УВАГА! Віктарына! Ці ведаеце вы гісторыю малой радзімы?

Сморгонщина историческая
20.09.2018 07:16
3395
Можна шмат гаварыць пра любоў да малой радзімы, але праявіць любоў можна рознымі спосабамі. Найпрасцейшы – цікавіцца і ведаць гісторыю свайго краю, каб расказаць нашчадкам аб слынных падзеях, выдатных асобах, цікавых гісторыка-культурных помніках. Пытанні да віктарыны па гісторыі Смаргоншчыны, якую праводзіць газета “Светлы шлях”, падрыхтавалі нашы вядомыя краязнаўцы Аляксандр Камінскі, Таццяна Кляшчонак, Уладзімір Прыхач. У якасці падказкі паведамляем, што адказы на большую частку віктарыны можна знайсці ў краязнаўчых матэрыялах, якія друкаваліся на старонках нашай газеты ў розныя гады. Пераможцы атрымаюць каштоўныя падарункі і паўгадавую падпіску на наша выданне.

Сморгонь.JPG

1. Назавіце імя грамадска-палітычнага дзеяча з Кушлянаў, аўтара выдадзенай у 1908 годзе кнігі “Запіскі брыёлагічныя”.

2. “Хапай вандзэлкі – арбон на ўзлёце!” Якое тлумачанне слова “арбон” у гэтай мясцовай пагалосцы?

3. Першая пісьмовая згадка пра гэту вёску, што знаходзіцца на самым поўдні Смаргонскага раёна, адносіцца да часоў Вітаўта (1411 г.). У ХІХ ст. яна была цэнтрам вясковай акругі, там меліся вадзяны млын, народнае вучылішча, каталіцкая капліца. У савецкія часы гэты населены пункт быў цэнтрам сельсавета. У міжваенны час каля вёскі адбылася самалётная катастрофа, пра якую пісалі цэнтральныя газеты. Пра якую вёску ідзе размова?

4. Гэтая вёска з ваколіц Крэва трапіла ў гісторыю і на старонкі газет не дзякуючы дасягненням, а па прычыне вялікай бяды, якая напаткала яе напрыканцы ХІХ ст. 25 жніўня 1898 года там адбыўся вялікі пажар, падчас якога было знішчана 16 жылых дамоў, 12 свірнаў, 17 адрын са збожжам, 12 хлявоў. Страты склалі 29700 царскіх рублёў. Што гэта за вёска?

5. Дзе знаходзіўся адзіны чыгуначны мост праз Вілію?

6. Ганаровы суддзя смаргонскай судова-міравой акругі, генерал-маёр, уладальнік маёнтка Солы, з асобай якога звязана заснаванне мясцовай рыбнай гаспадаркі. Хто гэта?

7. Назавіце аўтара першага польскамоўнага падручніка “Метэаралогія”, які жыў у маёнтку Мула і быў пахаваны на могілках у Войстаме.

8. Назавіце імя архітэктара, па праекту якога быў пабудаваны залескі палац М. К. Агінскага.

9. У якім населеным пункце на мяжы Смаргонскага і Вілейскага раёнаў знаходзіўся некалі палац, пабудаваны Тадэвушам Агінскім, дзедам Міхала Клеафаса?

10. Старэйшая дачка М. К. Агінскага Амелія была замужам за віленскім арыстакратам, графам, удзельнікам нацыянальнага вызваленчага паўстання. Як яго звалі?

11. Першая падземна-мінная атака ў нашым краі адбылася напрыканцы сакавіка 1916 года ў мясцовасці пад назвай “Рускі нос”. Дзе сёння знаходзіцца варонка ад падрыву?

12. Якое гандлёвае прадпрыемства знаходзіцца сёння ў будынку першай гарадской электрастанцыі Смаргоні?

13. Калі быў зарэгістраваны сучасны герб Смаргоні і хто яго аўтар і мастак?

14. З 19 па 25 ліпеня 1917 года расійскія войскі праводзілі Крэўскую наступальную аперацыю з мэтай прарваць нямецкую лінію абароны. Вынікаў гэта не дало, хаця кайзераўскія войскі былі моцна патрапаныя і абяскроўленыя. А ўжо 29 ліпеня немцы ладзілі ў Солах, Асіпанах і пад Скірдзімамі ўрачыстыя пастраенні і парады. З чым былі звязаны гэтыя ўрачыстасці?

15. Какоры, сітнік, рагойш – што азначаюць гэтыя словы залескага дыялекту?

16. “На ўсю Беларусь мільён пракурораў

І толькі адзін, толькі ён адвакат”.

Якому дзеячу нашага краю прысвяціў паэт Рыгор Семашкевіч гэтыя радкі?

17. Гэты храм вядомы сваімі святынямі: драўляным крыжам, у цэнтры якога рэшткі праха Аўгуста Чартарыйскага і рэліквія Святога Ізідора, прывезеная з Мадрыда. Пра які касцёл гутарка?

18. У гэтай царкве знаходзілася копія старажытнай іконы Багародзіцы Чэнстахоўскай. Адметнасцю згадваемага драўлянага збудавання было тое, што яно было пабудавана без адзінага цвіка. Існуе паданне, што ў вайну 1812 года французы хацелі ператварыць гэты храм у канюшню, але загнаныя сюды коні паслеплі. Дзе знаходзілася і як называлася гэтая святыня?

19. Малой радзімай вядомай сучаснай французскай мастачкі Ларысы Нуры з’яўляецца Крэва. Яе бацька – колішні настаўнік Крэўскай школы, а сёння выбітны вучоны. Як яго імя і ў якой галіне навукі ён вылучыўся?

20. Якому мясцоваму паэту належаць гэтыя радкі?

“Аддзячыць поле табе, аддзячыць

Ракою звонкай сваіх зярнят;

Яму вось толькі б адчуць і ўбачыць,

Што ты не знекуль, а з гэтых хат”.

Фота Сяргея ЮРЭВІЧА. 


Адказы дасылайце па адрасе: 

г. Смаргонь, вул. Савецкая, 29 або на e-mail: newspaper@smorgon.gov.by

Поделиться:

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений