Гасцёўні ў сядзібе М. К. Агінскага працягваюцца…

Культура
26.02.2018 12:30
1277
У апошнюю суботу зімы ў сядзібе Агінскага прайшла літаратурна-гістарычная гасцёўня пад назвай “Амелія, старэйшая дачка М. К. Агінскага”. Хочацца адзначыць, што гэта чарговая гасцёўня з цыкла пад агульнай назвай “Карані і крона”. У 2017 годзе прайшлі гасцёўні, прысвечаныя бацькам Міхала Клеафаса, лагічным завяршэннем якіх была паездка супрацоўнікаў музея, прадстаўнікоў мясцовага дабрачыннага фонда “Паўночныя Афіны Міхала Клеафаса Агінскага”, грамадскай арганізацыі “Сяльчанка” па мясцінах, звязаных з юнацтвам і дзяцінствам М.К. Агінскага ў Польшчы. 2018 год будзе прысвечаны дзецям славутага кампазітара.

На першай гасцёўні ў гэтым годзе  гаворка ішла пра першародную дачку Міхала Клеафаса і яго другой жонкі Марыі, Амелію. Можа ўзнікнуць пытанне: чаму менавіта пра яе, а не пра старэйшых сыноў ад першага шлюбу. Супрацоўнікі музея  абавязкова будуць успамінаць пра іх у наступных гасцёўнях, але ж у гісторыяграфіі, прысвечанай асобе М. К. Агінскага, увага звяртаецца на шчыльную сувязь кампазітара менавіта з дачкой Амеліяй, якая пераняла бацькаў талент і здольнасць да музыкі.

Гасцёўня была раздзелена на чатыры лагічныя часткі. Першая прысвячалася  дзяцінству князёўны Амеліі. І зрабіць яе яскравай і запамінальнай дапамагла невялікая тэатралізацыя з удзелам таленавітых дзяцей: ролю Амеліі бліскуча выканала Мілана Кенько, а ролю яе зводнага брата Тадэвуша – Ксенія Батура. У выкананні дзяцей гучала музыка, вершы, напісаныя самой Амеліяй, на сцэну выйшлі нават англійская гувернантка, нянька і слуга Амеліі (менавіта такі двор мела маленькая князёўна). Гэтая сцэна дапамагла прадэманстраваць тую атмасферу дабрыні, любові, творчасці, якая панавала падчас дзяцінства Амеліі ў Залессі.

Супрацоўнікі музея расказвалі пра незвычайныя здольнасці юнай Амеліі да навук, музыкі, малявання, паэзіі і г. д.

Наступныя часткі былі прысвечаны Амеліі - жонцы і маці.  Арганізатары гасцёўні пастараліся раскрыць вобраз старэйшай дачкі Агінскага ўсебакова і расказаць пра самыя асноўныя этапы жыцця і творчасці Амеліі Агінскай.

На сваіх мерапрыемствах супрацоўнікі музея заўсёды стараюцца прапанаваць для наведвальнікаў нешта новае і цікавае, на гэты раз прапанавалі пагуляць ў любімую гульню Амеліі “бурымэ”, сэнс якой заключаецца ў складанні вершаў на зададзеную рыфму. І госці бліскуча справіліся з заданнем – паэтычныя радкі атрымаліся яскравымі і запамінальнымі.

Не абыходзіцца ні адно мерапрыемства ў сядзібе без канцэрта. Асаблівы музычны настрой  стварылі выдатныя музыканты трыа камернай музыкі “Унісон”, у выкананні якіх гучалі творы М. К. Агінскага, В. Казлоўскага і, зразумела, Амеліі Агінскай.

IMG_6640.JPG

IMG_6650.JPG

IMG_6667.JPG

IMG_6671.JPG

Наступная гасцёўня пройдзе ў красавіку і будзе поўнасцю прысвечана сыну М. К. Агінскага Ірэнеушу.

Наталля ЧУДАКОЎСКАЯ, малодшы навуковы супрацоўнік музея.

Поделиться:

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений