Малой радзімы песняры: Мар’ян ДУКСА

Культура
06.04.2018 14:20
2522
Летась споўнілася 50 год з дня выхаду ў свет першага паэтычнага зборніка слыннага паэта, нашага земляка Мар’яна ДУКСЫ. А яго першыя літаратурныя вопыты з’явіліся ў друку значна раней. Таму можна дакладна сцвярджаць, што больш як паўстагоддзя пісьменнік бездакорна і шчыра служыць мастацтву слова.
Дукса5.jpg

Сёлета, 5 красавіка Мар’ян Дукса адзначыў свой чарговы прыгожы юбілей.

Паэт па-ранейшаму застаецца поўны творчых задум і з натхненнем дзеліцца са сваімі прыхільнікамі шчырымі, глыбокімі, філасофскімі творамі.

Віншуем Мар’яна Мікалаевіча з днём нараджэння і публікуем нізку яго новых вершаў.

* * *

Шматлікія прымоўклі галасы,

людскія спрэчкі супыніла згода.

На сціплыя пагоркі і лясы

з нябёсаў апусцілася лагода.

І яблыня шыкоўна расцвіла

ад дотыку нябеснага спрыяння.

Любові непатушанай і зла

як быццам і няма супрацьстаяння.

Як скараціў святлісты поўдзень цень!

Заснуў далёкі землятрус шматбальны.

Нарэшце, наш звычайны “Добры дзень!”

гучыць як падарунак музыкальны.

* * *

Над намі вітаюць парады-наказы.

І розумам мы ўжо ўвабралі дзяціным

такую жывую крылатую фразу:

- Не хлебам адзіным…

Ужо пасталеўшы, за родным парогам,

над прывідным скарбам

карпеем гадзіны…

Хоць помнім, што гэта абвешчана Богам:

- Не хлебам адзіным…

Не хлебам адзіным жыві, чалавеча.

Ці поўную радасць прыносіць удача?

Як часта, прагнаўшы рашуча галечу,

начамі душа твая ціхенька плача.

Ах, колькі ў яе нечаканых надломаў!

Як хоча яна сваю высвеціць долю,

калі вырываецца з пышных харомаў,

каб раптам адчуць паднябесную волю,

дзе столькі з’яднанага з ветрам раздолля,

сюды прылятае як быццам дадому.

Як часта, пакінуўшы веліч застолля,

яна адчувае страшэнную стому.

Як хочацца ёй памаркоціцца ціха,

як доўга самоціцца, ледзьве жывая.

Не раз і не два чалавечая пыха,

штурвал ухапіўшы, душу забывае.

Не хлебам адзіным… Святая парада

зноў ззяе ў спрадвечнай сваёй пазалоце.

Ах, як яна позна, вось гэтая праўда,

усведамляецца сэрцам і плоццю.

* * *

Даходзіць рэха радасцей і драм,

мы чуем голас твой нябесна звонкі.

О, Беларусь!

Ах, як прыемна нам

гартаць твайго мінулага старонкі.

Яны жывымі свецяцца. Яны

як быццам шлюць нашчадкам прывітанне,

даносяць водар роднай даўніны

і дораць сэрцаў шчырых трапятанне.

Наш край ад цемры даўняй не аслеп,

відушчымі былі дзядзькі і цёткі.

Яны не толькі думалі пра хлеб –

сваю душу хацелі ўзвысіць продкі.

З яе глыбіняў шчодра, як з каўша,

зачэрпнулі мелодый мы нямала.

І наша беларуская душа

у радасці і ў час журбы спявала.

Была зіма або была вясна,

у атмасферы цёплай ці варожай,

як у люстэрку залатым, яна

адбілася ў мелодыі прыгожай.

* * *

Радасць крохкая, нібы шкло…

Раптам пырснула ў сэрцы святло

і патухла – як не было…

 

Радасць – яблыняў зыркі парад.

Як духмянай ты квецені рад.

Але глянь – асыпаецца сад.

 

Радасць – цёплага ветру парыў.

Радасць – вось ты бяду пакарыў.

Мог упасці – не ўпаў у абрыў.

 

Радасць – сон малады пад шчакой,

калі сонца й любоў пад рукой.

Радасць – знойдзенай веры спакой.

 

* * *

Зацятае ты ўсё ж, сумленне.

Твая згрызота не заглохла.

Мяне зноў ставіш на калені,

раней хоць выплакацца змог я.

Перад касцельнай спавядніцай

не раз сціскаўся ў ком нікчэмны.

А ўсё ж не змог абараніцца

ад успамінаў пад'ярэмных.

Душы аціхлае азерка

бярэцца хвалямі заўсёды,

як памяць стукаецца ў сэрца

без папярэджання і згоды.

Не ведаў, што часіна прыйдзе,

каб пугай біць сябе драцянай…

Сумленне, я цябе пакрыўдзіў

парой затлумлена-няўцямнай.

* * *

Не беспрычынна, ды толькі захутка

у небыццё праваліўся мой хутар.

Дзе мае яблыні, грушы, таполі?

Чыстае поле.

Ну, і куды вось маглі праваліцца

вокны і лаўкі, сталы і паліцы?

Мо ад самоты бязлюднага будня

высахла студня?

Пыл паўцякаў ад старых штукатурак.

Гэта ж куды павалокся падмурак?

След твой ну дзе, мая ранняя доля?

Чыстае поле.

Хоць ты пастаў

замест ссунутых печак

некалькі свечак.

* * *

Хіба агонь пажарны

бывае добрым, родным?

Ён быў і ёсць пачварным,

бо ён заўжды галодны.

Не ціхім, цёплым нейкім –

бязлітасным і дзікім,

не хоча быць маленькім,

ён прагне быць вялікім.

Не надта лёгка сціхне,

ён мае шмат адвагі,

калі аднойчы ўспыхне

клубок гарачай звягі.

Тушыце гнеў бязмерны

усмешкаю лагоднай.

Агонь – ён крыважэрны,

агонь заўжды галодны.

* * *

Майдан быў значна раней –

у часе імперыі Рымскай

кіпеў аж натоўп-ліхадзей

на плошчы Іерусалімскай.

Такое калісьці было –

нянавісць вірыла патопам,

калі стогалосае зло

вылазіла з нетраў натоўпу…

Натоўп, ты зусім не падрос.

Ты ёсць, як і быў, самазваны,

калі непадсудны Хрыстос

быў крыкам тваім лінчаваны…

Іерусалім ці Парыж,

святога не ведаеш страху.

Ты некага цягнеш на крыж,

кідаеш нявінных на плаху.

Ты ўсіх акунаеш у боль,

падкідваеш катам найгоршым –

ці гэта французскі кароль,

ці цар з яго хворым Алёшам.

Дарма спадзяешся на цуд –

што могуць твае небаракі?..

О, плошчаў затлумленых люд,

ты сейбіт усё-ткі ніякі.

Ні тупат, ні крык і ні грук

штодзённасць аздобіць не ў стане.

А злосць, што грувасціш на брук, –

хіба яна коласам стане?

* * *

Цемра раскінула крылы,

зоркі заплавалі нізка!

І да сябе прытуліла

нас ты, зямная калыска.

Ветраны дзень адляцелы

стомы падкінуў задужа –

сном абгарні нашы целы,

закалышы нашы душы.

І супакою ласунак

дорыць нам ціша начная…

Божы ты ёсць падарунак,

наша калыска зямная.

Цяжка нам звычку парушыць –

смокчам начамі няўдачы…

Закалышы нашы душы,

каб не зайшліся ад плачу.

* * *

Брыдуць адчай і злосць,

хоць побач радасць едзе…

Як добра, што Ты ёсць

непадалёку недзе.

Не трэба галасіць,

калі з душой у згодзе.

Найлепей папрасіць…

Павер, адразу – дойдзе…

Не гушкай на гарбе

свой боль, хоць і прычынны.

Палёгка да цябе

схінецца нейкім чынам.

Не даплыве ніяк

да розуму людскога,

адкуль, чаму і як

прыходзіць дапамога.

* * *

Шаноўны Папа!

Нашы ўсе гасцінцы,

усе кірункі беларускіх трас,

наш Мінск зялёны,

чысты і гасцінны чакаюць Вас.

Чакаюць Вас і гарады, і вёскі,

шле запрашэнне люд з усіх бакоў.

У гонар Ваш распусцяцца бярозкі,

вянок спляцецца з нашых васількоў.

Наведвайце наш край, дзе спее згода,

дзе лашчыцца пад сонцам цішыня.

Адчуеце, што ў нас жыве лагода

і з нашых душаў льецца цеплыня.

Хай будзе Ваш візіт найлепшы самы,

хай нам ён ласку Бога прынясе.

Чакаюць Вас усе святыя храмы

і нашы сэрцы ўсцешаныя ўсе.

* * *

Эпоха прыйшла не мая.

Рулюе паўсюдна прагматык.

Учэпісты практык. А я

на ўзбочку – музейны рамантык.

 

Люляю, штодзень калышу,

як майскага бэзу галінку,

ціхманую вельмі душу,

што танна каштуе на рынку.

 

Банкрутства яе настае?

Яе ж не адняць, не адрэзаць.

І акцыі заўтра яе

уверх яшчэ, можа, палезуць?

* * *

Буяністы вецер і лівень абвальны,

вялікі трыумф адзічэлай вады.

Бяды нечаканай гул карнавальны

вітае паваленыя гарады.

Дрымучы вулкан, што спаў сабе ціха,

гарачую лаву на стрэхі нясе.

Такая ў прыродзе неразбярыха,

як быццам парушаны правілы ўсе.

Дзе дзелася вытрымка, нейкая згода?

Ураўнаважаны дух яе згас…

Ды ці вінавата ў нечым прырода?

Яна, відавочна, капіруе нас.

Чым ганіць яе, дарагую сваячку,

хай зменіцца людства само пакрысе…

Мы ўласную ці ўсведамляем гарачку,

якая бязвінныя душы трасе?

* * *

Спраўляем мы каторы раз угодкі

руінаў слынных пасярод магіл.

Які ён цёмны і які ён горкі

шматлікі попел – жахаў мёртвы пыл?

А час ідзе, мільгаюць дні і вёрсты

і тоўпяцца паціху ў небыцці.

Аднак жа, як нам,

сённяшнім, няпроста

той попел-пыл ад сэрца атрасці?

Мы змушаны чужым праняцца горам,

мы слёз далёкіх адчуваем соль.

За продкаў нашых так даймае сорам,

за ўсе сутычкі іх мы носім боль.


Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений