ПРАВЕРАНА НА САБЕ: Як я размаўляла па-беларуску

Калейдоскоп
03.10.2017 11:54
Каго з нас не наведваюць часам думкі кшталту “што будзе, калі…”. Падаецца, амаль кожнага. У мяне, як у чалавека цікаўнага, выклікае сумненне рэальнасць гісторый, якімі кішыць інтэрнэт-прастора. Нехта хваліцца тым, што скінуў вагу, іншыя – селі на шпагат, змянілі сваё мысленне ці займелі крутое хобі. І ўсё гэта – у сціснутыя тэрміны. Неверагодна, але факт. Ці ўсё ж такі магчыма?  Праверым на сабе.

У якасці эксперыменту нумар адзін, які працягнецца цэлы тыдзень, я вырашыла размаўляць па-беларуску. Але, паколькі я студэнтка журфака, гэта было б занадта проста. А вось тэставаць бэларусаў на разуменне беларускай (нонсэнс!) мовы – ужо цікава. “Ні слова па-руску”, – дала сабе зарок я. Так пачаліся прыгоды беларуса ў беларускай глыбінцы.

белмова.jpg

Дзень 1 – сям’я.

Прачнулася, патэлефанавала маці. Адразу растлумачыла, што не з’ехала з глузду, а проста эксперыментую. “Прикольно”, – адрэагавала яна. “Не ўсё страчана”, – падумала я, а ўслых сказала: “Абвыкнеш”. Пара размоў, і ўвечары сям’я цалкам успрымала маю “беларускасць”. Нават малодшы брат цярпліва стрымліваў рускамоўныя душы парывы. Працэс пайшоў.

класс.jpg

Дзень 2 – калегі.

Якія, шчыра кажучы, прывыклі да майго білінгвізму. Таму сказанае мной “добрай раніцы” сюрпрызам для іх не было. Але калі яны зразумелі, што нават з рускамоўнымі я размаўляю па-беларуску (хаця звычайна не парушаю этыкет і адказваю на той мове, на якой да мяне звяртаюцца) – запыталіся, што са мной не так. Распавяла, што бліжэйшы тыдзень я нават думаю выключна на роднай, што, дарэчы, спрацавала ўжо ў першы дзень. Успрынялі нармальна. Адзіны “беларус” у нашай вясёлай кампаніі катаўся на стуле паўгадзіны. Ад радасці.

Дзень 3 – сябры.

Тут цяжэй. У моладзі, нягледзячы на культ усяго нацыянальнага (гэтым летам верагоднасць, гуляючы па вуліцы, сустрэць чалавека з “вышыванай” футболкай, кепкай і нават шкарпэткамі была настолькі высокай, што гэта сапраўды можна было лічыць модным трэндам), ёсць устойлівае меркаванне, што беларускасць – “понты”. Таму выбіраю самых дэмакратычных – ніхто з іх не дазволіць сабе адпусціць пару жартаў на гэты конт у мой адрас. Так і атрымалася. Сябар нават успрыняў маю балбатню як чэлендж. Так я запусціла “тыдзень роднай мовы” на журфаку.

buy_belarusian.jpg

Дзень 4 – крамы.

Даўно заўважыла, што ў адной з вядучых гандлёвых сетак у крамах сталіцы ёсць касы для беларускамоўных пакупнікоў (нароўні з англамоўнымі). Дробязь, а прыемна. Кіраўнікі супермаркетаў нашага горада, вазьміце на заметку. Карацей кажучы, туды я не пайшла – дзеля чысціні “праверкі”, а адправілася ў вялікую краму, дзе таксама можна было набыць усё, што мне патрэбна. Паколькі туды я зайшла ўпершыню і таму арыентавалася дрэнна, мне спатрэбілася дапамога прадаўца. Якая, на жаль, зразумела мяне не з першага разу. Таксама, як і касір. Вынік несуцяшальны.

Дзень 5 – чыгунка. 

Дачакалася! Працоўны тыдзень завяршыўся, надышоў час пакаваць валізкі і рухацца ў напрамку Смаргоні. На шляху да ўдалых выхадных – два пункты: грамадскі транспарт і чыгуначныя касы. Набыць талон атрымалася адразу, як і прабіць, атрымаўшы ў дадатак усмешку сталага мужчыны. Ухваляе, прыемна. А вось квіток дадому мне прадалі з незадаволенасцю. Цяжкі дзень, чарга бясконцая, разумею. Нарэшце, цягнік.

bel-mova.jpg

Дзень 6 – пошта. 

Наведаць яе планавала яшчэ з серады, таму, як толькі прачнулася, занялася йогай па-гарадскому: узяла ногі ў рукі і паспяшалася туды. Набыла канверт, у які паклала загадзя напісаны ліст. Спытала, ці можна запоўніць поле па-беларуску. “Пажадана па-руску”, — адказала аператар, якая ўвесь час цярпліва размаўляла са мной па-беларуску. Ну, хаця б “чакаю” замест звычайнага “жду”. Такая яна, армейская рамантыка.

Дзень 7, апошні. 

Сёння вырашыла не тэставаць нікога на веданне і разуменне мовы, а проста размаўляць на ёй з хроснай дачкой. Паўтары гады – рана, але мо некалі яна зацікавіццца роднай мовай, і я буду ведаць, што зрабіла ў гэта свой унёсак.

Вынік. 

Па законе жанру тут павінна быць нешта пра “не забывайце свае карані”. 
Мы ёсць карані, але карані – не заўжды мы. Атрымлівайце асалоду ад сваёй беларускасці. А яшчэ пайсці на такі эксперымент варта, як мінімум, каб паназіраць за пацешнай рэакцыяй людзей – жыць будзе весялей!

bel.png

Вераніка ПУПКЕВІЧ, студэнтка 4 курса Інстытута журналістыкі БДУ.

Выявы выкарыстоўваюцца ў якасці ілюстрацый.

 

Поделиться:

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений