Галоўны капітал - людзі

 

Галоўны капітал - людзі

Экономика
05.12.2019
1287
Сельскагаспадарчы год для працаўнікоў вёскі скончыўся ў лістападзе. Да самай вясны заснулі шырокія палеткі, пад надзейнымі дахамі схаваліся ад снегу і завеі магутныя агрэгаты. Нялёгкім выдаўся 2019-ы для аграрыяў: выпрабоўваў то празмернай засухай, то непатрэбнымі дажджамі. І толькі людская праца, незалежна ад надвор’я, была і застаецца галоўнай рухаючай сілай.

Напрыканцы восені ў КСУП “Сінькі” адбылася ўрачыстасць, падчас якой ушанавалі перадавікоў гаспадаркі. З рук кіраўніка прадпрыемства Руслана Жукоўскага механізатары, вадзіцелі, даяркі і жывёлаводы атрымалі ўзнагароды. Прыемным сюрпрызам стала канцэртная праграма з удзелам запрошанага артыста Івана Валадзько. Мноства пранікнёных песень і віртуознае гранне на саксафоне падарыў артыст гледачам. Работнікі КСУП “Сінькі” прызнаваліся, што гэта лепшае свята ў іх гонар за апошнія дзесяцігоддзі. Ва ўрачыстасці прыняў удзел першы намеснік начальніка райсельгасупраўлення Аляксандр Шымановіч. Ён адзначыў, што сёлета “Сінькі” ў лідарах па ўраджайнасці. Гаспадарцы ўдалося атрымаць самыя высокія ў раёне паказчыкі на нарыхтоўцы збожжавых, у параўнанні з мінулым годам двойчы павялічылася ўраджайнасць рапсу, парадавалі сёлета і цукровыя буракі.

Падчас урачыстасці ў зале панавала ўтульная, добразычлівая атмасфера. Адзін за адным на сцэну падымаліся лепшыя працаўнікі. Дарэчы, паразмаўляўшы з кіраўніком прадпрыемства Русланам Жукоўскім, я прыйшла да высновы, што дрэнных работнікаў тут няма наогул. Руслан Міхайлавіч кіруе гаспадаркай лічаныя месяцы, але ён абсалютна ўпэўнены ў тым, што людзі – гэта тое, на што неабходна рабіць стаўку. Карпатлівая і шчырая праца на роднай зямлі абавязкова прыносіць плён. У сваіх людзей і іх працу кіраўнік верыць.

“У нас усё будзе добра,” – як дэвіз прагучала з вуснаў кіраўніка падчас урачыстасці. Дарэчы, менавіта з гэтай фразы пачынае і заканчвае свой дзень Руслан Жукоўскі. Яго вера і аптымізм зараджаюць і падбадзёрваюць усю каманду. І поспехі не прымушаюць сябе доўга чакаць. Каб пераканацца ў гэтым, мы не толькі пабывалі на цырымоніі ўзнагароджання, але і заглянулі на фермы і мехстаны. Вынікі “закулісся”, прызнаюся, здзівілі.

IMG_6603.JPG

IMG_6606.JPG

IMG_6614.JPG

IMG_6626.JPG

IMG_6645.JPG

IMG_6654.JPG

IMG_6658.JPG

IMG_6681.JPG

IMG_6686.JPG

IMG_6692.JPG

IMG_6697.JPG

IMG_6708.JPG

IMG_6722.JPG

IMG_6728.JPG

З запалам у вачах расказвае пра сваё “царстава” загадчык МТК “Каты” Васіль Грыневіч. Мужчына праводзіць нас па кароўнікам і даільнай зале, знаёміць з умовамі ўтрымання жывёлы. 

IMG_6566.JPG

Загадчык МТК “Каты” Васіль ГРЫНЕВІЧ


IMG_6570.JPG

Памочнік загадчыка МТК “Каты” Святлана СУВОРАВА


Ранішняя дойка скончана, абсталяванне падрыхтавана да вячэрняй. У жывёлы – “ціхая гадзіна”. А вось у працаўнікоў фермы – разгар працы. Завіхаюцца ля цялятак жывёлаводы, мітусяцца ветэрынары. Вынік працы комплексу “Каты” пацвярджаюць лічбы. У пачатку верасня тут атрымлівалі крыху больш за чатыры тоны малака ў суткі. Даілі першы гатунак. На канец лістапада “Каты” здаюць дзяржаве больш за 6 тон. Гатунак – вышэйшы. Перад калектывам кіраўнік Руслан Жукоўскі паставіў задачу – у бліжэйшы час атрымаць “экстру”. І сёння работнікі актыўна ўзяліся працаваць на дасягненні гэтай мэты. Людзі ведаюць, што калі не сядзець склаўшы рукі, усё абавязкова атрымаецца.

Не сакрэт: КСУП “Сінькі” за перыяд свайго існавання перажываў розныя часы: былі то спады, то пад’ёмы, нярэдка змяняліся кіраўнікі. Але калектыў у сваёй большасці заставаўся пастаянным. Амаль усе працаўнікі мясцовыя: сінькоўскія, кеўлаўскія, суцькаўскія… Людзі – гэта той падмурак, на якім усё трымаецца. Больш за 20 гадоў працуе ў гаспадарцы Алена Шчасная. У канцы 90-х жанчына прыйшла сюды памочнікам загадчыка ўчастка. Спецыяльнай адукацыі не мела, а таму паступіла вучыцца ў Навагрудскі сельскагаспадарчы тэхнікум. У пачатку 2001 стала загадчыкам участка. Сёння тэрыторыя, якая замацавана за Аленай Мікалаеўнай, – гэта каля 5000 гектараў пашы, ворыва і сенажацей. Глебы тут лёгкія, урадлівыя. Нават у сёлетні засушлівы год збожжавыя яравыя і кукуруза ўрадзілі нядрэнна.

IMG_6593.JPG

Загадчык участка Алена ШЧАСНАЯ і механізатар Віктар ПЕШКУР


За доўгія гады працы Алена Мікалаеўна спасцігла і законы вырошчвання культур, і сакрэты наладжвання адносін у калектыве. Жанчына падкрэслівае, што людзі ў “Сіньках” – самыя лепшыя. І што сёння яны вераць у сябе, у свайго кіраўніка, і ў добры плён сумеснай працы.

Таццяна ЧАРНЯЎСКАЯ.

Фота аўтара.

Статьи по теме: