Пісьмы з фронту: “Дачку маю ахрысцілі на Каляды, а не ведаю, як зваць…”

Беларусь помнит!
03.05.2019 15:56
395
Напярэдадні 75-годдзя з дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў мы публікуем вытрымкі з франтавых пісьмаў, якія знаходзяцца ў гісторыка-краязнаўчым музеі. Калі ў вашай сям’і ёсць такія рэліквіі, вы гатовы падзяліцца гісторыяй сваёй сям’і з іншымі, тэлефануйце, прыносьце іх у рэдакцыю. Магчыма, гэтыя радкі крануць самыя патаемныя стрункі душы, магчыма, ад іх з’явіцца камяк у горле і слёзы на вачах. Але гэта наша гісторыя, гэта наша памяць, якую нельга страціць.

У верасні 1943 года ў пісьме да сваіх родных Андрэй Гісіч пісаў: “Дарагая мая жонка Оля, дзеці Пеця і Сярожа…” А ўжо праз год з’явіўся новы адрасат: маленькая дачушка. Тата ведаў, што немаўлятка нарадзілася, потым яму напісалі, што ахрысцілі дзяўчынку, але ці паспеў ён даведацца, як яе назвалі, невядома. Андрэя Гісіча забілі пад Варшавай.

IMG_9056.JPG

Няшмат такіх франтавых пісем, дзе да жанчыны звяртаюцца “каханая, любая”… Не да пяшчоты было вайскоўцам. Жонцы Андрэя Гісіча пашанцавала, калі можна так сказаць. Яна аўдавела, як тысячы іншых жанчын па ўсёй краіне, трэба было жыць і гадаваць дзетак без мужчынскай падтрымкі. Але ў яе засталіся гэтыя кранальныя словы, напісаныя мужавай рукой.

Колькі разоў яна засынала ўночы з пісьмамі ў руцэ? Колькі слёз яна праліла, перачытваючы бацькавы наказы для сыноў?  Не ведаў, не прадчуваў Андрэй Гісіч сваёй гібелі.

“Дарагая Оля, я зараз знаходжуся на праклятых тэрыторыях. Б’ём паразітаў усюды, куды яны не павернуцца. Бягуць, праклятыя, без шапак. Будуць успамінаць потым, як нас чапаць. Навучым раз і назаўсёды!” Чытаеш гэтыя радкі – і ўяўляецца, як сабраліся ўсе родныя і слухаюць: як засмяялася жонка, успамінаючы знаёмыя інтанацыі ў голасе мужа, як бацька з гонарам паказвае кулак нябачнаму ворагу: “Так іх, сынок!”, як пабеглі хлопчыкі расказваць сябрам, што вайна хутка скончыцца, тата ж паабяцаў…

Зусім няшмат не дажыў да перамогі Андрэй. Заставалася пару месяцаў да сустрэчы з жонкай і дзецьмі, бацькамі, братамі, пляменнікамі. Не ўбачыў, як рабіла першыя нясмелыя крокі дачушка, якімі дужымі хлопцамі павырасталі сыны… Для іх ён назаўсёды застаўся анёламахоўнікам, героем, які з такой смеласцю гнаў ворага як мага далей ад сваіх блізкіх.

Віялета ВОЙТКА. 

Поделиться:

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений