Асаблівую ўвагу развіццю беларускага маўлення надаюць педагогі ДУА “Яслі-сад №6 г. Смаргоні”

Год малой родины
21.02.2019 15:00
210
21 лютага – Дзень роднай мовы

Дык чаруй жа людзей паміж моваў другіх,

І гучы вечна ярка і нова,

Мова продкаў маіх і нашчадкаў маіх ‑

Беларуская родная мова!

Алесь Ставер

Кожны чалавек павінен ведаць сваю родную мову, павінен умець спяваць свае народныя песні, танцаваць свае народныя танцы, любіць свае родныя мясціны, сваю Радзіму – Беларусь.

Найважнейшым сродкам развіцця асобы дзіцяці з’яўляецца родная мова, якая, паводле слоў народнага паэта Беларусі і педагога Якуба Коласа – “гэта першая крыніца, праз якую мы пазнаём жыццё і акаляючы нас свет”. Дашкольны ўзрост найбольш спрыяльны перыяд для авалодання дзецьмі беларускай мовай. Таму асаблівую ўвагу ў рабоце з дзецьмі педагогі дзяржаўнай установы адукацыі “Яслі-сад №6 г. Смаргоні” надаюць развіццю беларускага маўлення, уменню выражаць свае думкі, пачуцці, эмоцыі на мове свайго народа.

eb679a98ced4ea537ddc220ad2f8ea0e.jpg

21 лютага ў нашай установе адзначаецца Дзень роднай мовы. Усе мерапрыемствы, якія праводзіліся ў гэты дзень, падпарадкаваны мэце: садзейнічаць папулярызацыі і пашырэнню сферы выкарыстання беларускай мовы ў дзіцячым калектыве, развіваць пазнавальную актыўнасць да роднай мовы і маўленне ў розных відах дзіцячай дзейнасці, выхоўваць любоў і моўнае чуццё да роднай мовы.

Пры дапамозе беларускіх персанажаў педагогі стваралі камунікатыўныя сітуацыі для зносін дзяцей на беларускай мове. З дзецьмі праводзіліся беларускія рухомыя гульні, гульні-драматызацыі, гучалі казкі, вершы на роднай мове, дзеці спявалі песні, танцавалі беларускія народныя танцы, праводзіліся экскурсіі ў музейны пакой, дзе сабраны рэчы, якія адлюстроўваюць культуру беларускага народа.

f99be01149f1ed80fc59ad5bcb7f0e12.jpg

f151ef509ccf42c59ec372feaccb2b75.jpg

09c887d102baa8f14818e2a058703212.jpg

Дні роднай мовы даюць магчымасць напомніць аб тым, што мы ‑ беларусы, а нашай роднай мовай з’яўляецца беларуская. Гэта тое невычэрпнае багацце, якое перадаецца нам з пакалення ў пакаленне і суправаджае нас усё жыццё.

Прывіццё любові да сваёй маленькай радзімы, таго найпрыгажэйшага куточка, дзе нарадзіўся, вырас, атрымаў першыя жыццёвыя ўрокі, пачынаецца менавіта з дзяцінства. Кожны чалавек, у тым ліку і маленькі грамадзянін, павінен ведаць родную мову, культурную спадчыну свайго народа, гераічнае мінулае сваёй краіны, бо гэта нашы карані, нашы вытокі.

Ірына ГАЎРЫЛІК, намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці дзяржаўнай ўстановы адукацыі “Яслі-сад 6 г. Смаргоні”.

Фота аўтара.

Поделиться:

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений