На Смаргоншчыне жыве 80-гадовая жанчына, песню якой выконвае вядомая беларуская спявачка Жанэт

Культура
01.08.2019 16:12
1211
Прачніся і спявай, бо ад песні душа маладзее. Асабліва ад народнай. Гэта аксіёма. І сумнявацца не даводзіцца, калі глядзіш на Марыю Будзько. Наша размова пачалася… з націску кнопкі на пульце для тэлевізара. Марыя Станіславаўна ўключыла запіс святкавання свайго 80-годдзя. Без перабольшвання, гэта быў бенефіс нашай гераіні. У старэнькім Валэйкавіцкім клубе, дзе яна адпрацавала-адспявала 60 гадоў, сабраліся родныя, сябры, аднавяскоўцы – цяперашнія і былыя...

IMG_0128.JPG

Хто пасля вас?

Пасля школы Марыя паступіла ў Гродзенскае культасветвучылішча, пасля заканчэння якога пачала працаваць у Валэйкавіцкім клубе. Потым – у Гродзенскі педінстытут імя Янкі Купалы. Да клубнай работы дадалася яшчэ і настаўніцкая. Атрымала дыплом выкладчыка гісторыі – і тут жа маладую жанчыну прызначылі дырэктарам мясцовай базавай школы, якую на той час наведвала больш за сто вучняў. Амаль усе яны спявалі ў хоры. Сама дырэктар – у калгасным хоры. У клубе тады існаваў ансамбль “Крынічанька”. Разам з хорам ён стаў падмуркам, на якім у 1976 годзе стварылі народны фальклорны калектыў “Валэйчанка”.

IMG_0152.JPG

IMG_9987.JPG

Цытата дня: “Жыву, спяваю і хачу жыць – у гэтым уся Марыя Станіславаўна. Так і напішыце”


“Мая мама Ганна Стурліс стаяла ля вытокаў “Валэйчанкі”, - удакладняе Марыя Станіславаўна. - Была кампазітарам, рэжысёрам, сцэнарыстам, магла правесці майстар-клас у сельскім клубе на высокім узроўні”.

А ў 1986 годзе ў Валэйкавічах з’явіўся дзіцячы фальклорны калектыў “Кропелькі”, які пазней атрымаў званне “ўзорны”. Напэўна, мала хто ведае, што імпульсам для стварэння “Кропелек” стала зацікаўленасць касманаўта Віталя Севасцьянава. У сярэдзіне 80-х гадоў мінулага стагоддзя Віталь Іванавіч разам са знакамітай вядучай і актрысай Таццянай Ведзянеевай наведалі Смаргоншчыну. У Снігянах на мосце іх віталі самадзейныя артысты. Вядомы касманаўт пахваліў “Валэйчанку”, падзякаваў за выступленне і нечакана для артыстак пацікавіўся, ці ёсць каму перадаць багатую народную спадчыну, ці гадуюць яны сабе змену.

“Вось тады мы задумаліся… Сапраўды, хто праз дзясяткі гадоў будзе спяваць нашы песні? – кажа Марыя Будзько. – Неўзабаве сабралі самых таленавітых і галасістых удзельнікаў школьнага хору і стварылі новы дзіцячы калектыў, хормайстрам якога стала мая калега Ванда Роля”, а акампаніятарам Юрый Вутовіч. 

IMG_6911.JPG

Марыя БУДЗЬКО (другая справа) і яе любімамя "Валэйчанка" на фэсце "Смаргонскія абаранкі"


Пра “Валэйчанку” можна прачытаць у дзвюх энцыклапедыях Беларусі. Вясковыя артысткі тройчы пабывалі ў Літве, двойчы – у Польшчы, шмат дзе ў Расіі і практычна ва ўсіх кутках Беларусі. Перамогі ў разнастайных конкурсах народнай фальклорнай музыкі – ад рэгіянальных да міжнародных. Дыпломы, падзякі, апладысменты. Працаваць дырэктарам, выкладаць гісторыю, гадаваць сваіх дваіх дзетак і займацца самадзейнасцю – і ўсюды трымаць высокую планку. Такое наогул рэальна? Так. Той, хто жыве творчасцю, валодае неймавернымі здольнасцямі. Той, хто шчыра дорыць радасць, узамен атрымлівае яе нашмат больш.

Радасць перапрацоўваецца ў энергію, якая сілкуе душу і цела. Як і раней, Марыя Будзько двойчы на тыдзень спяшаецца са сваіх Рачунаў у Валэйкавічы на рэпетыцыю. На чым толькі не даводзіцца дабірацца туды хормайстру. На лесавозе, на школьным аўтобусе, а яшчэ нядаўна ездзіла на сваім скутары. Думка, каб прагуляць рэпетыцыю, нават у галаву ёй ніколі не прыходзіла. Там жа яе чакаюць “дзевачкі” (так яна называе ўдзельніц калектыву) і "мальчык" – канцэртмайстар Андрэй Грыгаровіч.

Што ў куфэрку бабулі Гані?

Марыя Станіславаўна сапраўдны клад для аматараў даўніны. Яе творчы багаж – у тоўстых сшытках, у брашурах, у касетах (па падліках жанчыны, іх 60), дысках і флэшцы.

Ад маці Ганны яна запісала дзве сотні песень, падзяліла іх на шэсць раздзелаў і стварыла спеўнік пад назвай “Куфэрак бабулі Гані”. У ім – большасць песень на беларускай мове, але ёсць і на рускай, і на польскай. Захаваліся ў маёй субяседніцы і аўдыязапісы, дзе гучыць голас яе мамы.

- Мая мама добра ведала і любіла песні сваіх продкаў, сваёй мясцовасці. Мела добры слых і голас, была запявалай сярод вяскоўцаў, - кажа Марыя Станіславаўна. -Хочаце верце, хочаце не, але на адкрыцці ІІ Еўрапейскіх гульняў спартсмены ішлі пад “песні бабулі Гані”. На свае вушы чула, калі глядзела шоу па тэлевізары.

IMG_0124.JPG

IMG_0123.JPG

Да таго ж жанчына сама напісала 25 песень. У кожнай - жыццё народа. Наша. Мясцовае. Яны ўслаўляюць прыгажосць малой радзімы, асабліва тых мясцін, дзе нарадзілася аўтарка, - хутар Лісова. “Вечарынка на Лісове”, “Лісоўская рыбачка”, “Лісоўская забава-полечка”… А калі тапонім не згадваецца ў назве, у тэксце абавязкова заўважыш маляўнічыя пейзажы, адметныя дэталі, музычныя асаблівасці куточка, дарагога сэрцу.

Тут прайшлі юныя гады Марыйкі. Сям’я жыла дружна, заможна, але заможнасць гэтая дорага каштавала: працаваць даводзілася шмат. Але і адпачываць тут умелі. Музыка суправаджала і працу, і адпачынак.

- Не ведаю, куды са сваімі песнямі дзецца, з гэтай багатухнай! – смяецца жанчына. - Наш калектыў спявае 12 песень (трынаццатую – развучваем), дзве – у рэпертуары “Кропелек”. А яшчэ адзінаццаць пакуль у спеўніку. Чакаюць свайго “зорнага” часу.

- І словы, і музыка Вашы?

- Усё маё! З аддзела культуры прыязджалі да мяне, запісалі на дыктафон, як я выконваю свае песні. А настаўнік школы мастацтваў Чэслаў Жых распісаў ноты песень. Цяпер маю надрукаваны спеўнік сваіх твораў з нотамі (паказвае).

IMG_0116.JPG

Дарожка сцелецца між жыта…

Я чытаю ўступ да спеўніка: “Уявіце сабе малюнак: сенажаць з рознакаляровымі духмянымі кветкамі, у якую палоскай уплятаецца жыта, каласуе, пераліваецца хвалямі, нібы мора, гучыць спеў жаўранка, сонейка ззяе…

Гэтыя незабыўныя малюнкі я бачу і сёння. З вялікай удзячнасцю і гонарам за свой родны куток напаўняю імі сваю творчасць”. 

- “Палоска сцелецца між жыта, а ў небе жаўрукі пяюць…”, - цытую кампазіцыю “Давайце сабярэмся разам”, якую выконвае беларуская спявачка Жанет… - Гэта ж Ваша песня?

- Так! А другую песню - “Вясковая забава” - спявае Валянціна Альшанская. Маю аўтарскія правы на гэтыя творы, нават штомесяц атрымліваю грошы (хоць і невялікія) за іх выкананне.

Паказала Марыя Станіславаўна яшчэ адзін рукапіс “Адраджэнне культуры беларускага сялянства ў творчасці Валэйкавіцкага сельскага клубы. Карані і вытокі душы народнай”. - Гэта ўжо ўся гісторыя маёй старонкі. Так хацелася б кнігу выдаць, - удакладняе суразмоўца.

- Вы тут нарадзіліся, вучыліся, сюды прыехалі па размеркаванні пасля культасветвучылішча… А ці хацелі калі з’ехаць у іншае месца? – цікаўлюся, але адчувае, што адказ будзе прадказальны.

- Ніколі! Муж прапаноўваў у горад пераехаць. А я – не! Я б не прыжылася ў горадзе. Без зямлі, без гэтай прыроды, паветра, песень… 

IMG_0136.JPG

Тры гады таму мне зрабілі вельмі складаную аперацыю. Лічы, новае сэрца ўставілі… Вы думаеце, я б пасля аперацыі выжыла ў іншым месцы? Я сілы свае ўзнаўляла на гэтай зямлі. З гачкай у руках. Тут маё жыццё. Мая энергетыка. Мая душа.

Галіна АНТОНАВА.

Фота аўтара.


Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений