Вакол сенсацыі: Прыгоды ручной Машкі

Охрана природы
12.02.2019 16:11
816
На мінулым тыдні інфармацыя аб тым, што ў Солы з лесу прыйшла аленіха і адразу ж наладзіла адносіны з жыхарамі, пачала браць з іх рук пачастункі, знайшла для сябе ў аграгарадку  лежбішча, імкліва распаўсюдзілася на беларускіх сайтах. Гэта было накшталт сенсацыі: дзікая жывёліна раптам стала ручной. Але неўзабаве прыехалі работнікі лясной гаспадаркі, злавілі самку аленя, загрузілі яе ў аўтамабіль і некуды павезлі. Падчас адлову гэтыя людзі не абыходзіліся далікатна з жывёлінай, паведамлялася на сайтах.

Маша_8073.jpg

Аленіха Машка ў вальеры.


Трэба адзначыць, што ручной аленіха стала не ў той час, калі нечакана з’явілася ў Солах. Так не можа быць, каб дзікі звер, трапіўшы ў людское асяроддзе,  імгненна пазбавіўся звычак, нададзеных яму прыродай, стаў рахманым, даверлівым, страціў пачуццё небяспекі, не імкнуўся ўкусіць ці ўдарыць таго, хто да яго наблізіўся.

Гэта самка аленя ручной трапіла ў наш раён. Яе прывезлі сюды разам з іншымі аленямі з Белавежскай пушчы для далейшага развядзення. Статак аленяў першапачаткова змясцілі ў прасторным вальеры непадалёку ад вёскі Беразнякі Сольскага сельсавета. Егер, які ахоўваў жывёлін і падкормліваў іх, быў вельмі здзіўлены: калі ён набліжаўся да вальера, алені імгненна зрываліся з месца і праз мінуту-другую ўжо стаялі ў супрацьлеглым канцы агароджанай прасторы, натапырыўшы вушы пазіралі ў бок чалавека. І толькі адна жывёліна з усіх прывезеных нікуды не ўцякала. Яна без боязі ішла да сеткі вальера, каля якой стаяў егер.

Маша_8096.jpg

Кармушка.

Маша_8101.jpg

Месца захоўвання грубых кармоў.


Калі вясною мінулага года дэпутаты раённага Савета дэпутатаў, прадстаўнікі прадпрыемстваў і арганізацый, школьнікі пасля заканчэння пасадкі лесу каля Беразнякоў вырашылі паглядзець змешчаных у вальеры аленяў, то таксама былі нямала здзіўлены тым, што адна аленіха не стала ўцякаць і неўзабаве наблізілася да людзей, дазваляла сябе пагладзіць, тыцкала пысай у чалавечыя рукі, нібыта просячы чаго-небудзь смачнага.

Сярод удзельнікаў пасадкі лесу быў і намеснік дырэктара лясгаса, дэпутат раённага Савета дэпутатаў Андрэй Пятроўскі. Карыстаючыся зручным момантам, пацікавіўся ў яго, чаму дзікая жывёліна паводзіць сябе як хатняя? У чым прычына? Андрэй Зянонавіч тады выказаў меркаванне, што хутчэй за ўсё гэта аленіха знаходзілася ў дэманстрацыйным вальеры яшчэ ў Белавежскай пушчы, таму не была абдзелена ўвагай шматлікіх турыстаў, якія прыязджалі туды. Некаторыя з іх імкнуліся пачаставаць вальерных жывёл чым-небудзь смачным. Такім чынам і адбылося прыручэнне. А трапіла гэта аленіха ў статак аленяў, якіх адпраўлялі ў Смаргонскі раён, чыста выпадкова. На думку работніка лясгаса, у пушчы не ўдалося адлавіць пэўную колькасць жывёлін, якія знаходзіліся на волі, таму было прынята рашэнне ўзяць адну асобіну з вальера.

Пасля некалькіх месяцаў утрымання ў вальеры, які знаходзіцца паблізу вёскі Беразнякі, статак аленяў выпусцілі на волю. Жывёліны разышліся па лесе, але недалёка ад абгароджанага месца, дзе яны правялі нейкі час і да якога прывыклі. Да таго ж, работнікі лясгаса прывозяць да вальера падкормку. Самцы аленя, якая прывыкла да людзей, стала няўтульна ў лесе, і яна пакінула сваіх суродзічаў, накіравалася бліжэй да чалавечага жытла. Так трапіла ў Солы, да якіх напрасткі некалькі кіламетраў ад Беразнякоў.

І вось аленіха зноў у Беразняках, у тым жа вальеры, толькі цяпер адна. Паехалі паглядзець яе і перш за ўсё па той прычыне, што на сайтах паведамлялася: жывёліну пабілі пры адлове, былі прычынены цялесныя траўмы.

Аленіха сапраўды была ў вальеры, стаяла паблізу сеткі, нібыта некага чакала. Уздоўж агароджы віднелася пратаптаная сцежка: жывёліна хадзіла па перыметры збудавання, напэўна, шукаючы выйсце на волю, якое так і не знайшла.

- 7 лютага прывезлі сюды аленіху, - паведаміў Андрэй Пятроўскі. - Яе агледзеў ветэрынарны ўрач. Жывёліна знаходзіцца на дзесяцідзённым каранціне па прычыне нетыповых паводзін. Раней яна прыходзіла ў населены пункт і пакідала яго, а потым чамусьці засталася. Гэта насцярожыла прадстаўнікоў ветэрынарыі, тым больш што цяпер рэгіструецца нямала выпадкаў шаленства сярод дзікіх жывёлін. Перыяд развіцця гэтай  хваробы – 10 дзён. Калі не будзе выяўлена нічога падазронага, то выпусцім аленіху на волю. Хаця, улічваючы тое, што жывёліна ручная, мы праз міністэрства прыроды рыхтуем неабходныя дакументы для таго, каб і надалей утрымліваць яе ў няволі. Сёлета ў сакавіку ў наш раён павінны завезці статак аленяў з Налібоцкай пушчы. Разам з імі і будзе знаходзіцца ў вальеры гэта аленіха.

Маша_8110.jpg

Ёмістасць з зернем.


Егер расчыніў вароты, зайшлі ўнутр вальера. Па падталым рыхлым снезе накіраваліся да месца падкормкі жывёліны. У спецыяльным прыстасаванні з жэрдак захоўваецца сена, побач на кармавой пляцоўцы ляжыць горка сіласу, зводдаль пад дахам стаіць ёмістасць з зернем. Тут жа аленіха можа схавацца ад непагадзі. Асобна стаіць кармушка, у якую пакладзены глыба солі для буйной рагатай жывёлы і ў карыце таксама змешчана зерне. Паілкі няма, бо праз вальер праходзяць меліярацыйныя каналы, вада ў адным з іх замерзла, а ў другім бруіць незамярзаючая крыніца.

Тым часам аленіха паўз агароджу каля лазовых кустоў накіроўвалася ў наш бок.

- Машка, Машуня, ідзі сюды, - паклікаў жывёліну егер, і яна адрэагавала на гэту клічку, пайшла шпарчэй. Потым мужчына патлумачыў, што так яе назвалі мясцовыя жыхары.

Маша_8125.jpg

Намеснік дырэктара лясгаса Андрэй ПЯТРОЎСКІ гладзіць аленіху.


Намеснік дырэктара лясгаса Андрэй Пятроўскі пагладзіў аленіху, яна прывычна абнюхала яго руку. Ніякіх пашкоджанняў на тулаве жывёліны, аб якіх пісалі на сайтах, не трапілася на вочы. Машка выглядала добра ўкормленай, шэрсць на ёй блішчэла.

Неўзабаве егер замкнуў вароты вальера. Аленіха зблізку назірала за ўсім гэтым, а потым пайшла за людзьмі, якія пакрочылі па дарозе ўздоўж агароджы. Ёй таксама хацелася на волю, наведацца ў які-небудзь населены пункт, дзе яе абавязкова пачаставалі б чым-небудзь смачным. Аднак нельга. Каранцін. Ды і хопіць прыгодаў. Дзякуючы сайтам Машка і так стала вядомай на ўсю Беларусь.

Юрый ЯНУШКЕВІЧ.

Фота аўтара. 

Поделиться:

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений