У Смаргоні прэзентуюць кнігу рэпрэсіраванага пісьменніка Мойшэ Кульбака

 

У Смаргоні прэзентуюць кнігу рэпрэсіраванага пісьменніка Мойшэ Кульбака

Культура
07.02.2020
1328
Прэзентацыя кнігі рэпрэсіраванага пісьменніка Мойшэ Кульбака «Мэсія з роду Эфраіма» адбудзецца 10 лютага ў Смаргонскай раённай бібліятэцы.

У 1924 годзе гэты раман быў выдадзены ў Варшаве. У 2019 годзе ўпершыню выйшаў па-беларуску.

Kulbak_1080_FB.jpg

Раман-містэрыю з ідыш пераклаў на беларускую мову Сяргей Шупа. Напрыканцы снежня прэзентацыя кнігі адбылася ў сталічнай кнігарні «Светач». А ў панядзелак Сяргей Шупа прыедзе ў Смаргонь. Сустрэча з перакладчыкам адбудзецца ў чытальнай зале бібліятэкі па адрасе: вуліца Танкістаў, 6. Пачатак – а 17 гадзіне.

У сустрэчы таксама прымуць удзел музыка і выдавец Весна Касэрэс, пісьменнік Альгерд Бахарэвіч, паэтка і перакладчыца Юля Цімафеева, перакладчык Ігар Крэбс, эсэістка і паэтка Таня Скарынкіна.

Нагадваем: яўрэйскі паэт, раманіст, драматург Мойшэ Кульбак нарадзіўся ў Смаргоні ў 1896 годзе. Пісаў на ідыш. У гады першай сусветнай вайны працаваў настаўнікам у яўрэйскім доме для сірот у Коўне (Каўнасе). Яго першы твор - песня «Штэрндл» («Зорачка») - быў апублікаваны ў 1916 годзе ў Вільні.

Жыў і працаваў у Вільні, Берліне, Мінску. Быў асуджаны як вораг народа. У «чорную ноч» з 29 на 30 кастрычніка 1937 года быў расстраляны. У снежні 1956 года ваенная калегія Вярхоўнага суда СССР яго рэабілітавала пасмертна.

Галіна АНТОНАВА.

Фота з сайта fragments.by.

Статьи по теме: