Мастак Уладзімір Навіцкі ў Залессі правёў майстар-клас

 

Мастак Уладзімір Навіцкі ў Залессі правёў майстар-клас

Культура
24.07.2019
1712
Чароўнае і атмасфернае месца, якое натхняе людзей на творчасць. Ведаеце яго? Музей-сядзіба М. К. Агінскага. Паэты, пісьменнікі, мастакі любяць тут бываць. Яны прызнаюцца, што Залессе  валодае прыцягальнай, магічнай сілай.

У музеі пастаянна ладзяцца выставы мастакоў і фотамастакоў. Калі мы прыходзім на выставу, то бачым гатовы вынік. У залежнасці ад свайго светапогляду, густу, адносін да наваколля робім для сябе выснову: што падабаецца, што кранае, а што не. А як ствараецца карціна? Што адчувае мастак падчас яе напісання? Адкрыць таямніцы згадзіўся таленавіты чалавек, мастак, канструктар-дызайнер Уладзімір  Навіцкі.

IMG_6772.JPG

Уладзімір Аляксеевіч жыве ў Залессі, яго выставы ўжо ладзіліся ў сядзібе. Цяпер мастак згадзіўся правесці майстар-клас “Ліпеньскі калейдаскоп”, прымеркаваны да году малой радзімы.

У майстар-класе ўдзельнічалі госці з УТЦСАН “Цёплы дом” і індывідуальныя наведвальнікі сядзібы. Уладзімір Аляксеевіч крыху расказаў па сябе і пра асноўныя тэхнікі жывапісу. А потым пачалася таямніца… Усе, затаіўшы дыханне, назіралі, як ствараецца карціна. Мастак працаваў у адной з самых складаных жывапісных тэхнік – акварэлі. Акварэльны жывапіс патрабуе ад творцы цудоўнага валодання майстэрствам пэндзля, бачання тону і колеру, ведання законаў змешвання колераў і нанясення на паперу.

Падчас работы мастака ў тэатральна-музычнай зале было ціха-ціха, і толькі гукі музыкі суправаджалі працэс стварэння карціны. І калі ён паклаў пэндзлі, публіка ўбачыла прыгожыя краявіды. Усё атрымалася! Пра гэта сведчылі апладысменты гасцей і шматлікія пытанні да мастака. Самым актыўным удзельнікам Уладзімір Аляксеевіч нават падарыў свае работы.

Наталля ЧУДАКОЎСКАЯ.

Фота аўтара.

Статьи по теме: