Цымбальная эпапея Юрася Церабуна

Культура
07.12.2019 12:00
1
820
На мінулым тыдні пакінуў гэты свет Юрый Церабун, вучань Аляксандра Дзяругі, цудоўны музыка, мастак-аматар, журналіст, на працягу сарака гадоў ён выкладаў майстэрства ігры на цымбалах у Маладзечненскай дзіцячай музычнай школе. Гэты артыкул – своеасаблівы працяг праекта “Памяці Маэстра” - я прысвячаю светлай памяці Юрыя Васільевіча Церабуна.

“Хочаш накарміць чалавека адзін раз – дай яму рыбу. Хочаш накарміць яго на ўсё жыццё – навучы яго рыбачыць”, - напэўна, не памылюся, калі скажу, што словы кітайскага філосафа Канфуцыя для Аляксандра Дзяругі былі своеасаблівым педагагічным крэда. Юрась Церабун быў адзін з тых выхаванцаў, каму Аляксандр Анісімавіч даў вуду. Дакладней, цымбалы. 

 “Чулыя, сціплыя, стрыманыя. Для беларуса цымбалы тое ж, што бандура для ўкраінца, балалайка для рускага, домбра для казаха. У іх душа народа”, - а гэта адказ цымбаліста, саліста дзяржаўнай беларускай філармоніі Алеся Лявончыка. Я прачытала яго ў адным з інтэрв’ю артыста. 

Дык вось, аказваецца, у чым сакрэт цымбалаў! У іх – душа народа. Ці адчуваў яе Дзяруга? Безумоўна, адчуваў. А яго вучань Юрась Церабун? Несумненна!

Слухаць і чуць душу народа

Першыя цымбалы ў Церабуноў з’явіліся нечакана. Бацька Васіль, які працаваў на лесазаводзе, прывёз дадому дровы. Юра са сваім малодшым братам Валодзем вырашылі зрабіць сабе інструмент, які ўбачылі ў вясельнага музыкі. Знайшлі дошчачку, набілі ў ёй малых цвікоў. Ад студні раскруцілі лінку на струны, зачапілі яе на цвікі, пад струны падклалі  падстаўкі і пачалі цымбаліць…

У васьмігадовым узросце Юру ўзяў да сябе ў падрыхтоўчую групу цымбальнага аркестра Аляксандр Дзяруга і выдаў яму сапраўдныя фабрычныя цымбалы. З таго часу пачалася “цымбальная эпапея” Юрася Церабуна.

“Каля Дома культуры мы чакалі гэтага прыгожага інтэлігентнага чалавека з вусікамі і сівізной на скронях. На сваім дамскім веласіпедзе ён хвіліна ў хвіліну прыязджаў да нас на рэпетыцыі, - успамінае Юрый Васільевіч свайго настаўніка. – Але толькі канцэртамі і рэпетыцыямі нашы зносіны з Аляксандрам Анісімавічам не абмяжоўваліся. Мы вельмі любілі ўтульны дом, дзе жыў наш настаўнік. У вялікай зале стаяў раяль, а ў куце, абклееным шпалерамі, - фотакабіна, якая зусім не шкодзіла агульнаму інтэр’еру. Тут маэстра праводзіў штодзень  па некалькі гадзін.

7.jpg

Юрась ЦЕРАБУН (другі злева стаіць) – удзельнік цымбальнага ансамбля (канец 50-х гадоў)


На сценах дома віселі рэпрадукцыі твораў вядомых мастакоў і мастацкія фатаграфіі самога Дзяругі. На ўсё жыццё я запомніў прыгожы па настроі і дакладны па кампазіцыі куток зімовага парку, дзе былі заснежаныя  лава і дрэвы, ад якіх веяла цішынёй і нейкім незвычайным спакоем.

Упершыню я тут убачыў стэрэаскапічную фатаграфію (было гэта прыкладна ў 1955 годзе). У Аляксандра Анісімавіча быў апарат, які двума аб’ектывамі адначасова на шырокай стужцы рабіў два аднолькавыя негатывы. Потым кантактным спосабам друкаваліся здымкі, якія клаліся на спецыяльнае прыстасаванне, наводзілася рэзкасць і праз два шкелцы можна было назіраць стэрэаскапічны эфект. На адным са здымкаў была курыца з куранятамі. Адчуваўся такі аб’ём, што кожную саломінку пад нагамі куранят хацелася ўзяць у рукі”.

Вось так з маленства паціху Юрась вучыўся бачыць прыгажосць наваколля і… слухаць душу народа. “Смаргонскі Макаранка” далучыў дасціпнага юнака да цымбалаў, музыкі і наогул да прыгажосці. Сур’ёзна захапляўся ракета- і авіямадэлізмам, мастацкай фатаграфіяй, здымаў кінафільмы. Пазней, каб асвоіць сакрэты работы з плёнкай, запісаўся ў Мінскі гарадскі фотаклуб, быў удзельнікам рэспубліканскіх фотавыстаў.

Музыка – універсальная мова чалавецтва

twAiQ9SK5QM.jpg

Ансамбль песні і танца імя Агінскага. У цэнтры – цымбалісты Альгерд АПАНОВІЧ і Юрый ЦЕРАБУН (1966 год)


Але на першым месцы ў Юрася заўжды была музыка. Пасля школы хлопец паступіў у Маладзечанскае музычнае вучылішча. Пасля яго заканчэння стаў працаваць у Маладзечанскай музычнай школе. Аднак пра Смаргонь не забываўся. З нашым горадам у Юрыя Васільевіча звязаны самыя яркія старонкі жыцця. У 1964 годзе ў Смаргоні на базе Дома культуры пачалі ствараць ансамбль песні і танца імя Агінскага. Аляксандр Дзяруга быў адзін з заснавальнікаў гэтага калектыву. Цымбалістамі ў ансамбль прыйшлі былыя выхаванцы Дзяругі – Юрый Церабун і Альгерд Апановіч, які пазней кіраваў смаргонскім цымбальным аркестрам.

Далучыўшыся да культуранага асяроддзя Смаргоні, Юрый Церабун пазнаёміўся з такімі вядомымі дырыжорамі-харавікамі, як Усевалад Кубаеўскі, Кастусь Паплаўскі, Уладзімір Раговіч, Анатоль Гіцэвіч, Адам Чопчыц, гродзенскім кампазітарам Аляксандрам Шыдлоўскім, харэографам Янкам Хворастам.

17.jpg

Юрыя ЦЕРАБУН, Альгерд АПАНОВІЧ і блок-флейты (1966 год)


У 1966 годзе ансамбль (у малым складзе) запрасілі выступіць у ГДР. “Гэта быў цягнік дружбы СССР – ГДР. Дэлегацыю з Беларусі, якую ўзначальвала работнік ЦК ЛКСМБ Нэлі Кржыжаноўская, прадстаўлялі смаргонцы, - удакладняе Юрый Церабун. - Сустрэча на нямецкай зямлі была фантастычная. У вялікім рэстаране размясціліся ўсе 300 удзельнікаў цягніка і эстрадна-сімфанічны аркестр Берлінскага радыё і тэлебачання. Калі аркестр выканаў фантазію на тэму рускіх песень, залу страсянуў гром апладысментаў. Мы адчулі, што крыху паднялася жалезная заслона паміж нашымі народамі. На наступны год зноў была паездка ансамбля за мяжу – у Польшчу. Удзельнічала амаль 60 артыстаў!”

Дарослыя з ансамбля Агінскага восенню 1966 года з’ездзілі ў ГДР, а дзеці з цымбальнага аркестра – у міжнародны піянерскі лагер “Артэк”. У Юрыя Васільевіча – свае ўспаміны на гэты конт: “Сяджу каля тэлевізара і чакаю перадачу пра дзіцячы цымбальны аркестр, які Аляксандр Анісімавіч звазіў на гастролі ў міжнародны піянерскі лагер “Артэк”. Праграма пачалася. Дзеці весела расказвалі пра жыццё ў лагеры, пра мора, пра новыя знаёмствы з дзецьмі ўсяго свету…

Зайграў аркестр – і па сэрцы пайшла нейкая асалода. Гучыць беларуская мелодыя, Аляксандр Анісімавіч дырыжыруе, камера звонку буйным планам трымае партрэт дырыжора. Па губах, якія кратаюцца разам з музыкай, адчуваеш, што ён інтаніруе, прапяваючы пра сябе выконваемы музычны твор.

Камера пераходзіць на рукі дырыжора, аператар доўга трымае кадр – і раптам зусім  не дырыжорскі жэст. Аляксандр Анісімавіч трасе сваім творчым кулаком. Баючыся нечага горшага, аператар адвёў камеру ўбок, згубіўшы рэзкасць. А быў прамы эфір.

Я ледзьве не зваліўся з канапы. Што ж здарылася на самой справе? У студыі аркестр сядзеў, абстаўлены маніторамі, а ў час выканання дзеці пачалі сябе разглядаць… Адразу зазначу: ніякага фізічнага насілля над дзецьмі Аляксандр Дзяруга ніколі не здзяйсняў. Гэта быў жартаўлівы жэст. Не больш”.

церебун.jpg

“Настаўнік, вучня выхавай у сабе”

18.JPG

Юрый ЦЕРАБУН разам з сябрамі адны з першых у Смаргоні арганізавалі бітгрупу, нават самі зрабілі некаторыя інструменты. В. Федаровіч - ударныя, Ю. Церабун – гітара-сола, М. Ходаш - гітара-рытм, А. Апановіч - бас-гітара (прыкладна 1970 год)


Юрый Васільевіч стаў не толькі выдатным музыкантам, але і выдатным настаўнікам. Шмат таленавітых дзяцей вучылася ў яго класе ў Маладзечанскай дзіцячай музычнай школе. “Дзеці жылі як адна вялікая творчая сям’я: малявалі, пісалі вершы,  музыку, дапамагалі адзін аднаму рабіць урокі, забаўляліся развівальнымі гульнямі на хуткую рэакцыю, мысленне і каардынацыю рухаў, - зазначае ў сваіх успамінах Юрый Васільевіч. - Мы з вучнямі дамаўляліся, што яны будуць хадзіць на гарадскія выставы, каб потым расказваць, што спадабалася і чаму да ўвагі браліся сюжэт, кампазіцыя, колер, матэрыялы і тэхніка выканання. Вядома, дзецям было не проста адрозніць, дзе каляровая гама твора ў каларыце, а дзе звычайная расфарбоўка, але яны вучыліся. Пастаянна ездзілі на выставы ў Мінск.

22.jpg

Юрый ЦЕРАБУН са сваёй вучаніцай Галінай РАДЗЕВІЧ (канец 60-х гадоў)


Я цвёрда перакананы: хто сур’ёзна займаўся мастацтвам, не можа паводзіць сябе дрэнна. А дзеці, нібы пластылін, і я стараўся ляпіць з іх людзей – асцярожна так, удумліва. А разам з імі выхоўваў і сябе.

Да нас у клас заў­сёды заходзілі мае сябры, маладзечанскія мастакі. Любілі вучні Вязынку і святы паэзіі ў Ракуцёўшчыне, наведвалі канцэрты знакамітых выканаўцаў у музычным вучылішчы. Музыка і мастацтва з маімі выхаванцамі заўсёды ішлі побач. У нашым класе нарадзілася ідэя право­дзіць у раёне адкрыты фестываль “Гучаць цымбалы на зямлі Купалы”. Ён праходзіць у маляўнічым пасёлку Чысць”.

Юрыя Васільевіча лічаць «сваім» і музыканты, і мастакі, і журналісты – настолькі ўмела асвоіў ён прафесійныя сакрэты гэтых, здавалася б, розных кірункаў творчасці. Не так даўно ў Маладзечне праходзіла выстава графічных работ Юрыя Церабуна. За жыццё ён напісаў шмат газетных артыкулаў. У “Светлы шлях” ён таксама дасылаў свае публікацыі – вельмі цікавыя і змястоўныя.

DSC00183.jpg

DSC00185.JPG

Усе, хто ведаў Юрыя Церабуна, сцвярдажюць: ён цалкам аддаваў сябе юным дараванням. А яны таксама хінуліся да свайго настаўніка. Вядомы афарызм Юрый Васільевіч «Настаўнік, паўтарыся ў вучнях!» перайначыў па-свойму: «Настаўнік, вучня выхавай сабе, каб потым у каго было вучыцца!». Ён выгадаваў шмат выдатных настаўнікаў па музыцы. Яго вучні станавіліся лаўрэатамі міжнародных конкурсаў, абласных, рэспубліканскіх аглядаў. Дзякуючы такім адданым людзям, як Юрась Церабун, цымбалы і зараз гучаць не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі.

былыя вучаницы.jpg

Былыя вучаніцы


Галіна АНТОНАВА. 


0
Guest
Светлая памяць!
Имя Цитировать 0
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений