Ужо другі год дзеткі восьмага садка групы №12 са Смаргоні вывучаюць беларускую мову

 

Ужо другі год дзеткі восьмага садка групы №12 са Смаргоні вывучаюць беларускую мову

Культура
19.04.2018 11:17
1329
Ды не проста вывучаюць, яны жывуць у пэўным асяроддзі сярод беларускіх казак, песенак, гульняў, святаў і строяў, беларускіх лялек і цацак.  Гэта дапамагае авалодаць  не толькі мовай, але вельмі гарманічна, без прымусу пазнаеміцца з беларускай культурай, традыцыямі, гісторыяй роднай краіны.

10.jpg

У куточку групы - стылізаваная печ, каля ей лава, на якой адпачывае лялька-бабуля, недалека – драўляная калыска, дзе спіць маленькі Яначка, пад лаўкай - бабуліна любімая курка нясе яйкі. Дзетак акружаюць выцінанкі, даматканыя посцілкі, вышываныя абрусы і сурвэткі, плецены посуд,  смаргонскі мядзведзік, абаранніца і млын.

На занятках у час фізкультхвілінак малышы з задавальненнем і нейкай пэўнай асалодай  спяваюць беларускія прыпеўкі, а могуць і “Весялуху” станцаваць, каб свае  ножкі патрэніраваць.

12.jpg

Уключэнне ў беларускую караневую культуру адбываецца на аснове павагі да яе, разумення яе законаў. А лепш за ўсе, калі ты сам з’яўляешся ўдзельнікам свята, абрада, пэўнага традыцыйнага дзеяння.

Сення ўжо нікога не здзівіш  святамі “Масленіцы”, “Камаедзіцы”, “Гукання вясны”, “Юр’я”,  “Купалля” і іншае.  Але кожны раз  пры правядзенні  падобных мерапрыемстваўадкрываецца нешта новае, нейкая неверагодная глыбіня мудрасці светапогляду нашых продкаў, дзе кожнае  абрадавае дзеянне  мела свае значэнне.

13.jpg

Напрыклад, мяне ўражваюць карагоды. Яны з’яўляліся важным элементам многіх свят. Кожны чалавек – гэта як космас, валодае пэўнай энэргетыкай, рэсурсамі. А калі людзі разам браліся ў карагод, то ўжо само гэта дзеянне вызывала пэўныя эмоцыі, падпарадкоўвала грамадзе і валодала вялікай сілай.Кожны чалавек адчуваў сябе часціцай нечага важнага, адчуваў падтрымку і абарону грамады. Карагоды вяліся пэўнымі фігурамі: колам, як танок, васьмеркай –  знак бесканечнасці, -  быццам  магутная людская плынь малявала на зямлі пэўныя ўзоры, якія нагадвалі арнаменты на вышыўцы і няслі свой магічны сэнс. Раней чалавек быў вельмі моцна звязаны з зямлей, бо ад яе залежыў не толькі ўраджай, але і жыцце сям’і, роду. Таму лічылася, што чым больш тупаеш, грукаціш па зямлі ў час свята, тым лепей цябе пачуюць продкі і дапамогуць у справе.  Магчыма, карагоды вадзіліся доўга і натхнена.

Трэба сказаць, што малышы вельмі любяць і добра ўмеюць не толькі вадзіць карагоды, але яшчэ і спяваць падчас руху. Дзякуючы таленавітаму музычнаму кіраўніку Мейсак Алене Міхайлаўне песенны рэпертуар выхаванцаў вельмі разнастайны, прычым  спецыфічны для беларускамоўнай групы.

11.jpg

Не меньшае ўражанне і эмоцыі выклікае нацыянальнае адзенне, строй беларусаў. Бо на свята прыходзілі  ўсе прыгожа апранутыя, гэта была нагода прадэманстраваць  свой строй і свае ўмельства.  У вясковай грамадзе з асаблівай павагай ставіліся да майстэрства вырабу і майстэрства нашэння народных строяў. Строі  ў рэгіенах адрозніваліся. Па пэўных элементах адзення  і яго аздаблення можна было пазнаць з якой мясціны чалавек, які мае статус.

Вялікае задавальнення атрымалі гледачы нашага нядаўняга свята, калі выхаванцы выйшлі ў беларускіх строях, якія для іх падрыхтавалі клапатлівыя бацькі і бабулі. Прычым, гэта былі рэгіянальныя строі і прычоскі. Загаддзя мы з маленькімі беларусачкамі правялі сапраўдны майстар-клас па беларускіх прычосках, зафіксавалі на фотаздымках і адправілі ў вайбер бацькам.

Мне, як гаспадыні свята, пашанцавала апрануць рэканструяваны смаргонскі строй, якія ўзнавілі па пэўных гістарычных дакументах майстрыцы з Залесскага Дома раместваў. Адчуванні неверагодныя! Пэўныя колеры і арнаменты, натуральныя тканіны, ручное шво і подых продкаў сваей малой радзімы.

6.1.jpg

Трэба сказаць, што не толькі дзеці, але і іх сем’і прымаюць самае актыўны ўдзел ва ўсіх нашых справах: упрыгожваюць групу і залу для свят, майструюць атрыбуты,  рыхтуюць касцюмы, печыва і пачастункі, робяць фотаздымкі і відэа. У нас вельмі дружная садаўская сям’я.  І гэта так каштоўна!

Такім чынам, дзеці без прымусу авалодваюць ўсім комплексам традыцыйных ведаў у народным побыце, чалавечых стасунках, умельствах, духоўнай культуры. На гэтым  раней і грунтавалася народная педагогіка.

Зараз сучаснае жыцце дыктуе свае ўмовы: не кожны чалавек мае агарод і ўсякае дачыненне да зямлі. Танцы часцей носяць нейкі індывідуальны і спантанны характар, дзе кожны дэманструе сябе, не клапоцячыся пра іншых.  Строі , калі адзенне апраналася ў пэўным парадку, каб было стройненька, замянілі тэндэнцыі , часта замежнай і чужой для нас моды.

Такім чынам, наша караневая культура, а з ей песні, народныя танцы, рукатворнае мастацтва , родная мова зыходзяць паступова ў нябыт. Але святое месца пустым не бывае! На вольнае ад сваіх каранеў месца заступаюць самыя неверагодныя, часта чужыя для нас звычаі, святы, методыкі выхавання дзяцей. А нашы дзеці – гэта зярняты, каторыя павінны расці на роднай і з любоўю падрыхтаванай для іх зямлі.

4.1.jpg

4.jpg

15.jpg

Эдзіта БРАНЦЭВІЧ, выхавальнік дашкольнай адукацыі.

Фота Таццяна ЗАЙКО.

 

Поделиться:

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений