“Скарбы Гнома-Эканома” ў цэнтры творчасці дзяцей і моладзі

Природа и экология
20.06.2019 13:47
465
На мінулым тыдні ў Смаргоні прайшлі дні энергіі. Праводзіліся яны ў  рамках пагаднення мэраў па клімаце і энергіі, да якога далучыўся і наш раён. Мерапрыемствы ладзіліся ў розных установах, у іх удзельнічалі дарослыя і дзеці.

У мясцовым цэнтры творчасці дзяцей і моладзі быў праведзены квэст. Гэта камандная забаўляльная гульня, падчас якой яе ўдзельнікам неабходна нешта адшукваць, адгадваць загадкі, адказваць на спецыяльна падрыхтаваныя пытанні па вызначанай тэме. На гэты раз яна тычылася скарбаў Гнома-Эканома.

Камандзір кожнага атрада атрымаў маршрутныя лісты. Дзеці пачалі бегаць ад адной станцыі да другой, выконваць заданні, якія тычыліся рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў, беражлівых адносін да прыроды.

Як адзначыла дырэктар цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Таццяна Шпакоўская, ў гэтай установе на працягу навучальнага года праводзіцца нямала мерапрыемстваў прыродаахоўнага напрамку, у тым ліку даследчыя канферэнцыі. А дні энергіі  - гэта самае буйное мерапрыемства, у якім удзельнічае найбольшая колькасць дзяцей і дарослых.

Вядома ж, работа з дзецьмі па беражлівых адносінах да прыроды прыносіць свае плады. Аднак Таццяна Іванаўна ўпэўнена, што працаваць па прародаахоўнай тэматыцы трэба не толькі са школьнікамі, але і з выхаванцамі дзіцячых садкоў. Дарэчы, у рамках дзён энергіі там праводзілася акцыя “Здай батарэйку”. Вядома ж, выкарыстаную. Бо нават адна яна, не кажучы пра вялікую колькасць, негатыўна ўплывае на экалагічную сітуацыю. Трапіўшы ў зямлю, батарэйка пачынае выдзяляць шкодныя рэчывы.

 У цэнтры творчасці дзяцей і моладзі вядуць барацьбу за невыкарыстанне  поліэтыленавых пакетаў, пластыкавых бутэлек і г. д., імкнуцца замяніць іх на рэчы з натуральных матэрыялаў.

 “Нашы работнікі карыстаюцца мацерчатымі сумкамі, вырабленымі з ільняной тканіны”, - сказала дырэктар ЦТДіМ Таццяна Шпакоўская і нават паказала такую “торбачку”. – Сшыем іх нямала і будзем выкарыстоўваць падчас правядзення экалагічных акцый”.

Ад Таццяны Іванаўны даведаўся, што дзеці, якіх у цэнтры творчасці дзяцей і моладзі навучылі беражлівым адносінам да матэрыяльных рэсурсаў, дома праводзяць пэўную работу са сваімі бацькамі, вучаць іх эканоміць ваду, электрычнасць, звяртаюць увагу на тое, што лямпачка не павінна свяціць у пакоі, дзе нікога няма, а вада капаць з крана. Гэта не лепшым чынам уплывае на сямейны бюджэт.

Тым часам дзеці, якія ўдзельнічалі ў квэсце, паэтапна выконвалі розныя заданні, і арганізатары гульні перыядычна давалі хлопчыкам і дзяўчынкам урыўкі сказа, якія потым трэба было скласці разам, каб даведацца, што з’яўляецца самым галоўным скарбам Гнома-Эканома. І калі пасля заканчэння квэста ён спытаў аб гэтым у хлопчыкаў і дзяўчынак, то яны адказалі: “Чысціня прыроды”.

IMG_6891.JPG

IMG_6894.JPG

IMG_6911.JPG

IMG_6913.JPG

IMG_6927.JPG

IMG_6933.JPG

IMG_6937.JPG

IMG_6952.JPG

IMG_6964.JPG

IMG_6975.JPG

Юрый ЯНУШКЕВІЧ

Фота аўтара. 


Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений