Ансамбль “Гулянок” са Смаргоні стаў пераможцам на фестывалі “Берагіня” ў Мінску

Конкурсы
23.11.2018 15:59
423
Беларускія народныя песні, танцы, музыка ў рэжыме нон-стоп. Здаецца, уся Беларусь пераапранулася ў народныя строі і загуляла па-свойму.

Гулянок.JPG

Узорны ансамбль народнай музыкі “Гулянок”. Мастацкі кіраўнік Чэслаў ЖЫХ (у цэнтры).


У мінулую суботу ў Мінску, у Палацы культуры трактарнага завода, адбыўся канцэрт-прэзентацыя Рэспубліканскага фестывалю народнага мастацтва “Берагіня”. Пад адным дахам сабраліся лепшыя фальклорныя калектывы Беларусі. Ніякіх абмежаванняў па ўзросце. Артысты – ад самых маленькіх да людзей сталага веку. Смаргоншчыну прадстаўляў узорны ансамбль народнай музыкі “Гулянок” са школы мастацтваў імя Агінскага. На сталічнай сцэне выступалі Чэслаў і Марк Жыхі, Яўген Варонін, Уладзіслаў Антонаў, Вадзім Дурэйка і Дзяніс Кузьмін.

“Берагіня ў Мінску” – своеасаблівы творчы праект Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур, Кастрычніцкага райвыканкама Гомельскай вобласці і грамадскага аб’яднання “Беларускі фонд культуры”.

У яго аснове - вынікі 20-гадовай гісторыі “Берагіні”. Як распавядала афіша свята, фальклорны праект, распачаты напрыканцы 90-х гг. на Рудабельшчыне, у невялічкім Палескім краі, што на Гомельшчыне, за гады свайго існавання ўпэўнена набыў рысы нацыянальнага фестывалю традыцыйнай культуры і перарос у фестывальны фальклорны рух. І вось з гомельскай глыбінкі “Берагіня” на адзін вечар перакачавала ў сталіцу.

Акрамя цудоўнага амаль трохгадзіннага канцэрта ў палацы ладзіліся тэматычныя выставы Берагіня” ў 20-гадовай прасторы”, “Берагіня”  ў рэгіянальных праектах”,  фоталетапіс “Берагіні” ў калекцыях фотакарэспандэнтаў рэспубліканскіх і рэгіянальных СМІ, “ Выцінанка: беларускі народны танец”. Тут жа, у фае палаца, кожны жадаючы мог паўдзельнічаць у майстар-класе па беларускаму народнаму побытаваму танцу, па саломапляценні і па вышыванні крыжыкам.

На фестывалі “Берагіня” смаргонскі калектыў выступаў тройчы. У намінацыі “Інструментальны жанр” ансамбль “Гулянок” быў і пераможцам, і прызёрам. На імпрэзе ў Мінску смаргонцы атрымалі “Дыплом за значны ўнёсак у захаванне і папулярызацыю народных мастацкіх традыцый Бацькаўшчыны”. А іх музычны “Вянок беларускіх танцаў” прыйшоўся даспадобы сталічнай публіцы.

Галіна АНТОНАВА.

Фота аўтара.

Поделиться:

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений