Людзі Смаргоншчыны: Галіна Андрыяловіч

Люди Сморгонщины
04.09.2015 10:30
1029
Сямейнае паданне

У вёсцы Калпяя і суседніх паселішчах са старажытных часоў жылі Беніцэвічы, Найдзічы, Броўкі, Лісоўскія. А вось нетыповае прозвішча Шапель з’явілася ў архіўных і царкоўных дакументах толькі з сярэдзіны дзевятнаццатага стагоддзя. Некаторыя сённяшнія даследчыкі схіляюцца ў сваіх разважаннях да таго, што гэта, наогул, і не прозвішча. Бо яго першы носьбіт – француз Антуан, салдат напалеонаўскай арміі, паходжаннем - селянін з Вандэі. Падчас бясслаўнай ваеннай кампаніі французскай арміі ў 1812 годзе мясцовыя сяляне знайшлі яго хворага і абмарожанага ў лесе. А што мог сказаць у такім стане паміраючы чалавек? Вядома ж, прамаўляў ён па-французску, а гаварыў, што яго завуць Антуанам. Першая частка прамоўленага ў мясцовай транскрыпцыі і стала мянушкай, а пазней прозвішчам. Бо наконт імя сумненняў не было, вельмі сугучнае яно Антону. Антонам і пачалі клікаць яго мясцовыя.


Такой яна была, калі ездзіла на ХХІV з’езд КПСС. 

Такой яна была, калі ездзіла на ХХІV з’езд КПСС.


Не жадаючы вяртацца на радзіму, якую раздзіралі рэвалюцыйныя жарсці, Антон Шапель застаўся ў Калпяі. Ажаніўся на маладой удаве Марыі, якая мела двух сыноў ад першага мужа. Пазней Марыя нарадзіла Антуану яшчэ траіх: Івана, Восіпа, Яніну.

Галіна Міхайлаўна Андрыяловіч (у дзявоцтве Аўгусціновіч) ганарыцца, што па мацярынскай лініі мае французскія карані. А яшчэ яна ўпэўнена, што дасталіся ёй у спадчыну, як і многім іншым нашчадкам французскага салдата, надзвычайная жыццястойкасць і паспяховасць. У самых складаных жыццёвых сітуацыях ім спрыяе “мюсье Выпадак”, лёс пасылае шчаслівыя магчымасці і добрых людзей. Карацей, як спяваецца ў старой французскай песеньцы, Анёл-ахоўнік аберагае, а фартуна добразычліва ўсміхаецца і апякуе сваіх абраннікаў. Галіне Міхайлаўне таксама ў жыцці шчасціла, пра што яна без фальшывай сціпласці дзеліцца ўспамінамі.

Выпрабаванне агнём


Найперш ёй пашчасціла нара-дзіцца ў працавітай сям’і, дзе паважалі традыцыі продкаў, законы грамадства, зберагалі веру бацькоў. Нават ваеннае ліхалецце, што страшнай вогненнай навалай зацягнула лепшыя гады дзяцінства і юнацтва, не здолела выцерці з памяці шчаслівыя моманты сямейных стасункаў, святаў, пяшчотныя ўспаміны пра бацькоў, якія шчодра адорвалі Галіну сваёй любоўю і клопатам.

Калі пачалася вайна, ёй было 11 гадоў. Насельніцтва Калпяі падзялілася на два лагеры: адны служылі захопнікам, другія дапамагалі партызанам. Сярод апошніх быў бацька Галіны – Міхаіл Аўгусціновіч. Аднойчы, калі ён паехаў за медыкаментамі для параненых, яго арыштавалі. Маці хадзіла па вёсцы і збірала подпісы, каб засведчыць, што ён не меў дачынення да дыверсійнай дзейнасці. Праз нейкі час яго адпусцілі. Падчас акупацыі некалькі разоў вёску акружалі немцы, вымушалі сялян карміць вайскоўцаў, а нашых мужчын забіралі на работы.

У чэрвені 1944 года стала вядома, што будуць бамбіць вёскі Завелле, Трылесіна, Укропінку, Калпяю. Мясцовыя жыхары сабралі свае няхітрыя пажыткі, запраглі коней, прывязалі кароў да вазоў і падаліся ва ўрочышча Пагор. Ноч была кароткая, а раніцай наляцелі бамбардзіроўшчыкі. Палова вёскі згарэла. А тое, што засталося, забралі карнікі, што прыехалі на матацыклах з Войстама. Многія з тых, хто не мог ці пабаяўся пакінуць вёску, пацярпелі, былі паранены. Прыйшло вызваленне, а жыць не было дзе. Будавалі вялікія зямлянкі. Пачалі аднаўляць вёску, трэба было паспець да халадоў і маразоў паставіць дом. Сілы надавала вера ў лепшы заўтрашні дзень. Дзеці вельмі хацелі вучыцца. Галіну “прыбралі” ў тое, што ацалела пасля бамбёжкі. Зрабілі панчохі з салдацкіх абмотак, якія тата прывёз з фінскай вайны. Абулі ў матуліны пантофлі на абцасах і ў такім выглядзе адправілі ў 5 клас Смаргонскай школы, да якой было 7 кіламетраў. Але смага да ведаў перамагала ўсе цяжкасці.

Покліч малой радзімы

Гады і дзесяцігоддзі праляцелі з таго часу, а Галіна Міхайлаўна ні іншым, ні нават сабе самой не можа растлумачыць, чаму так упарта адхіляла чарговую шчаслівую прапанову фартуны. Выпускніцу Маладзечанскага настаўніцкага інстытута пакідалі працаваць у школьным аддзеле абкама партыі. Усе яе сакурснікі, атрымаўшы дыпломы, раз’ехаліся па месцах накіравання, а яе ўгаворвалі згадзіцца на прапанову. Цэлы тыдзень дзяўчына хадзіла ў абкам, дзе ўжо знаходзіўся яе дыплом, і са слязамі на вачах прасіла адпусціць яе дадому, на Смаргоншчыну. Ніякія абяцанкі кар’ернага росту і выдатнай будучыні яе не спакушалі.

Першым месцам работы стала Войстамская сярэдняя школа, дзе маладая настаўніца выкладала гісторыю і беларускую мову. Два гады працавала ў Сыраватках. Потым яе накіравалі дырэктарам сямігодкі ў Ракаўцы. На той час жанчын на гэтай пасадзе было толькі дзве на ўвесь раён. Меркавала, што доўга не за-трымаецца ў гэтых мясцінах, ды і працаваць кіраўніком калектыву, дзе большасць жанчын, - справа складаная для пачаткоўца-педагога. Да таго ж, даводзілася наладжваць стасункі не толькі ў калектыве ды з бацькамі і вучнямі, але і з кіраўніцтвам сельсавета, калгаса, райкама партыі. А старшыні калгасаў, якіх за час яе дырэктарства было сем, - людзі з цяжкім характарам, часта грубыя і нявыхаваныя. Цікавіла іх школа толькі тады, калі вучняў трэба было прыцягваць на работу ў гаспадарцы, асабліва ў час збору ўраджаю. Cпачатку жанчына ўваходзіла ў смак новай пасады, а затым было позна адмаўляцца, бо людзі б палічылі, што не справілася. Таму прыроджаная амбіцыйнасць і прывязала яе да Ракаўцаў на ўсё астатняе жыццё. На пасадзе дырэктара Галіна Андрыяловіч адпрацавала без малога 40 гадоў.

У той час дзяржава, па словах Галіны Міхайлаўны, фінансаў не шкадавала і выдзяляла на патрэбы адукацыі дастаткова, трэба было толькі кіраўнікам праяўляць ініцыятыву, не ленавацца і папаўняць кабінеты патрэбным абсталяваннем. Мелі свой прысядзібны школьны ўчастак, быў нават вучэбна-доследны ўчастак. Адной з лепшых у раёне была прызнана школьная майстэрня. Дарэчы, загадваў ёй муж Галіны Міхайлаўны – Мікалай Лукіч, якога называлі майстрам-залатыя рукі. Ці не за выдатны талент і творчыя адносіны да любой справы, якую рабіў, і пакахала яго маладая дырэктар. У згодзе і пашане пражылі яны доўгае жыццё, выгадавалі дваіх сыноў. 

Сыны вучыліся ў Сувораўскім вучылішчы, закончылі ваенныя вышэйшыя навучальныя ўстановы.
У пераліку заслуг Галіны Андрыяловіч - перавод школы на паравое ацяпленне, дзеля чаго спатрэбілася дабываць спецыяльнае абсталяванне, будаўніцтва з дапамогай калгаса інтэрната для вучняў аддаленых вёсак і хутароў. А галоўнае – моцна з’яднаны адзінай ідэяй калектыў. Веды, атрыманыя ў вясковай школе, дазвалялі выпускнікам паспяхова паступаць у вышэйшыя і спецыяльныя прафесійныя ўстановы адукацыі.

“Лявоніха на арбіце”

Вось жа гэтыя з’едлівыя вясковыя языкі! Вось жа гэта чалавечая зайздрасць! Чарговая ўсмешка фартуны і цудоўны шанец, выпаўшы на яе долю, успрымаўся аматарамі плётак і “дазнанняў”, як магчымасць пачасаць языкамі і выплеснуць сваю жоўць на таго, каму шчасціць больш. І колькі сарказму некаторыя ўкладалі ў гэту мянушку – “Лявоніха на арбіце”, што замацавалася за дырэктарам школы, пасля яе вылучэння дэлегатам на ХХIV з’езд КПСС. Не сакрэт, што вылучалі на такія форумы па даведзенай квоце. І тым не менш, без адпаведнага багажу заслуг, без аўтарытэту, напрацаванага добрасумленным стаўленнем да выканання сваіх службовых абавязкаў, трапіць у спіс шчасліўчыкаў было немагчыма.

А для Галіны Міхайлаўны гэтыя дні, праведзеныя ў Маскве, сталі ці не самым яскравым успамінам на ўсё жыццё. Вось як яна сама пра гэта апавядае:

- На гэтым форуме я прадстаўляла шматлікую армію настаўнікаў Беларусі. У склад нашай абласной дэлегацыі ўваходзілі 16 прадстаўнікоў: восем, як мы казалі , з народа, і восем кіраўнікоў. У “народнай” васьмёрцы – ткачыха з Гродна, даярка з Карэлічаў, работніца абутковай фабрыкі з Ліды і я. Чатыры “народнікі”-мужчыны – шклодуў з Ліды, будаўнік з Гродна, трактарыст з Навагрудка, рабочы мэблевай фабрыкі са Слоніма. Ехалі мы ўсе ў асобным вагоне пад аховай міліцыі. За ўсю дарогу да Масквы выходзіць з вагона забаранялася. У сталіцы нашу дэлегацыю пасялілі ў гасцініцы “Масква”. У нас былі вялікія магчымасці паглядзець усё, што хацелі ў Маскве, наведаць тэатры, музеі, канцэрты. Маглі нават выклікаць машыну, каб шафёр адвёз туды, куды нам трэба. Кожнаму дэлегату падарылі памятныя падарункі, прыгожыя папкі з пазалочанымі ручкамі. Ходзіш па Чырвонай плошчы і бачыш, колькі народу з такімі папкамі тут прагульваецца. Дэлегатаў было больш за чатыры тысячы. Пасяджэнні праводзіліся ў палацы з’ездаў з 10.00 да 18.00.

Моцныя ўражанні засталіся пасля наведвання панарамы Барадзінскай бітвы, залаў Маскоўскага Крамля. Чамусьці ў многіх было жаданне трапіць у цыганскі тэатр “Рамэн”. Мы заказалі аўтобус, але крыху спазніліся. Якое ж было здзіўленне, калі, прыехаўшы, мы даведаліся, што прадстаўленне не пачыналася, бо артысты чакалі нас.

У адзін з вечароў мяне запрасілі ў рэдакцыю “Учительской газеты». Там была вельмі цёплая сустрэча, і галоўны рэдактар, падарыўшы мне сувенір, дала адрас і нумары тэлефонаў, па якіх я магла б звяртацца, калі будуць цяжкасці або праблемы на рабоце. Праблемы і падставы, вядома ж, былі. Але я так і не звярнулася за падтрымкай і абаронай, бо разумела, што за ўсё трэба плаціць. І за абдымкі фартуны таксама.

Сёння Галіна Міхайлаўна жыве адна ў сваім Ракаўскім доме. Пахавала мужа, выправіла ў жыццё сыноў. Але яна застаецца чалавекам актыўнай жыццёвай пазіцыі, заўжды рада падзяліцца парадай, падтрымаць таго, каму патрэбна яе добрае слова і вопыт педагога. Наведваюцца да яе часцяком сыны з нявесткамі і ўнукі. А на маё пытанне, чаго яна яшчэ чакае ад жыцця, Галіна Андрыяловіч адказала проста: “Чакаю праўнукаў”.

Ала СТРАШЫНСКАЯ.
Фота аўтара.


Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений