Людзі Смаргоншчыны: Тарэса Кумішча

 

Людзі Смаргоншчыны: Тарэса Кумішча

Доска почёта
05.05.2018 07:54
1
1055
Яна не выйшла з народа, яна заставалася і застаецца разам са сваім народам, разам з тымі, каго разумее, паважае, любіць. У сваіх публікацыях яна называе іх людзьмі стваральнай працы. Захапляецца іх кемлівасцю, дбайнасцю, працавітасцю, гумарам. Шмат гадоў, як Тарэса Кумішча на заслужаным адпачынку, але не пакідае пісаць пра тое, што так цешыць яе вока, натхняе душу і дае энергію сэрцу.
Кумище Светлы шлях5.JPG

Тарэса Кумішча належыць да журналістаў, што пісалі і пішуць летапіс тых куточкаў нашай краіны, якія прынята называць малой радзімай. З-пад яе пяра выходзілі матэрыялы пра будні земляробаў і жывёлаводаў, механізатараў і будаўнікоў, народных майстроў і людзей розных іншых прафесій. Дзякуючы добрасумленнасці гэтых працаўнікоў, краіна набывала эканамічную стабільнасць, выходзіла з працяглых крызісаў пасля развалу сістэмы, рос дабрабыт, прыгажэлі вёскі і мястэчкі.

У Смаргонь Тарэса Францаўна разам са сваім мужам, таксама журналістам Альбертам Кумішчам (на фота) , прыехала са сваёй любай Мядзельшчыны ў 1972 годзе. У архіве рэдакцыі захаваўся загад ад 14 жніўня 1972 года аб яе прыёме на працу ў раённую газету “Светлы шлях” у якасці літсупрацоўніка. Яна мела невялікі вопыт працы ў Мядзельскай раённай газеце “Нарачанская зара”, куды добра пісьменную і адказную дзяўчыну ўзялі карэктарам. Там яна канчаткова вызначылася з выбарам прафесіі і паступіла на завочнае аддзяленне факультэта журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Праз трынаццаць гадоў работы ў газеце “Светлы шлях” яе прызначылі адказным сакратаром, а ў 1987 – намеснікам рэдактара. Можна толькі здагадвацца, ды і тое не ўсім, а пераважна калегам, наколькі складана было тады працаваць у мужчынскім калектыве ды яшчэ на кіруючай пасадзе ёй, маці дваіх дзяцей. Так-так! У тыя гады большасць журналістаў былі мужчыны. Да гэтага вымагалі ненарміраваны рабочы дзень і ты-дзень, штотыднёвыя паездкі па раёне, нечаканыя выклікі на працу ў святочныя дні і нават падчас водпуска… Гэты адваротны бок медаля журналісцкай працы ў раёнцы мала каму цікавы. І ўжо зусім мала хто ведае, што большасць насамрэч вартасных аналітычных матэрыялаў газетчыкі часцей за ўсё пішуць дома па начах. Не за вялікія грошы і прэміі, а праз сваё пачуццё адказнасці перад людзьмі, якія чакаюць гэтых матэрыялаў. А яшчэ з-за пачуцця прафесійнага гонару – работа журналіста заўжды навідавоку. Дылетанцкія разважанні і граматычныя памылкі не надаюць аўтарытэту.

семья Кумище.jpg

Родам з сельскай мясцовасці, увабраўшая ў сябе моц матухны-зямлі, спрадвечную народную філасофію і мудрасць, умеючая разглядзець вартаснае і каштоўнае ў штодзённай мітусні, яна пісала лёгка і зразумела, без асаблівых выкрутасаў, але заўжды з вялікай павагай да аграрыяў, якія былі галоўнымі героямі яе нарысаў, артыкулаў, замалёвак, нататкаў. А яшчэ з вялікай пашанай і замілаваннем пісала яна пра добрыя народныя традыцыі, згадваючы сваё дзяцінства, родных людзей і сяброў юнацтва. Якія трапныя і сакавітыя слоўцы знаходзіла і знаходзіць цяпер для апісання прыроды!

Ніхто ніколі не дадумаецца падлічваць колькасць радкоў, матэрыялаў, газетных палос, напісаных газетчыкам раёнкі. А Тарэса Кумішча ўсё сваё жыццё працавала яшчэ і на невялічкім кавалачку зямлі, што дастаўся ў спадчыну яе мужу на ўзбярэжжы возера Свір. Колькі кілаграмаў, а мо і тон глебы перацерушылі яе пальцы на агародчыку! Колькі ў суме сотак і гектараў перакапана, дагледжана, удобрана… Ці не там, у гэтых маляўнічых, ягадна-грыбных мясцінах, пад шатамі спрадвечных лясоў, нараджаюцца цяпер самыя яскравыя і займальныя яе творы!

Пэўны час вяла Тарэса Францаўна ў газеце тэматычную старонку, прысвечаную роднай прыродзе і экалогіі. Пастаянныя чытачы з нецярпеннем чакалі гэтых цікавых матэрыялаў пра адметныя мясціны Смаргоншчыны, помнікі прыроды, валуны, грыбныя, ягадныя, паляўнічыя ўгоддзі, пра чысцюткія крыніцы і багатыя рыбай азёры.

За добрасумленную журналісцкую дзейнасць, прафесійнае майстэрства, высокі мастацкі ўзровень публікуемых матэрыялаў, актыўную грамадскую пазіцыю Тарэса Кумішча неаднаразова была ўганаравана падзячнымі лістамі і граматамі, ёй прысвоена ганаровае званне Беларускага саюза журналістаў “Заслужаны журналіст”. А найбольшую ўдзячнасць да яе высакароднай працы захоўваюць у сваіх сэрцах пастаянныя чытачы нашай газеты, прыхільнікі яе таленту.

Так, Тарэса Францаўна не выходзіла з народа, не абрывала каранёў, шчодра перадавала чытачам і перадае сваім дочкам і ўнучкам духоўныя набыткі, жыццёвы вопыт і ўменне з павагай ставіцца да простых людзей працы, шчырых працаўнікоў.

Ала КЛЕМЯНОК.

Фота з архіва рэдакцыі.

Поделиться:

0
Владимир Омелько
ШЧЫРА І ПРАНІКНЕНА НАПІСАНА ПРА ШАНОУНУЮ ТЭРЭЗУ КУМІШЧА . ГЛЯДЖУ НА ЗДЫМКІ І УСПАМІНЫ АДСЫЛАЮЦЬ МЯНЕ У ДАЛЕКІЯ 70-ЫЯ...ЦУДОУНЫ БЫУ ЧАС. А АЛЬБЕРТ ВАЦЛАВАВІЧ-ГЭТА КЛАДЗЕЗЬ МУДРАСЦІ,РАЗВАЖЛІВАСЦІ І СЯЛЯНСКАЙ КЕМЛІВАСЦІ. І ПРАЦАВІТАСЦІ.КАЗАЛІ,ШТО ЕН ВЫЛАВІУ АМАЛЬ УСЮ РЫБУ У СВІРЫ. А ЯКІЯ ЦУДОУНЫЯ АФАРЫЗМЫ НАЛЕЖАЦЬ ЯМУ.!! ЗДАРОУЯ І УДАЧЫ,ШАНОУНАЯ ТЭРЭЗА ФРАНЦАУНА!!
Имя Цитировать 0
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений