Аўдыт нявестаў

Калейдоскоп
05.04.2020
Маўклівы і павольны ў справах і ўчынках Алесь у тую раніцу асабліва быў у прыўзнятым настроі: душа прадчувала нейкія перамены. За сорак год бабыльскага існавання на гэтым свеце ён так і не адчуў жаночай ласкі. Але ў душы яго яшчэ цеплілася надзея: чалавеку заўсёды патрэбен нехта іншы. А рамантыка калі, закаханасць…

І толькі скончыў галіцца, як пазванілі ў дзверы. Мужчына паглядзеў у калідор праз вочка. З другога боку ўваходных дзвярэй стаяла маладая, модна апранутая бландзінка.

- Кватэра сем? – спытала дзяўчына.

- Так, сем, - адказаў Алесь, насцярожана ўзіраючыся ў твар візіцёркі. А як распазнаў у ёй сяброўку з інтэрнэта з імем Надзейка, ледзь усміхнуўся: нячаста выпадала яму такое шчасце, каб вось так пасля завочнай перапіскі жаночы дух з’явіўся ў яго халасцяцкай бярлозе.

- Тады добры дзень, - павіталася яна і прашмыгнула ў кватэру.

Алесь не адказаў. Дзяўчына агледзелася навокал, хуценька прабеглася па пакоях і вынесла вердыкт:

- Дзвюхпакаёўка, выгоды мінімальна сціплыя, але жыць можна. Мэбля, канешне, дарэвалюцыйная. Скрозь музейныя экспанаты, - тыцкала яна пальчыкам з расфарбаваным рознакаляровымі ўзорамі манікюрам на доўгім пазногці.

Алесь разгублена глядзеў на госцю, зрэдку ківаў галавою на яе безупынны трэск.

- І ложак абавязкова двухспальны! Мы ж з табою маладыя, сімпатычныя і заслужылі права на сваё шчасце. А ты такі ж ласкавы, харошы, як і пісаў у сваіх электронных лістах! Якія словы ты мне прысвячаў! І правільна робіш, што ва ўсім з жанчынай пагаджаешся. Характар мой асаблівы, са мной не прападзеш.

- А ты адзін прапісаны? – ужо цішэй прамовіла Надзейка. Не дачакаўшыся адказу, прамовіла:

“Нічога, разбяромся”.

Алесь глядзеў на яе і разгублена маўчаў, слухаў…

- Дарэчы, калі з’едземся? Я гатовая хоць у гэту хвіліну стаць тваёй.

- Як? Я ні з кім не збіраюся жаніцца! - нарэшце пад гарачы стук сэрца да Алеся вярнулася мова.

Пасля гэтых слоў госця ўспыхнула запалкай:

- Дык навошта тады было дурыць галаву, перапісвацца амаль год, кампліментамі засыпаць?.. Галоўнае – прыязджайце, малады і вольны мужчына сярэдніх гадоў, без дрэнных звычак, жыллём забяспечаны чакае надзейную спадарожніцу жыцця да 30 год. І адрас: вуліца Бэзавая, дом 50, корпус 2, кватэра 7.

- Прабачце, вы напэўна, памыліліся: гэта дом 50, кватэра 7, але корпус 3, - зманіў ён ад страху за немінуючую гібель сваёй самастойнасці.

У адно імгненне госця спахмурнела, але з той жа горда ўзнятай галавою падалася да дзвярэй…

- Ну, вось адну праінспектаваў, - сказаў услых і шчыра ўсміхнуўся. - І як мне ўдалося выкруціцца?

ezslR__O_E8.jpg

Хцівая гаспадынька. Патрэбна выдаліць з камп’ютара ўсю перапіску з ёю. Вось так – спам, у карзіну яе! Засталіся яшчэ тры. А тое глядзі, брат, так і мнагажэнцам станеш, і матчыну кватэру прафукаеш, - пакпіў з сябе.

Толькі адышоў ад камп’ютара, як зноў раздаўся званок. Каб разбіць сумненні ўшчэнт, халасцяк Алесь Змагелаў адчыніў дзверы і ўбачыў на парозе маладую, модна апранутую русявую дзяўчыну.

- Кватэра сем?

- Так!

- Я Маша, па перапісцы. Галантнасць і прыстойнасць тваю, Алесь, я вельмі цаню і буду для цябе ідэальнай жонкаю…

У галаве Алеся свідравала ўжо толькі адна разумная думка: “Радуйся незалежнасці, рамантык! Пацешыўся ды й годзе!..”

У дзверы зноў пазванілі. Аўдыт нявестаў працягваўся…

Аркадзь ЖУРАЎЛЁЎ.

Карыкатура Аляксандры ЦЫБОЎСКАЙ.


Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений