Прэзентацыя кнігі “БлагоДарю, Залесье” адбылася ў музеі-сядзібе Міхала Клеафаса Агінскага

Михаилу Клеофасу Огинскому посвящается
24.01.2019 15:27
569
У суботу, 19 студзеня, да музея-сядзібы Міхала Клеафаса Агінскага з усіх канцоў Залесся, з навакольных вёсак, з розных гарадоў спяшаліся людзі. Афіцыйная нагода, якая сабрала іх разам, - прэзентацыя кнігі “БлагоДарю, Залесье”, неафіцыйная – вечар успамінаў, вечар сустрэчы з тымі, каго, можа, даўно не бачыў. І дзякуючы ўсім гэтым людзям, а таксама мясцоваму дабрачыннаму фонду “Паўночныя Афіны”, які выдаў кнігу і такім прыгожым чынам прэзентаваў яе, мерапрыемства выдалася па-сямейнаму цёплым, крыху сентыментальным.

Александр Версоцкий.JPG

Заўсёды жаданы ў Залессі госць Аляксандр ВЯРСОЦКІ.


Залессе – асаблівае месца для Аляксандра Вярсоцкага, начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама. Тут ён правёў свае дзіцячыя і юнацкія гады, тут жывуць яго бацькі. Менавіта Аляксандр Людвігавіч дапамагаў здабываць сродкі на рэстаўрацыю музея-сядзібы. Вяскоўцы шчыра радаваліся яго прыезду, распытвалі пра рабочыя клопаты і асабістае жыццё. А падчас мерапрыемства Аляксандр Вярсоцкі ўспамінаў сваіх настаўнікаў, дзякуючы якім ён некалі прывучыўся да спорту, зацікавіўся грамадскім жыццём, зразумеў і палюбіў беларускую літаратуру. Успамінаў пра сумесныя з настаўнікамі і аднакласнікамі паходы, з настальгіяй згадваў доўгія размовы, падчас якіх адчуваў сябе з педагогамі на роўных і падкрэсліў, што ўсё гэта вызначыла яго далейшы жыццёвы шлях. А высокай планкай, якую задалі выкладчыкі залескай школы, ён дагэтуль мерае людзей і сябе.

Книга_Залесье.JPG

Так выглядае першы экзэмпляр кнігі.


У падарунак фонду “Паўночныя Афіны” Аляксандр Вярсоцкі прывёз кнігу “Скарбы Панямоння” і расказаў, што сумесна з Уладзімірам Ліхадзедавым працуе над кнігай “Смаргонь старажытная”. У гэтым выданні, напэўна, знойдзецца колькі старонак для Залесся.

На свяце прысутнічалі прадстаўнікі раённага выканаўчага камітэта: намеснік старшыні Генадзь Бычко і начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Ганна Джумкова.

Успамінамі падзялілася дырэктар музея-сядзібы Людміла Градзіцкая. Для яе, тады дзяўчынкі з Вётхава, Залессе было амаль горадам. Тут можна было паглядзець цягнікі на чыгунцы, зазірнуць у магазіны, ды і палацава-паркавы ансамбль таямніча вабіў. Людміла Уладзіміраўна з любоўю расказвала пра людзей, якія сабраліся ў зале. Тыя смяяліся з жартаў, найбольш зразумелых землякам, выціралі слёзы, выкліканыя балючымі ўспамінамі, згадвалі пра тых, хто прыйсці не змог.

Былы культуролаг Соф’я Лазар некалькімі сказамі ацаніла вечар успамінаў:

“Смачнае мерапрыемства! Кожнай клетачкай цела я адчула любоў, з якой яно рабілася. Прадавайце шклянкамі залескае паветра! Такой атмасферы вы больш не знойдзеце”.

Заскочылі на агеньчык і нават парадавалі прысутных выступленнем-імправізацыяй удзельнікі першага залескага вакальна-інструментальнага ансамбля. Столькі апладысментаў, бадай, і вядомыя выканаўцы не сабралі б. Гэта ж колькі гадоў прайшло, як вяскоўцы бачылі апошні раз на сцэне тады хлапчукоў, а цяпер салідных мужчын Сяргея Мельніка, Віктара Лукашэвіча і Яўгенія Тананку!

Больш за чатыры гадзіны доўжылася мерапрыемства. Але і за гэты час не паспелі сказаць усяго, што на сэрцы. Выступалі старшыні сельсавета, калгаса, медыкі, настаўнікі… З-пад пальцаў мясцовай жыхаркі Алены Мейсак ліліся гукі вядомага ўсім паланэза, пад які так хораша думалася пра сваё асабістае...

Цудоўнымі спевамі ўпрыгожыў сустрэчу ансамбль "Бліскавіца" з залескай школы мастацтваў.

Гаспадыня вечара Ала Шыцікава, старшыня фонду “Паўночныя Афіны”, расказвала аб залескай чыгуначнай станцыі. Разам з гасцямі вечара ўспамінала, як бегалі туды за хлебам, як грэліся зімовым днём па дарозе ў школу… Таксама расказала Ала Мікалаеўна пра кнігу “БлагоДарю, Залесье”. Ініцыятары яе выдання – моладзь з праекта “Будучыня – гэта мы!” Падтрымаў фінансава іх ініцыятыву фонд імя Льва Сапегі. У кнігу ўвайшлі фотаздымкі, успаміны, расказы пра людзей – найбольш паважаных жыхароў Залесся. І збіралі матэрыял усе разам, таму кніга гэтая дарагая сэрцу кожнага вяскоўца. Звярстаў усе матэрыялы зямляк Іван Мацюк. Кніга не будзе прадавацца. Атрымаць яе можна толькі ў якасці падарунка. Такі незвычайны падарунак не толькі Залессю, але і ўсім тым, хто пабачыў і назаўсёды палюбіў гэтыя мясціны.

Алла Шитикова.JPG

Пра любімую вёску расказвае Ала ШЫЦІКАВА.

Віялета ВОЙТКА.

Фота аўтара.

Поделиться:

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений