У Смаргонскім дзіцячым садку №14 прайшла экалагічная акцыя “Хатка для шпака"

Охрана природы
13.03.2019 14:50
447
Няма такога чалавека, які б не бачыў, не ведаў шпакоў, не слухаў іх веснавых спеваў? Прылёт і песні шпакоў супадаюць з веснавым абуджэннем зямлі. У гэтым годзе вясна ранняя, і мы спадзяемся ўбачыць шпакоў ужо ў сакавіку.

IMG_20190226_112418.jpg

У рамках рэалізацыі праекта "Птушкі прыляцелі" ва ўстанове дашкольнай адукацыі "Яслі-сад №14 г. Смаргоні» прайшла экалагічная акцыя “Хатка для шпака". З спрадвечных часоў людзі ладзілі для шпакоў драўляныя домікі-шпакоўні, упрыгожвалі іх ўзорамі, умацоўвалі на шастах і ствалах дрэў.

Бацькі нашых выхаванцаў з энтузіязмам адгукнуліся на прапанову змайстраваць шпакоўні. Выхавальнікі дашкольнай адукацыі падрыхтавалі кансультацыю для бацькоў выхаванцаў "Як правільна змайстраваць шпакоўню". У выніку на тэрыторыі дашкольнай установы з'явілася каля дваццаці новых шпакоўняў.

Бацькі падышлі да задання творча – няма ніводнага падобнага. Выхаванцы на прагулцы разглядалі гатовыя домікі для шпакоў, адзначалі важныя моманты, якія ўлічылі бацькі пры будаўніцтве. Птушкам будзе ўтульна і бяспечна жыць у іх. Выхаванцы даведаліся, што маленькія домікі, вырабленыя чалавекам, вельмі падабаюцца птушкам. Дзеці дзяліліся ўражаннямі аб працэсе вырабу шпакоўняў: камусьці тата дазволіў падаць важную дэталь, а камусьці дазваляў трымаць нарыхтоўку. У групе выхаванцы ляпілі і малявалі шпакоўні, майстравалі з канструктара. Мы вельмі рады, што бацькі і дзеці праявілі чуласць, клопат і жаданне дапамагчы птушкам.

Цяпер, калі ў нас усё гатова для сустрэчы шпакоў, мы з нецярпеннем чакаем прылёту птушак. Нам вельмі цікава, якія ж шпакоўні спадабаюцца шпакам?

Пройдзе зусім няшмат часу і шпакі прыляцяць. Як добра будзе кожную раніцу ісці ва ўстанову дашкольнай адукацыі і чуць цудоўнае пасвістванне шпакоў.

Т. В. КАЗАК, намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці.

Фота аўтара.

Поделиться:

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений