“Батлейка” Смаргонскага ЦТДМ - не простая гульня ў лялькі

Культура
24.07.2018 09:49
1549
З вялікай ахвотай навучэнцы малодшага школьнага ўзросту працуюць над лялечнымі спектаклямі на біблейска-містэрыяльныя тэмы, што ставяцца ўзорным лялечным тэатрам “Батлейка” ЦТДМ.
IMG_9330.JPG

 

“Сёння пра батлейку, як беларускі нацыянальны тэатр, сучасныя маладыя людзі часцей за ўсё нічога не ведаюць. А гэта – частка нашай нацыянальнай культуры, гэта нашы традыцыі. Адрадзіць батлейку на Смаргоншчыне – для мяне вельмі важна”, – так мяркуе педагог дадатковай адукацыі вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі Іна Яновіч, якая працуе ў Смаргонскім раённым цэнтры творчасці дзяцей і моладзі.

Свае першыя веды пра батлейку Іна Уладзіміраўна атрымала ў Мінскім педагагічным універсітэце, і з той пары марыла арганізаваць тэатр. Атрымалася толькі тры гады таму, але за такі невялікі час аб’яднанню па інтарэсах “Лялечны тэатр “Батлейка” ўдалося набыць вядомасць не толькі ў Смаргонскім раёне, але і за яго межамі.

З вялікай ахвотай навучэнцы малодшага школьнага ўзросту працуюць над лялечнымі спектаклямі на біблейска-містэрыяльныя тэмы. Але найбольшую зацікаўленасць выклікаюць пьесы па матывах народных і сучасных казак: “Пра гаспадара Хвядоса”, “Каза Манюка”, “Як кот звяроў напалохаў” і іншых. Аднак батлейка толькі пачынае сваё адраджэнне ў Беларусі, і распрацаваных батлеечных п’ес недастаткова, таму некаторыя п’есы педагог складае разам з навучэнцамі.


IMG_4857.JPG

Знаёмства з батлейкай на занятках гуртка пачынаецца з вывучэння гісторыі беларускай народнай лялькі. Народная батлеечныя лялька нясе ў сабе інфармацыю пра побыт, мастацтва, звычках, пра сэнс жыцця беларусаў. Яна развівае акцёрскія, рэжысёрскія, драматургічныя, музычныя, мастацкія, дызайнерскія, літаратурныя, моўныя здольнасці.

Вялікае значэнне надаецца вырабу лялек, якія будуць прадстаўляць персанажаў батлейкі. Для гэтага праводзіцца конкурс малюнкаў, дзе навучэнцы малююць сваё бачанне таго ці іншага персанажа. Дапамогу ў вырабе лялек аказваюць гурткі «Мяккая цацка», «Лепка з гліны», а таксама бацькі навучэнцаў. Некаторых лялек вырабляюць самі навучэнцы з палімернай гліны.

Педагог упэўнена, што вывучэнне і выраб батлеечных лялек дапамагае фарміраванню ў малодшых школьнікаў нацыянальных рыс характару беларусаў, якімі прынята лічыць дабрыню і працавітасць, патрыятызм, сумленнасць, гасціннасць і талерантнасць, акуратнасць, спагадлівасць, адкрытасць, беражлівыя адносіны да зямлі і дому.

Прыступаючы да пастановачнай працы, Іна Уладзіміраўна распавядае дзецям пра гісторыю, на аснове якой робіцца пастаноўка, пра побыт, касцюмы, праводзіць гутарку аб вобразах і характарах, аб матывах іх дзеянняў. Немалаважна, што зносіны на занятках адбываюцца на беларускай мове.

Перш чым прыступіць да працы з лялечнымі вобразамі, ролі праігрываюцца без лялек, што дапамагае дзецям глыбей зразумець вобраз лялечнага персанажа.

IMG_9328.JPG

Вельмі эмацыянальна праходзяць заняткі з удзелам бацькоў навучэнцаў. Дарослыя і дзеці вучацца разумець адзін аднаго, усталёўваюцца больш даверлівыя адносіны, фармуюцца сямейныя традыцыі.

У батлеечных спектаклях педагог шырока выкарыстоўвае ўсе віды фальклору: казкі, песні, прыказкі, прымаўкі. Прысутничаюць у рэпертуары батлейкі і лялечныя прадстаўленні фальклорных абрадаў, такіх як “Пакроўскі кірмаш”, “Масленіца”, “Каляды”.

Часта адна прымаўка становіцца матэрыялам для вялікага дыялогу з навучэнцамі або цэлага даследавання. Так, прымаўка “Калядкі – гаспадарскія парадкі” знаёміць са звычаем падрыхтоўкі беларусаў да свята “Каляды”. Свае міні-даследаванні навучэнцы афармляюць ў выглядзе малюнкаў, самаробных буклетаў, а найбольш цікавыя сямейныя гісторыі ўключаюцца ў сюжэт лялечнай пастаноўкі. Усё гэта дапамагае навучэнцам зразумець, што яны – частка беларускага народа.

Для таго, каб разнастаіць лялечныя прадстаўлення батлейкі, Іна Уладзіміраўна ўключае ў спектакль і выступленні фальклорнага гуртка “Жалейка”, кіраўніком якога яна таксама з’яўляецца. Фальклорныя песні, пацешкі, прымаўкі гучаць не толькі ад асобы лялечных герояў, але і ўплятаюцца ў дзеянне па ходу прадстаўлення ад асобы дзяўчынак і хлопчыкаў. Выкарыстоўваецца музычнае суправаджэнне на цымбалах, скрыпцы, баяне ў выкананні вучняў.

Некаторыя традыцыі, якія зарадзіліся ў тэатры, ужо сталі традыцыйнымі для Смаргонскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі: навучэнцы лялечнага тэатра “Батлейка” заўсёды сустракаюць гасцей усіх значных мерапрыемстваў з хлебам і соллю і спяваюць песню “Госці”. А на госці да юных акцёраў у цэнтр творчасці дзяцей і моладзі часта прыходзяць іх аднагодкі са смаргонскіх школ, якія не толькі перажываюць яркія ўражанні, станоўчыя незабыўныя эмоцыі падчас прагляду казкі, але і атрымліваюць магчымасць таксама стаць лялькаводамі.

Лялечны тэатр “Батлейка” вядзе актыўную канцэртную дзейнасць, вынікова ўдзельнічае ў гарадскіх і рэгіянальных конкурсах, штогод выступае на раённым фестывалі творчасці дзяцей з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця “Свет маіх захапленняў”, Калядных сустрэчах з удзелам святароў.

За тры гады юныя акцёры атрымалі не толькі любоў гледачоў, але і шмат дыпломаў за прызавыя месцы ў рэгіянальных фестывалях батлеечных тэатраў “Чароўны свет батлейкі”, у раённым конкурсе тэатральных пастановак “Вясёлы карагод”.

У планах Іны Уладзіміраўны – распрацаваць праграму аб'яднання па інтарэсах на павышаным узроўні, дзе акрамя аб’яднання «Батлейка» будзе прадугледжана праца некалькіх аб’яднанняў: “Студыі па вырабе батлеечных лялек”, “Студыі фальклору”.

З размоваў з бацькамі высветлілася, што іх дзеці, якія займаюцца лялечным тэатрам, сталі лепш чытаць, размаўляць на беларускай мове, у некаторых наогул палепшылася паспяховасць у школе. Але, самае галоўнае тое, што дзеці з нецярпеннем чакаюць сустрэч з таленавітым педагогам, які сродкамі старажытнай батлейкі далучае іх да сапраўдных каштоўнасцей беларускага народа.

396e9085f181054169928aab90a887ab.jpg

Святлана БАЛЫШ,

намеснік дырэктара

Смаргонскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі



Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений