І ў 95 бабуля любіць працаваць

Галина АНТОНОВА
07.02.2020 11:06
493
Як толькі пераступіла парог хаты 95-гадовай Веранікі Кажарновіч у Целяках, адразу звярнула ўвагу на стос газет, зверху на якіх ляжалі акуляры.

- Любіце газеты чытаць? – цікаўлюся ў доўгажыхаркі.

- Люблю, а што ж рабіць, асабліва зімой? Выпісваю “Светлы шлях” і “Друг пенсионера”.

- Умееце чытаць па-руску і па-беларуску?

- Умею. Яшчэ “пры Польшчы” мама рускія святыя кнігі чытала і мяне навучыла. Я з праваслаўнай сям’і, у вёсцы Ролічы Вілейскага раёна нарадзілася. І прозвішча маё дзявочае было Роліч, а пасля стала Кажарновіч. У Ролічы пайшла замуж целякоўская дзяўчына. Яна і падсватала мяне да свайго аднавяскоўца. Памяняліся вёскі нявестамі (смяецца). Хата спачатку ў нас была зусім маленькая. Але мае браты дапамаглі мужу купіць, перавезці і паставіць лепшую хату.

У гэтай хаце Кажарновічы выгадавалі траіх дзяцей – дваіх сыноў і дачку. А непадалёку ад вёскі на ферме шчыравала Вераніка Аляксандраўна. Была даяркай, свінаркай, цялятніцай.

Пра няпростае жыццё жанчыны расказваюць яе рукі: спрацаваныя, адна каля кісці крыху скрыўленая – вынік пералому. Жанчына ўдакладняе: “На руку паклалі гіпс, а з ім жа – ніякай работы. Я праз пару дзён скінула гэты гіпс, абкруціла бінтам і далей працаваць пайшла. Вось так няроўна костка і зраслася. А што мне “красата” патрэбна? Помню, на ферме ваганеткай руку пашкодзіла. Сказалі, сшываць трэба. А я ў адказ: “Нашто мне сшываць? Хіба я дзеўка якая?” Не люблю я надта па дактарах хадзіць. Нядаўна адно вока ўправілі (хрусталік памянялі), сказалі і на другім трэба аперацыю рабіць. А я не паехала. Бачу адным – і добра ”.

IMG_9296.JPG

Сацыяльны работнік Марыя СЛІЖЭЎСКАЯ і 95-гадовая Вераніка КАЖАРНОВІЧ


“Жалезная баба”, - характарызуе доўгажыхарку суседка.

– Рабіць, рабіць і рабіць – гэта яе дэвіз. Яна і цяпер такая працаўніца! На месцы не пасядзіць. Увосень сабралася талака - бульбу скапалі. Здаецца, адпачывай, бабуля. Дык не – на наступны дзень стаіць ужо на ўчастку, карэнне трасе. А летам і бульбу, і градкі палола”.

“Раней я пехатой мала хадзіла, усё бягом і бягом. Цяпер ужо так не магу. Але сябе абслугоўваю – і дзякуй Богу! – усміхаецца Вераніка Аляксандраўна. - Дачка мяне забірала да сябе ў Віцебск.

Але я не захацела. Свая хата – не чужая. Цэлы дзень адной сядзець…

А тут і суседкі прыйдуць, і Марыйка (сацработнік Марыя Сліжэўская), а на выхадныя сын Іосіф прыедзе са Смаргоні”.

Велізарная працавітасць – сакрэт даўгалецця Веранікі Кажарновіч. Але ёсць і іншыя. Напрыклад, доўгажыхарка не любіць “складаных” страў. Яе штодзённы рацыён – кашы, бульба, прыгатаваныя ў саганку ў печы. На мясное не наляга, купляе малочнае. Часам можа зрабіць катлеты ці дранікі – і сабе, і суседак пачастуе.

Ну, і нарэшце, трэці сакрэт – аптымізм. “Не люблю я скардзіцца на жыццё, ныць. Хоць усяго ў жыцці было, мужа і сына меншага пахавала. Да хвароб не прыслухоўваюся, як мая адна суседка. Маладзейшая за мяне, а ў яе штодзень - свежая хвароба. …Пытаецеся, пра што я мару? Пра што можна марыць у такім узросце? Каб усе здаровыя былі: і дзеці, і ўнукі, і праўнукі. І да мяне ў Целякі прыязджалі”.

Галіна АНТОНАВА.

Фота аўтара.


Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений