Яслі-сад для раслін

 

Яслі-сад для раслін

Благоустройство и экология
10.10.2019
1866
Базісны лясны гадавальнік Смаргонскага доследнага лясгаса з’яўляецца адным з лепшых у лясной галіне Беларусі. Ён прызначаны для вырошчвання пасадачнага матэрыялу. І ў першую чаргу таго, які выкарыстоўваецца для пасадкі лесу. Займаюцца тут і дэкаратыўным пасадачным матэрыялам.

IMG_4402.JPG

Аляксей ГРЫШКЕВІЧ.


Плошча гадавальніка складае амаль 44 гектары. Тут ёсць пасяўное аддзяленне, дзе вырошчваюц­ца сеянцы, школьнае - для саджанцаў і матачнае аддзяленне. У ім прадстаўлены розныя гатункі і пароды драўнінных раслін для далейшага іх размнажэння. У гадавальніку адведзена месца для лясных плантацый. Тут з шышак збіраюць насенне. 

Ужо больш за 10 гадоў базісны лясны гадавальнік узначальвае Аляксей Грышкевіч. У штаце -  майстар, бухгалтар, 7 лесаводаў (6 жанчын і 1 мужчына) і два трактарысты. У цёплую пару года ў гадавальнік набіраюць сезонных работнікаў. Для патрэбаў лясной гаспадаркі тут вырошчваюць звычайную сасну і елку, бярозу, вольху. Усяго каля 12 парод дрэў, якія высаджваюць на адведзеных пад лясы зямельных участках.

У гадавальніку амаль 100 відаў і гатункаў дэкаратыўных раслін. Дрэўцы выкарыстоўваюць для азелянення населеных пунктаў. Дэкаратыўны пасадачны матэрыял могуць купіць як арганізацыі, так і жыхары населеных пунктаў.

 “За год рэалізоўваецца дрэўцаў для пасадкі на 300 тысяч рублёў, - сказаў начальнік лесагадавальніка Аляксей                     Грышкевіч. - Хаця і затраты немалыя, бо для сваіх лясніцтваў пасадачны матэрыял адпускаецца бясплатна. Такога паняцця, як рэнтабельнасць, у нас няма, бо лесагадавальнік з’яўляецца бюджэтнай арганізацыяй, і наша дзейнасць – вырошчванне пасадачнага матэрыялу – адносіцца да бюджэтнай”.

На тэрыторыі лесагадавальніка пасадачны матэрыял  высаджаны ў кантэйнеры, гаршкі, касеты. Яго можна купіць у гэтых ёмістасцях.

Тэхніка лесагадавальніка, тры трактары, выкарыстоўваецца для падрыхтоўкі глебы, культывацыі, некаранёвых і каранёвых падкормак, апрацоўкі раслін су­праць хваробаў, шкоднікаў. Ручной працы тут мала. Праполку замяняюць гербіцыды. Дзе не зможа прайсці тэхніка, праводзіцца ранцавае апырскванне.

Сярод вырошчваемых дэкаратыўных раслін многа розных туй. Ёсць маньчжурскі арэх. Яго плод на смак такі ж, як і ў грэцкага арэха. Адзінае адрозненне – тоўстая шкарлупіна, што паўплывала на памер плода. На асобным участку расце японская айва. Яе яшчэ называюць беларускім лімонам.

На тэрыторыі лесагадавальніка знаходзяцца складскія памяшканні, некалькі цяпліц, помпавая станцыя, вада з якой выкарыстоўваецца для паліву сеянцаў і саджанцаў. З Ашмянскага раёна сюды прывозяць торф. Пэўная яго частка ўносіцца ў глебу ў якасці арганічнага ўгнаення, астатняя закладваецца ў бурты для далейшага кампасціравання.

На базе лесагадавальніка Смаргонскага доследнага лясгаса праводзяцца семінары, у тым ліку і рэспубліканскія для работнікаў лясной галіны. Мясцоваму лесагадавальніку было прысвоена ганаровае званне “Лясны гадавальнік высокай культуры” і “Узорны гадавальнік”. За поспехі ў працы неаднаразова быў узнагароджаны і начальнік гэтага структурнага падраздзялення лясгаса Аляксей Грышкевіч. Нядаўна, да Дня работнікаў лесу, – Ганаровай граматай Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь.

Юрый ЯНУШКЕВІЧ.

Фота аўтара.

Статьи по теме: