Раздзяляй і выкідай

Благоустройство и экология
23.02.2020 16:00
302
Мясцовыя камунальнікі пастаянна ўдасканальваюць сваю работу. Вось і сёлета, як адзначыў дырэктар РУП “ЖКГ” Міхаіл Найдзіч, з мэтай паляпшэння збору сыравіны жыллёвая гаспадарка плануе купіць больш за пяць тысяч 120-літровых кантэйнераў для прыватнага сектара.

Адзін кантэйнер будзе выкарыстоўвацца для збору цвёрдых бытавых адходаў, другі – для раздзельнага збору смецця, якое смеццявозы будуць забіраць згодна з графікам і па заяўках, калі хтонебудзь з жыхароў прыватнага сектара назбірае раней, чым за месяц, пэт-бутэлек, шкла, кардону. Для гэтага будуць выкарыстоўвацца смеццявозы, якія забіраюць раздзельна бытавыя адходы.

“У Смаргоні хочам поўнасцю замяніць цяперашнія кантэйнеры на іншыя, прадугледжаныя для раздзельнага збору смецця, - сказаў Міхаіл Іванавіч. – На спецыяльных пляцоўках будзе ўстаноўлена па 5 кантэйнераў: для шкла, пэт-бутэлек, паперы і агульнага збору цвёрдых бытавых адходаў. На новыя кантэйнеры плануецца перайсці ў цэнтры горада, мікрараёне Заходнім і ў Каранях. Для раздзельнага збору смецця ў мікрараён Усходнім устаноўлены 23 кантэйнерныя пляцоўкі, а ўсяго па горадзе іх 75”.

Ад кантэйнерных пляцовак, якія знаходзяцца на вул. Маладзёжнай, ЖКГ хоча пазбавіцца і ўстанавіць там тры кантэйнеры, у якіх будуць захоўвацца шкло, пэт-бутэлькі, кардон, а побач будзе стаяць адзін шасцікубовы кантэйнер для агульнага збору смецця. Гэта робіцца з мэтай эканоміі фінансавых сродкаў. Каб смеццявоз прыязджаў на Маладзёжку адзін раз на тыдзень, а не кожны дзень па графіку.

Такое прадугледжана зрабіць і ў мікрараёне Карані. Паколькі ў сельскай мясцовасці закрыты ўсе міні-палігоны, то смецце ў вяскоўцаў забіраюць смеццявозы з задняй загрузкай і дастаўляюць яго на палігон бытавых адходаў “Чорны бор”, дзе праводзіцца сартыраванне, здабываюцца другасныя матэрыяльныя рэсурсы. Самаму старому смеццявозу – 9 гадоў. За пяцігодку было атрымана 8 новых смеццявозаў. З іх тры з бакавой загрузкай. ЖКГ плануе купіць яшчэ адзін смеццявоз для абслугоўвання сельскіх населеных пунктаў.

Увогуле, гэта спецтэхніка абнаўляецца пастаянна. Мясцовая камунальная гаспадарка штогод атрымлівае адзін, а то і два смеццявозы. Жорсткія патрабаванні да старой бытавой тэхнікі, ад якой хочуць пазбавіцца людзі. Яна не павінна быць разабранай, разукамплектаванай. Такую не прымае ЖКГ, бо не зможа здаць яе іншым нарыхтоўчым арганізацыям. Напрыклад, халадзільнік павінен быць з кампрэсарам, задняй рашоткай, шнуром і г. д.

Апошнім часам стала менш паступаць шкла на палігон “Чорны бор”. З кантэйнераў, дзе яно захоўвалася, летась нехта сарваў 120 замкоў. Прычым зроблена гэта было не адзін раз. Зламыснікі, вядома ж, забралі шкло. Таму цяпер, каб пазбегнуць падобных выпадкаў, работнікі РУП “ЖКГ” устанаўліваюць фоталавушкі ў месцах знаходжання кантэйнерных пляцовак. Інфармацыя аб выяўленых выпадках крадзяжу шкла накіроўваецца для разбіральніцтва ў райаддзел міліцыі.

Юрый ЯНУШКЕВІЧ.


Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений