З клопатам пра людзей

Люди Сморгонщины
25.09.2015 16:33
1040
На старшыню сельвыканкама ўскладзена адказнасць не толькі за ўмовы жыцця вяскоўцаў, але і за работу школы, ФАПа, дзіцячага сада і лазні, за падачу вады і газу, за тэлефонную сувязь і асвятленне, сацыяльнае абслугоўванне і ўладкаванасць сем’яў, за добраўпарадкаванне і стан дарог. Аб гэтым і пойдзе ніжэй размова са старшынёй Сольскага...
На старшыню сельвыканкама ўскладзена адказнасць не толькі за ўмовы жыцця вяскоўцаў, але і за работу школы, ФАПа, дзіцячага сада і лазні, за падачу вады і газу, за тэлефонную сувязь і асвятленне, сацыяльнае абслугоўванне і ўладкаванасць сем’яў, за добраўпарадкаванне і стан дарог. Аб гэтым і пойдзе ніжэй размова са старшынёй Сольскага сельскага Савета Міхаілам МІРСКІМ.

- Міхаіл Фёдаравіч, якія работы па добраўпарадкаванні выконваюцца на тэрыторыі сельсавета?IMG_1042
- Пачну з таго, што на тэрыторыі сельсавета знаходзяцца 39 населеных пунктаў, дзе жывуць 3005 чалавек. З іх 876 пенсіянераў, 1600 – працаздольных, 380 дзяцей да 16 гадоў, 163 - інваліды 1-2 групы, 39 мнагадзетных сем’яў, 31 няпоўная сям’я. У гэтых дзвюх катэгорыях сем’яў выхоўваюцца 176 дзяцей.
Штогод выконваецца работа па добраўпарадкаванні населеных пунктаў. Так, летась у сувязі з міжнароднымі вучэннямі па лініі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях і раённымі “Дажынкамі”, якія праходзілі ў Солах, быў устаноўлены (і не толькі з удзелам сельсавета) 1 км 600 метраў агароджы, і большая частка яе пафарбавана. Акрамя гэтага на вул. Камсамольскай за кошт сродкаў жыхароў пафарбаваны 1 км 200 метраў агароджы. Напрыканцы 2014 - пачатку 2015 былі ўстаноўлены на 4 могілках кантэйнерныя пляцоўкі. Згодна з санітарнымі нормамі абуладкаваны двое сольскіх могілак і двое кушлянскіх. Смецце з іх вывозіцца смеццявозам. Сёлета затрацілі 20 мільёнаў бюджэтных сродкаў на абуладкаванне старых могілак. Там выразаюцца дрэвы, якія перашкаджаюць альбо ўяўляюць пагрозу. Жыхары таксама збіраюць грошы на добраўпарадкаванне і тады зусім па-іншаму ставяцца да таго, у што была ўкладзена ўласная капейка.
- З якімі пытаннямі звяртаюцца ў сельвыканкам мясцовыя жыхары?
- Людзі звяртаюцца ў сельсавет з рознымі пытаннямі. У тым ліку па выдзяленні зямельных участкаў. Я асабіста ўдзельнічаю ў гэтай справе, а таксама старасты вёсак. Сельсавет рыхтуе спісы на выдзяленне сенакосаў. Былі пытанні па пад’язных шляхах. Сёлета чалавек перасяліўся ў завулак Лугавы. Узнікла праблема: як завезці дровы на падворак на вялікагрузным аўтатранспарце. Прыйшлося вырашаць. Нямала зваротаў ад жыхароў па вулічным асвятленні. Асабліва цяпер, калі паменшаў дзень, раней цямнее. Таму загадзя было выканана тэхнічнае абслугоўванне вулічных ліхтароў. Дзе неабходна, яны будуць дабаўлены. У тым ліку і на вул. Камсамольскай насупраць амбулаторыі. Там цёмны куток.
Сёлета было 20 зваротаў па спілоўванні аварыйных дрэў у вёсках Бярозавы Гай, Кушляны, Івашкаўцы, Падбалотцы. Большая частка гэтай работы ўжо выканана. Многа пытанняў узнікае па дарожнай сетцы. Але сельсавет знаходзіць паразуменне з ДРБУ-134, таму дарожнікі неадкладна ўхіляюць недахопы. 29 вёсак абслугоўваюць аўтамагазіны. На прыпынках для іх устанаўліваем новыя лаўкі, бетонныя сметніцы.
Іншым разам людзі скардзяцца. Так, узнікла спрэчнае пытанне па зямельнаму ўчастку на вул. Багушэвіча. Гаспадара не задаволілі яго межы. Прыехала раённая камісія па зямельных пытаннях і расставіла кропкі над “і”. Па якасці вады ўзнікла пытанне ў вёсцы Дордзішкі. Спачатку ў калодзежы была добрая вада, потым пагоршала. Вазілі на аналіз. Аказалася, што ў гэтай вадзе перавышэнне аміяку і нітратаў. Хаця паблізу няма жывёлагадоўчых аб’ектаў, але згодна з заключэннем цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, існуюць нейкія свежыя разлажэнні. Гаспадару параілі ў першую чаргу пачысціць калодзеж.
- Як задавальняюцца патрэбы адзінокіх састарэлых людзей?
- Адзінокія састарэлыя людзі пастаянна знаходзяцца пад наглядам, іх абслугоўваюць сацыяльныя работнікі. Ужо завезены дровы, цяпер высвятляем, каму патрэбна бульба. У нас яе вырошчваюць толькі фермерскія гаспадаркі. Іх пяць на тэрыторыі сельсавета. З фермерамі і будзем вырашаць пытанні аб забеспячэнні адзінокіх людзей бульбай.
Пытанні пажарнай бяспекі таксама не застаюцца па-за ўвагай сельсавета. Пішам пісьмы ўжо дарослым дзецям, каб яны ў выпадку неабходнасці дапамаглі памяняць электраправодку ў дамах сваіх састарэлых бацькоў. Дзеці рэагуюць на гэта нармальна, разумеюць, што ў выпадку кароткага замыкання можа ўзнікнуць пажар. Ні на адно наша пісьмо пакуль што не атрымалі адказу.
Праводзіцца значная работа па зносе пустых дамоў. Сёлета іх знесена 5. Прычым 4 з іх сіламі альбо нашчадкаў, альбо землекарыстальнікаў, ці ўласнікаў. Але спачатку ўсе гэтыя дамы абследуюцца камісіяй, якая створана пры райвыканкаме. Яна вырашае, прыгодныя будынкі для пражывання альбо падлягаюць зносу.

Гутарыў Юрый ЯНУШКЕВІЧ.
Фота аўтара.


 

 

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений