У ШАГу – памяць пра Перамогу

 

У ШАГу – памяць пра Перамогу

Единый день информирования
30.04.2020
1253

23 красавіка ў сярэдняй школе №7 прайшоў адзіны дзень інфармавання «Пад небам Бацькаўшчыны нашай прайшла суровая вайна», прысвечаны 75-й гадавіне Вялікай Перамогі.

У інфармацыйным блоку «Вялікая Айчынная вайна – гады выпрабаванняў, мужнасці і гераізму беларускага народа» дзеці ўзгадалі аб гераічных і трагічных старонках у лёсе беларускага народа: абароне Брэсцкай крэпасці, лагерах смерці, карных аперацыях. Вялікая ўвага была нададзена кнізе А. Адамовіча, У. Калесніка і Я. Брыля «Я з вогненнай вёскі...», у якой апісваюцца лёсы 147 беларускіх вёсак у гады Вялікай Айчыннай вайны.

Прагляд відэаролікаў «Беларусь памятае», падрыхтаваных Белтэлерадыёкампаніяй да 75-годдзя вызвалення нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, у інфармацыйным блоку «У нашых сэрцах гэты подзвіг бессмяротны!» дапамог старшакласнікам пераканацца ў тым, што Вялікая Перамога – гэта важнейшая падзея ў нашай гісторыі.

Разважаючы над тэмай адзінага дня інфармавання, навучэнцы ўспомнілі аб сваіх экскурсіях у мемарыяльны комплекс «Хатынь». Па словах многіх з іх, наведванне гэтага манументальнага твора мастацтва дапамагае акунуцца ў спусташаючую сэрца тугу і зразумець, як шмат людзей рознага ўзросту пацярпела ад рук акупантаў.

Не абышла бокам Вялікая Айчынная вайна і нашу малую радзіму – Смаргоншчыну. Навучэнцы 9-х класаў Ганна Якаўлева, Максім Валковіч, Алёна Клінцэвіч расказалі аб тым, якімі былі гады вайны для іх сваякоў – прабабуль і прадзядуль. У гэты дзень старшакласнікі ўзгадалі таксама і аб ветэранах вайны. Штогод напярэдадні Дня Перамогі, Дня Незалежнасці дзеці віншуюць іх і дораць кветкі ў знак падзякі.

У блоку «Мы дзейнічаем» старшакласнікі абмеркавалі, наколькі магчымым будзе ў гэтым годзе ва ўмовах складанай эпідэміялагічнай абстаноўкі ўдзел у рэспубліканскіх патрыятычных акцыях «Дзякуй за Перамогу!», «Кветкі Вялікай Перамогі», «Беларусь памятае», у дабрачыннай акцыі «Ветэран жыве побач». Клопат аб ветэранах сёння павінен быць асаблівы, бескантактавы. Акрамя таго, у школе будзе праходзіць акцыя «Зорка герояў». Для яе ажыццяўлення навучэнцы прыносяць у школу фотаздымкі сваякоў – ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Гэтыя фота будуць размешчаны ў фае, каб кожны, хто заходзіць у школу, мог аддаць даніну павагі тым, хто слязьмі, ранамі і болем адваяваў нашу Вялікую Перамогу.

Марыя ГОВІЧ,

настаўніца рускай мовы і літаратуры

СШ №7.