Выхаванцы Смаргонскіх ясляў-сада №14 наведаліся ў творчую майстэрню ганчара Сяргея Нагаева

Культура
02.10.2018 11:59
1676
Экскурсія або турыстычны паход - формы работы па выхаванні любові да малой радзімы, роднага краю, засваення традыцый і культуры свайго народа, фарміравання навыкаў здаровага ладу жыцця. Вось і выхаванцы старэйшай групы №8 наведаліся ў творчую майстэрню ганчара Нагаева.

IMG_2647.JPG

Па дарозе да майстэрні дзеці разам з выхавальнікамі ўспаміналі прыказкі і прымаўкі пра чалавека і яго працу: “Па рабоце майстра знаць”, “Які рамеснік, такая і работа”, “Не печ корміць, а рукі” і іншыя.

На парозе нас сустрэў гаспадар Сяргей Нагаеў. Спачатку ён даў дзецям аглядзецца вакол. А вакол было столькі прыгожых рэчаў, знаёмых і незнаёмых: кубкі, гарлачыкі, глякі, збаночкі.

Затым ганчар пачаў сваю размову з нашымі выхаванцамі. Ён паказаў кавалак гліны і падрабязна разказаў пра яе ўласцівасці. А яшчэ паведаміў пра чатыры стыхіі – зямлю, ваду, паветра і агонь, якія дапамагаюць гэтаму кавалачку гліны ператварыцца ў вельмі прыгожы гарлачык. Гэта было так цікава, што нават дарослыя слухалі майстра з вялікім задавальненнем.

Далей было самае цікавае. Як гаварылі пазней дзеці: “Нам паказвалі фокусы”. Майстар паклаў кавалачак гліны на ганчарны круг і лёгкімі дотыкамі сваіх пальцаў ператварыў яе ў прыгожы гарлачык. А потым з дапамогай пэнзля яго размаляваў. Дзеці глядзелі на гэтыя пераўтварэнні з вялікай цікавасцю. Нашых выхаванцаў гэтыя цуды вельмі ўразілі. Вярталіся мы ў дзіцячы садок у захапленні і з добрым настроем. І вырашылі мы - абавязкова вярнуцца ў гэтую цудоўную майстэрню праз пэўны час.

IMG_2653.JPG

IMG_2660.JPG

Наталля КОЛВЗАН, выхавальнік дашкольнай адукацыі ясляў-сада №14.

Поделиться:

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений