка Дня сельсавета прайшла ў аграгарадку Жодзішкі. Мясцовае лясніцтва, сярэдняя школа, аддзяленне сувязі, дзіцячы сад, урачэбная амбулаторыя – гэта няпоўны пералік аб’ектаў, якія агледзела прадстаўнічая дэлегацыя са старшыняў сельвыканкамаў, кіраўнікоў арганізацый, чые аб’екты знаходзяцца на тэрыторыях Жодзішкаўскага і Лылойцінскага сельсаветаў.
Напрыканцы мерапрыемства былі падведзены вынікі. Старшыня раённага Савета дэпутатаў Іван Рамановіч зачытаў папярэднія пратаколы, у якія былі запісаны недахопы падчас наведвання іншых сельсаветаў. Сітуацыю з магазінам у вёсцы Белевічы патлумачыў дырэктар мясцовага філіяла аблспажыўтаварыства Юрый Драмлюк. Ён адзначыў, што будынак магазіна знаходзіцца ў аварыйным стане, патрабуе рамонту, але вёска невялікая, таму выручка ад продажу тавараў склала за 8 месяцаў толькі 300 мільёнаў рублёў. Падобны выпадак быў у вёсцы Лубянка, дзе хацелі закрыць стратны магазін, але жыхары напісалі скаргу, філіял аблспажыўтаварыства ўклаў у магазін 80 мільёнаў рублёў, а цяпер ён у спісе магазінаў, якія падлягаюць закрыццю з-за невялікай грашовай выручкі.
Старшыня Вішнеўскага сельсавета Уладзімір Яцук даваў тлумачэнне па праблеме разбітай дарогі, якая вядзе ў вёску Чырвонаазёрная. На яе падсыпку былі завезены толькі дзве аўтамашыны жвіру. Гэтага мала. Неабходна 4-5 рэйсаў самазвалаў, каб пытанне было вырашана.
Падобная сітуацыя з дарогай Даўбучкі — Ласавічы. Вясною там зрабілі падсыпку, прагрэйдзіравалі, але з цягам часу пагоршыўся стан дарожнага палатна. Начальнік ДРБУ-134 запэўніў, што недахоп будзе ўхілены, паколькі вярнуліся работнікі арганізацыі, якія ўдзельнічалі ў сельгасработах, таму патроху актывізуецца грэйдзіраванне дарог.
Са справаздачамі выступілі старшыні Жодзішкаўскага і Лылойцінскага сельскіх Саветаў Алена Раманчук і Святлана Кучарава. Аб крымінагеннай сітуацыі ў раёне прысутных праінфармаваў начальнік райаддзела міліцыі Аляксандр Клімянкоў.

Ягор КАРЫЦКІ.
Фота аўтара.


Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений