Памяці маэстра: Аляксандр Дзяруга. Выхад заўсёды ёсць, альбо Смаргонскія глушыцелі

Культура
17.02.2019 10:19
667
“Ёсць звычайныя людзі, ёсць высокадухоўныя. Дзяруга быў высокадухоўным”, - вось так лаканічна і дакладна ахарактарызавала асобу Аляксандра Дзяругі Соф’я Лазар.

З Аляксандрам Анісімавічам яна пазнаёмілася напачатку 60-х гадоў мінулага стагоддзя, калі стала працаваць у Смаргоні пасля заканчэння педвучылішча. Яна была актывістка. Камсамолка, артыстка і проста прыгожая дзяўчына. Цудоўна дэкламавала вершы, спявала ў хоры, была вядучай на розных святах. Такую моладзь Дзяруга асабліва любіў. Яго называлі эстэтам. Ён сапраўды цаніў прыгажосць ва ўсіх яе праявах. Не сакрэт, што нават у першы рад аркестра садзіў самых прывабных дзяўчат. “У чалавека ўсё павінна быць прыгожым: і твар, і адзенне, і душа, і думкі”, - Антон Паўлавіч Чэхаў быў не адзінокі ў сваім перакананні.

І немагчымае - магчыма

У 1965 годзе Соф’я Лазар стала намеснікам загадчыка аддзела культуры райвыканкама. Часта бывала ў Доме культуры (арганізоўвала канцэрты мастацкай самадзейнасці і сама ўдзельнічала ў іх). Тут праводзіў рэпетыцыі аркестра Аляксандр Дзяруга. Для Соф’і Лазар вопытны калега стаў і сябрам, і дарадцам, і нават псіхолагам.

“Для мяне Аляксандр Анісімавіч быў прыкладам дабрыні і чалавечнасці, - зазначае Соф’я Іванаўна. - Да яго можна было звярнуцца па розных пытаннях. Нават калі з’яўлялася праблема ў асабістым жыцці, ён таксама ўмеў дапамагчы і падтрымаць слушнай парадай”.

Яго ўменне знайсці выхад з любой сітуацыі яскрава дэманструе адна гісторыя. Праўда, для газеты Соф’я Іванаўна саромелася яе расказаць. Давялося ўгаворваць. І не дарма. Але мяркуйце самі…

Софья Лазарь 1969.jpg

Соф’я ЛАЗАР на сцэне Беларускага дзяржаўнага опернага тэатра. Свята, прысвечанае 50-годдзю ўтварэння БССР. 1969 год. У зале прысутнічаў Генеральны сакратар ЦК КПСС Леанід Брэжнеў.


Гэта быў 1965 ці 1966 год. У Мінску праходзіла дэкада народнай творчасці. Калектывы з усёй рэспублікі выступалі на сцэне опернага тэатра. Журы на папярэднім праслухоўванні цымбальнага аркестра кажа Аляксандру Дзяругу: 

“Вельмі гучна! Зрабіце гучанне мякчэйшым…” Што значыць “зрабіце мякчэйшым”?  На цымбальныя палачкі трэба тэрмінова паставіць глушыцелі. З чаго? У маэстра - ноч, каб вырашыць задачу. На наступны дзень – заключны канцэрт.

Дзяруга не разгубіўся. Пайшоў у аптэку і купіў… 100 прэзерватываў. Выпісаў рахунак для бухгалтэрыі аддзела культуры, каб вярнулі грошы за пакупку. Цікава, што думала супрацоўніца аптэкі, калі выпісвала рахунак?.. Магчыма, Дзяруга растлумачыў, навошта столькі дробнага тавару прадстаўнікам культуры.

Для пераапранання смаргонскім артыстам прадаставілі пакой, дзе рыхтавалася да выступлення народная артыстка  СССР, оперная спявачка Тамара Ніжнікава. Вярнуўшыся з аптэкі, Дзяруга абматаў усе цымбальныя малаточкі “рызінай”.

Журы на наступны дзень: “Ой, не пазнаём аркестр! Іншы гук! Супер! Супер!” У цымбаль­нага аркестра зноў трыумф. Апладысменты не змаўкаюць.

Пасля выступлення ў грымёрцы Тамары Ніжнікавай былі знойдзены адходы ад “рызінак”. Тады і раскрыўся сакрэт цудоўнага гучання смаргонскіх цымбалаў. Доўгі час грымела пагалоска пра смаргонскія глушыцелі. На ўсю рэспубліку праславіліся смаргонцы не толькі сваёй ігрой, але і вынаходніцтвам.

…А бухгалтарка аддзела культуры была дама сур’ёзная, і вярнуць грошы за “смаргонскія глушыцелі” адмовілася.

Здымаю шляпу

“Дзяруга меў зносіны са многімі вядомымі сталічнымі музыкамі. Яго паважалі вядомыя харавыя дырыжоры, фалькларысты Канстанцін Паплаўскі, Віктар Роўда, Генадзь Цітовіч, Рыгор Шырма. Пасля выступленняў аркестра Дзяругу заўсёды журы звала да сябе, дзякавала за выступленні, - удакладняе Соф’я Лазар. – Гэтыя людзі і ў наш горад прыязджалі, каб даць парады смаргонскім артыстам. Разам з Дзяругам яны ездзілі па вёсках Смаргоншчыны,  збіралі фальклор.

Пасля вайны ў Смаргоні прафесійных музыкаў не было. А ў 60-х і 70-х гадах сталі з’яўляцца дыпламаваныя спецыялісты. Сярод іх асабліва вылучаўся Мікалай Ходаш. Баяніст ад Бога. Геній. Бескарыслівы, улюбёны ў сваю работу. Ён выдатна граў на інструменце, рабіў апрацоўкі для цымбальнага аркестра і ансамбля Агінскага. Ходаш - нашмат маладзейшы за Дзяругу. Аляксандр Анісімавіч быў у сталым узросце і пры такім статусе, які не дазваляе пакланяц­ца перад маладымі. Але гэта быў не дзяругінскі прынцып: Аляксандр Анісімавіч цаніў Колін талент і час ад часу здымаў перад маладым баяністам сваю саламяную шляпу.

Дзяруга зрабіў шмат для развіцця культуры нашага краю. Але і Ходаш – не менш. Калі б давялося паставіць на чашы вагаў унёсак Ходаша і Дзяругі, то чашы аказаліся б нараўне. На жаль, пра Дзяругу смаргонцы ведаюць няшмат, а пра Ходаша – яшчэ менш”.

Праздник.60-е годы. Сморгонь.jpg

Свята песні і працы. Пачатак 60-х гадоў XX ст.


Адметны “почырк”

Калі мы разглядалі фота, зробленыя Дзяругам, Соф’я Іванаўна зазначыла, што дзяругаў “почырк” яна можа пазнаць у ва многіх рэчах. У гісторыка-краязнаўчым музеі захоўваюцца два невялікія сшыткі з нотамі. Непадпісаныя. Супрацоўнікі музея дапускалі думку, што гэта ноты Дзяругі. Але не былі ўпэўнены. Соф’я Іванаўна зірнула на запісы і без сумневу прамовіла: ”Так! Гэта яго ноты. Я ведаю, як ён пісаў. Акуратныя невялікія, фігурныя літары. Ці ноты. Практычна без нахілу ці з невялікім нахілам улева”.

Дзяругінскі “почырк” чытаецца і ў яго фотаздымках. Соф’я Лазар можа лёгка адрозніць іх ад многіх іншых. Аляксандр Анісімавіч не любіў пастановачных здымкаў, шукаў цікавыя ракурсы і сюжэты”. Для пацвярджэння сваіх слоў жанчына звярнула ўвагу на адзін здымак 1956 года, дзе сфатаграфаваны яе муж-падлетак са сваімі сябрамі. Двое ся­дзяць на абломленым суку дрэва, а трэці выглядвае з-пад іх ног. Сталі разглядаць іншыя фотаздымкі – яны таксама арыгінальныя па змесце. 

Сморгонь.1956.jpg

Смаргонскія падлеткі. 1956 г.


“Аляксандр Дзяруга заўсёды быў у цэнтры падзей. На самых розных мерапрыемствах, - усміхаецца мая суразмоўца. - Яго можна было і не клікаць, сам прыходзіў і знаходзіў сабе прымяненне. Нават у сталым узросце Аляксандр Анісімавіч дзяжурыў на танцпляцоўках, сачыў за парадкам і фатаграфаваў. Ён быў фоталетапісцам Смаргоншчыны”.

Напрыканцы размовы Соф’я Іванаўна прыпомніла яшчэ адзін цікавы факт, які таксама трапна характарызуе нашага героя.

У Смаргоні, на месцы цяперашняга клуба “SPACE”, стаяла Спаса-Праабражэнская царква. Хоць час быў атэістычны, але людзі ў царкву хадзілі. Асабліва шырока адзначалі Яблычны Спас. Не толькі з горада, але і з вёсак збіраліся людзі ў святыні. Уся плошча перад царквой была застаўлена вазамі. Веруючыя маліліся, асвячалі яблыкі, а потым адзначалі свята. Хто прыходзіў-прыязджаў на Спас, хацеў сфатаграфавацца. Дзяруга нікому не адмаўляў. За вочы звычайныя людзі называлі яго па-простаму “здымшчык”. А пры асабістых зносінах паважліва – пан Капусцінскі. Многія не ведалі сапраўднага прозвішча Аляксандра Анісімавіча. Больш вядомы на той час быў яго цесць – адвакат Канстанцін Капусцінскі. Але гэты факт не раздражняў Дзяругу. Капусцінскі дык Капусцінскі. Галоўнае, што яго людзі паважаюць, а ён робіць для іх добрую справу.

Галіна АНТОНАВА.

Фота з сямейнага архіва Соф’і ЛАЗАР.


Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений