Рэактар на падстанцыі

 

Рэактар на падстанцыі

Экономика
08.11.2019
1424
З узвядзеннем у эксплуатацыю Беларускай атамнай электрастанцыі, якая будуецца ў Астравецкім раёне, па лініях ЛЭП спажыўцы нашай краіны будуць атрымліваць айчынную электрычнасць.

Раней работнікі Смаргонскага РЭСа і іх калегі з Ашмянскага і Астравецкага раёнаў абслугоўвалі буйныя лініі электраперадачы, якія пралягалі праз паўночныя раёны Гродзенскай вобласці ад Ігналінскай АЭС, якая знаходзіцца на тэрыторыі Літвы і спынена некалькі гадоў таму. Энергетыкі выканалі ўсе запланаваныя мерапрыемствы.

92015a22cf196c6a471dff9963af1612 (2).JPG

Сёлета было закончана будаўніцтва лічбавай падстанцыі, аналагаў якой пакуль няма ў Беларусі. Новая падстанцыя пабудавана з выкарыстаннем самага сучаснага абсталявання. На ёй упершыню ў рэспубліцы заменены медныя кабелі на валаконнааптычныя.

У гэтым жа годзе быў паспяхова выпрабаваны і ўведзены ў эксплуатацыю шунціруючы рэактар магутнасцю 30 МВАр (мегавольт-ампер рэактыўны) на 330кілавольтнай падстанцыі “Смаргонь” (на фота), што дазволіла ўплываць на напружанне 330 кВ сістэмаўтваральнай сеткі ў Смаргонскім энергавузле, 110-і 10-кілавольтных сетак.

Дакументацыю на рэканструкцыю падстанцыі 330 кВ «Смаргонь» распрацавалі спецыялісты РУП “Белэнергасеткапраект” па заданні “Гроднаэнерга”. Яны ж удзельнічалі і ва ўстаноўцы шунціруючага рэактара. Будаўніча-мантажныя і наладачныя работы выканала ААТ “Белэлектрамантажналадка”.

Трэба адзначыць, што ў Беларускай энергасістэме ўпершыню было ўстаноўлена абсталяванне з названымі вышэй электратэхнічнымі параметрамі. Рэалізацыя праекта абумоўлена неабходнасцю спажывання залішняй рэактыўнай магутнасці ў сістэмаўтваральнай энергетычнай сетцы энергазабеспячэння Рэспублікі Беларусь.

У 2020 годзе запланаваны пуск аднаго з двух энергаблокаў Беларускай АЭС. І першымі прымуць энергію мірнага атама Ашмянскія электрычныя сеткі, у склад якіх уваходзяць Астравецкі, Смаргонскі і Іўеўскі РЭСы.

Ягор КАРЫЦКІ.