Памяці маэстра: Аляксандр Дзяруга. Вечны рухавік

Культура
18.03.2019 11:32
468
“Аддавайся жыццю светланосна!” Вось так лаканічна і вельмі трапна, на мой погляд, беларуская паэтка Ніна Мацяш адкрыла сакрэт сапраўднага чалавечага шчасця. У гэтых трох словах – увесь Аляксандр Дзяруга.

I як мала, як мала між люду такіх,

Хто ва ўласнай хадзе па выбоях

Зберагае, як найдарагое,

Чысты вогнік свайго міласэрдзя да ўсіх,

Сам аж свеціцца хто дабратою.

Ніна Мацяш.

25-гадовы Рычард РАМАНОЎСКІ - дэпутат Вярхоўнага Савета БССР. 1971 год.jpg

25-гадовы Рычард РАМАНОЎСКІ - дэпутат Вярхоўнага Савета БССР. 1971 год.


Місія выканальная

Смаргонь, 1962 год. Да Дома культуры пад’ехаў “ГАЗ-51”. Падалі “карэту” для цымбальнага аркестра, які накіроўваецца выступаць на Беларускае тэлебачанне. У грузавіка адкрыты кузаў. Добра, што на вуліцы цёпла і не ідзе дождж.

Гэта цяпер “зоркі” эфіру ездзяць на “Мерседэсах”, а раней… хто думаў пра той камфорт. Кузаў, у якім ад борта да борта ўстаноўлены лаўкі, напаўняецца падлеткамі. Каму не хапіла месца на лавах, прынеслі з ДК крэслы. Калі ўсе паселі, знайшоў сабе месца і кіраўнік аркестра Аляксандр Дзяруга. Да Мінска – шлях няблізкі. Але ніхто не скардзіцца на нязручнасці.

Вось і сталіца. Вуліца Чырвоная, 4. На тэлебачанні таксама ніхто з дзецьмі не сюсюкаецца. Прамы эфір патрабуе максімальнай канцэнтрацыі і мінімум памылак. Дзеці разумеюць усю адказнасць сітуацыі, стараюцца не падвесці ні кіраўніка, ні свой горад.

Толькі пасля выступлення можна расслабіцца. Аляксандр Анісімавіч сваіх артыстаў вядзе ў сталоўку і корміць смачным абедам. “Хто за яго плаціць? – былы ўдзельнік цымбальнага аркестра Рычард Раманоўскі задае пытанне амаль рытарычнае. – Не нашы бацькі і не арганізатары з тэлебачання. Хутчэй за ўсё Дзяруга за абеды плаціў з асабістай кішэні. Мне так здаецца…”

Пасля дзетвара гуляе па Мінску, ідзе ў дзіцячы парк Горкага. Аляксандр Анісімавіч фатаграфуе сваіх выхаванцаў, каб пасля кожнаму падарыць (не пра­даць, заўважце!) фота на памяць. Затым юныя музыкі зноў уладкоўваюцца на свае месцы ў грузавіку і з вецярком накіроўваюцца дадому.

Уладзімір ЦЕРАБУН, Рычард РАМАНОЎСКІ і Віктар БРЫЛЕЎСКІ сябруюць і цяпер. 1965 год..jpg

Уладзімір ЦЕРАБУН, Рычард РАМАНОЎСКІ і Віктар БРЫЛЕЎСКІ сябруюць і цяпер. 1965 год.


І зноў пытанне. Навошта Дзяругу гэта паездка: матэрыяльныя выдаткі, адказнасць за дзяцей, бытавыя нязручнасці? Дакладна адказаць мог на гэта пытанне толькі сам маэстра.

Хіба такая паездка была адна? Шмат разоў дзеці ездзілі ў Мінск, Гродна, калясілі па Смаргонскім раёне. І па суседніх таксама. Толькі вось юныя артысты мяняліся, а Дзяруга заставаўся нязменным удзельнікам такіх вандраванняў.

“Я створаны на радасць людзям!” – гарэзліва гаварыў пра сябе Бураціна. А пра Дзяругу можна сказаць гэта абсалютна сур’ёзна: “Ён нарадзіўся на радасць людзям”. І гэту місію выконваў. Можа, на ўзроўні падсвядомасці. А можа і яшчэ глыбей. 

Нядзельныя пасядзелкі

“Цяпер, праз гады, аналізую жыццё Дзяругі і прадаўжаю дзівіцца працавітасцю і адказнасцю гэтага чалавека, - зазначае Рычард Пятровіч. - Дзе канкрэтна было яго месца працы – у Доме культуры, у першай школе ці другой? Дзе знаходзілася яго працоўная кніжка? Дзе ён атрымліваў зарплату?  Ён з аднолькавай шчырасцю аддаваўся рабоце ва ўсіх пералічаных установах. Без інструкцый, без працоўных дагавораў, без выхадных, без нарміраванага рабочага дня… Рэпетыцыі, выступленні былі і па вечарах, і па суботах-нядзелях. Ён увесь час быў на сваім “пасту”. І, здавалася, не стамляўся.

Помню, прыходзіў да нас у першую школу. За перапынак паспяваў перагаварыць не з адным дзясяткам вучняў: навічкоў паклікаць у калектыў, удзельнікам напомніць пра рэпетыцыю, абмеркаваць праблемы, кагосьці сфатаграфаваць”.

Рысік у памідорах. 1948 год.jpg

Рысік у памідорах. 1948 год.


У цымбальным аркестры Рычард іграў на домры. Амаль пяць гадоў (з 1959 па 1964). Побач у аркестры гралі яго сябры з паралельнага класа, вучні першай школы Віктар Брылеўскі, Валодзя Церабун, сяброўства з якімі расцягнулася на ўсё жыццё.

Мой суразмоўца ўспамінае: “Не толькі канцэрты-рэпетыцыі былі магчымасцю для сустрэч і размоў. Часта па нядзелях удзельнікі аркестра хадзілі да Дзяругі дадому. Усіх  нас жонка Аляксандра Анісімавіча карміла смачным абедам.

Аднойчы Дзяруга прапанаваў нам насекчы дроў. Мы з радасцю згадзіліся, бо гэта работа была для нас звыклай. Я так стараўся, што Аляксандр Анісімавіч мяне пахваліў: “О, Рысік, як у цябе спрытна атрымліваецца махаць сякерай”. 

Першы тэлевізар у Смаргоні з’явіўся менавіта ў Дзяругі. Можа, яшчэ ў каго быў, але ніхто пра гэта не ведаў. Не толькі дзеці, але і дарослыя – суседзі, знаёмыя – прыходзілі, каб паглядзець на гэты цуд. Уявіце карціну публічнага тэлепрагляду: паўтара дзясятка суседскіх дзяцей (не менш) сядзяць на падлозе, а далей старэйшыя - хто на зэдліках, хто на крэслах. Такія прагляды былі вельмі частымі. Іншыя гаспадары не вытрымалі б такой колькасці людзей у сябе дома. Зачынілі б дзверы і цешыліся б цішынёй і спакоем. Але гэта не пра Дзяругу”.

Пазней Аляксандр Анісімавіч купіў плёнку, якая прыстаўлялася да экрана тэлевізара і рабіла “карцінку” каляровай. Гэта быў чарговы цуд, якім захаплялася амаль уся Смаргонь.

“Бонусы” для матроса-падводніка

Добрымі ўчынкамі, шчырымі адносінамі да людзей  Дзяруга пісаў аўтабіяграфію. Сваю кнігу жыцця ілюстраваў сваімі ж фотаздымкамі. Не аўтапартрэтамі, а партрэтамі людзей, якія яго акружалі.

Першы партрэт Рычарда Раманоўскага Аляксандр Дзяруга зрабіў, калі хлопчыку было гады два. “Рысік у памідоравым царстве. Год 1948”. І іншыя цікавыя, не менш мастацкія, партрэты маленькага смаргонца.

Ёсць у архіве Раманоўскіх і больш старыя фота, зробленыя напрыканцы 30-х гадоў ХХ стагоддзя, калі на нашай тэрыторыі была панская Польшча. Захаваліся фотаздымкі моладзі таго часу. Малады Пётр Раманоўскі, бацька Рычарда, з сябрамі і сяброўкамі. Мой суразмоўца практычна ўпэўнены, што фотаздымкі зрабіў Дзяруга. Сапраўды: выразна адчуваецца дзяругаўскі стыль, і якасць паперы такая ж, як і ў яго больш позніх фота, і памер невялікі (Дзяруга рэдка рабіў вялікія здымкі).

Смаргонская моладзь канца 30-х гадоў мінулага стагоддзя.jpg

Смаргонская моладзь канца 30-х гадоў мінулага стагоддзя.


Калі Рычарда прызвалі ў армію, з музыкай хлопец не развітаўся. Стаў удзельнікам струннага аркестра. І не проста ўдзельнікам, а салістам. Уменне граць на музычным інструменце  давала дадатковыя “бонусы” матросу-падводніку, які праходзіў “вучэбку” ў Ленінградзе: радзей хадзіў у нарады, удзельнікам мастацкай самадзейнасці дазвалялася хадзіць на танцы… У арміі хлопец атрымаў “Грамату за актыўны ўдзел у матроскай мастацкай самадзейнасці і высокае выканальніцкае майстэрства”.

Прафесійны лёс Рычарда Раманоўскага не звязаны з музыкай. Ён стаў электрыкам. На заслужаны адпачынак пайшоў з пасады галоўнага энергетыка ЗАСа. На рабоце заўсёды вылучаўся актыўнасцю, стараннасцю, працавітасцю. Пра гэта сведчыць мноства ўзнагарод. А яшчэ той факт, што ў 25-гадовым узросце Рычарда Пятровіча абралі дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. Смаргонскі раён на той час прадстаўлялі тры дэпутаты: Рычард Раманоўскі, свінарка з Сол Ванда Субель і намеснік старшыні Савета Міністраў БССР Ніна Сняжкова.

Імя майго суразмоўцы можна знайсці ў кнізе “Хто ёсць хто? Будаўнікі Беларусі”, якая выйшла ў 2013 годзе.  Выхаванцы Дзяругі выраслі вартымі людзьмі. І наш сённяшні герой – таму пацвярджэнне.

Галіна АНТОНАВА.

Фота з архіва Рычарда РАМАНОЎСКАГА.

Поделиться:

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений