Да Дня беларускага пісьменства: Успаміны Змітрака Марозава

Культура
18.08.2019 15:00
322
Слонім рыхтуецца да галоўнага свята беларускага слова, кнігі, аўтараў і чытачоў.

Сёлета Дзень беларускага пісьменства Беларусь будзе адзначаць у 26 раз. У аснову ўрачыстасці пакладзена ідэя прапаганды здабыткаў айчыннай пісьмовай культуры, пераемнасці духоўных традыцый.

Свята дае ўнікальную магчымасць сустрэцца з жывым словам, удзельнікамі працэсу напісання кніг, выдання газет і часопісаў.

Традыцыйна падчас гэтага свята лепшыя творцы атрымаюць Нацыянальную літаратурную прэмію. У 2006 годзе была заснавана літаратурная прэмія “Залаты Купідон”. Прозвішчы пераможцаў станавіліся вядомымі на Свяце беларускага пісьменства.

У 2015 годзе было вырашана ўмацаваць яе статус. Пераемнікам «Залатога Купідона» лічыцца Нацыянальная літаратурная прэмія.

Змітрок Марозаў, які жыве ў Мінску, шмат разоў удзельнічаў у свяце беларускага пісьменства. Выдатны беларускі паэт, празаік, публіцыст, аўтар амаль 30 кніг прозы і паэзіі. Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі, прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, двойчы быў прызёрам рэспубліканскага конкурсу “Залаты Купідон”. Адметны сярод беларускіх творцаў яшчэ тым, што першы ў славянскім свеце стварыў вянок вянкоў санетаў.

Без названия.jpg

"Свята беларускага пісьменства выклікае прыемныя ўспаміны ад цікавых сустрэч з калегамі і чытачамі", - удакладніў Змітрок Марозаў. - Я не толькі сам быў у ліку прызёраў “Залатога Купідона” за свае кнігі. У 2013 годзе Андрэй Цяўлоўскі за пераклады на рускую мову майго зборніка “Малітоўнаю матчынай мовай” быў адзначаны “Залатым Купідонам” (1 месца ў намінацыі “Пераклад”).

Літаральна тры гады таму мы з вашым земляком Мар’янам Дуксам былі намінантамі на Нацыянальную літаратурную прэмію. Мар’ян Мікалевіч атрымаў прэмію за зборнік паэзіі «Птушка вечнасці — душа». І гэта была заслужаная ўзнагарода, бо ён стварыў кнігу сапраўды высокамастацкіх твораў. Цяпер, калі Мар’ян Дукса пайшоў у іншы свет, разумееш яшчэ большую каштоўнасць гэтай прэміі, бо паэт паспеў яе атрымаць пры жыцці".

Галіна АНТОНАВА. 


Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений