У Залессі одкрылася выстава літоўскага мастака Раманаса Барысаваса «Скрозь прызму руінаў»

Выставки
26.01.2019 21:07
423
Гэтага мастака часта называюць літоўскім Напалеонам Ордай. Раманас Барысавас з гэтым згаджаецца і не згаджаецца.

Выставка1.jpg

“Для мяне вялікі гонар гэтае параўнанне. Сапраўды, наш агульны галоўны герой – архітэктура. Але Напалеон Орда ў свой час выконваў ролю фатографа. Ён маляваў будынкі, якія перажывалі свой росквіт, якімі карысталіся людзі. Руін сярод яго работ мала. Мяне больш цікавіць спадчына, якой вось-вось можа не стаць. Поўна на свеце будынкаў, якія я калісьці пісаў, а цяпер іх няма”, - расказвае ён.

26 студзеня ў Залессі ў музеі-сядзібе Міхала Клеафаса Агінскага Раманас Барысавас адкрываў сваю выставу “Скрозь прызму руінаў” – сумесны праект музея-сядзібы і Генеральнага Консульства Літоўскай Рэспублікі ў Гродне, рэалізаваны па ініцыятыве Мікалая Логвіна, ганаровага консула Рэспублікі Беларусь у Клайпедзе. 

Карціны выставілі ў аранжарэі. Трэба сказаць, што паўпразрыстыя акварэлі і высокае, светлае памяшканне проста цудоўна дапоўнілі адзін аднаго, гэта адзначылі многія наведвальнікі. А іх у першы дзень выставы сабралася нямала: супрацоўнікі музея, сябры-мастакі Раманаса Барысаваса: Аляксандр Грышкевіч, Тац­цяна Ласка, Ала Лагун, Галіна Бяганская, Таццяна Гадзірава (з большасцю ён пазнаёміўся на пленэры ў Залессі ў 2016 годзе). 

Калегі высока ацанілі творчасць літоўскага мастака. 

“Я была ўражана асаблівым прыёмам Раманаса. Яго кампазіцыі не маюць рамак. Яны як бы пачынаюцца здалёк, потым набліжаюцца, нібы фіксуюцца перад гледачом – і зноў адыходзяць у далячынь, толькі дзе-нідзе фіксуюцца ледзь прыкметнай рамкай”, - падзялілася Ганна Гадзірава.

Выставка4.jpg

Выставка5.jpg

Выставка6.jpg

Ад імя смаргонскага райвыканкама госця прывітала Таццяна Ражэва, начальнік аддзела культуры: 

“Можна без візы пабы­ваць на вулачках Вільнюса, у замках, касцёлах, цэрквах розных краін, якія так цёпла адлюстроўваюцца ў вашай творчасці”.

Выставка2.jpg

Прыгожа дапоўніла выставу музыка: паланэзы Агінскага ў выкананні Веранікі Дранковіч, імправізацыя на флейце Сяргея Верамейчыка. Доўга не адпускалі гледачы беларускага спевака Алеся Камоцкага.

Выставка3.jpg

Але галоўнымі героямі дня, безумоўна, былі карціны. Да кожнай з іх Раманас Барысавас піша тэксты з тлумачэннямі, каб гледачы маглі гэтак жа зразумець і акунуцца ў прыгажосць таго ці іншага будынка. А расказваць пра любімыя месцы можа гадзінамі! І вось ужо на нас глядзяць не проста руіны, а стомлены жыццём замак, на якога абрынуліся адзінота і забыццё. Толькі і застаецца дажы­ваць свой век успамінамі пра былыя часы раскошы і моцы. Ці старэнькая царква, якая нядаўна зусім, пару дзесяцігоддзяў таму, склікала пераліўным звонам вернікаў…

А можа раптам знойдуцца нераўнадушныя сэрцы і ўмелыя рукі, якія ўмацуюць стончаныя сцены, падоўжаць жыццё маўклівым сведкам гісторыі? Так сталася з Крэўскім замкам. Цяпер ідзе яго паступовая рэстаўрацыя, а з карціны ён глядзіць на нас яшчэ такім, якім быў некалькі гадоў таму. Увогуле, нямала ў Раманаса Барысаваса акварэлей з выявамі старажытных “беларусаў”: Гальшанскі, Лідскі, Мірскі замкі, палац у Косаве, маёнтак графаў Тышкевічаў у Валожыне, музей-сядзіба ў Залессі – гэтую карціну ён прывёз у падарунак. Як кажа сам мастак, вялікая частка гісторыі нашых дзяржаў – агульная.

На карцінах Раманаса Барысаваса няма людзей. Выключэнне – выява Вострай Брамы. 

“Чаму я намаляваў яе так? Бо там ніколі не бывае пуста”, - прызнаецца ён. “Руіны – самі па сабе сведкі мінулага. Калі там з’яўляюцца людзі, яны прыводзяць іх у парадак або зносяць. З людзьмі мае карціны выглядалі б зусім інакш”.

Віялета ВОЙТКА.

Фота аўтара. 

Поделиться:

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений