Агуркі – са Століна, а клубніцы – з Лунінца, або Як працуе зараз смаргонская служба нарыхтовак

 

Агуркі – са Століна, а клубніцы – з Лунінца, або Як працуе зараз смаргонская служба нарыхтовак

Экономика
26.08.2019
1635
У службе нарыхтовак Смаргонскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства невялікі калектыў работнікаў: начальнік, два штатныя нарыхтоўшчыкі, кладаўшчык, аператар і тры грузчыкі. Асноўная задача падраздзялення – закупіць у насельніцтва лішкі прадукцыі сельскай гаспадаркі і другаснай сыравіны. Як адзначыў начальнік службы нарыхтовак Андрэй Варановіч, даведзеныя заданні выконваюцца паспяхова.

Адпаведная інфармацыя аб тым, што будзе закупляцца, папярэдне змяшчаецца ў газету, таму жыхары горада і сельскай мясцовасці ведаюць аб правядзенні нарыхтовак мясцовымі кааператарамі.

IMG_0881.JPG

Начальнік службы нарыхтовак Андрэй ВАРАНОВІЧ каля скрынак з памідорамі, якія прывёз мясцовы фермер


На прыёмны пункт філіяла аблспажыўтаварыства можна круглы год прывозіць на здачу капусту, цыбулю, бульбу. Сёлета на сезон сюды ўзялі на працу двух нарыхтоўшчыкаў са сваім транспартам. Пакуль што яны займаюцца нарыхтоўкай металу, але пачынаецца ўжо збор яблыкаў, таму неўзабаве будуць задзейнічаны на іх дастаўцы. У службе нарыхтовак ёсць яшчэ пазаштатны нарыхтоўшчык, які жыве ў Столінскім раёне, мае свой транспарт і спецыялізуецца на ранняй гародніннай прадукцыі. З гэтым чалавекам заключаны адпаведны дагавор.

“Таму ён фактычна лічыцца нашым работнікам”, - сказаў Андрэй Іванавіч.

Андрэй Варановіч – малады кіраўнік. У службе нарыхтовак працуе чатыры гады. Перад гэтым скончыў універсітэт, атрымаў прафесію менеджара ў сельскагаспадарчай вытворчасці. З першых дзён працы ў філіяле аблспажыўтаварыства зарэкамендаваў сябе вельмі добра. За старанне быў узнагароджаны ганаровай граматай.

У службе нарыхтовак ёсць і ветэраны, і маладыя работнікі. Агульны працоўны стаж Ірыны Комар – 49 гадоў, апошнія 5 з іх яна працуе нарыхтоўшчыкам чорных металаў.

IMG_0890.JPG

Нарыхтоўшчык чорных металаў Ірына КОМАР гутарыць са здатчыкам другаснай сыравіны


У “Модулі ” працуе нарыхтоўшчыкам каляровых металаў Вольга Басай. Яна маладая жанчына, па прафесіі прадавец, таму акрамя названай вышэй дзейнасці рэалізоўвае пакупнікам тавары штодзённага попыту, паколькі “Модуль” лічыцца не толькі прыёмным пунктам, тут ёсць і невялікі магазінчык.

“Модуль” адкрылі паўтара года таму. Тут пачалі закупляць каляровыя металы, павялічыліся аб’ёмы паставак гэтай сыравіны. Сюды прывозяць лом не толькі смаргонцы, але і жыхары Ашмянскага, Астравецкага раёнаў. Нават ёсць здатчыкі са Свіры. Сёлета нарыхтоўчы пункт за 7 месяцаў выканаў гадавое заданне па металаломе.

“Цяпер за месяц нарыхтоўваем ад 10 да 12 тон каляровага металалому, - кажа начальнік службы нарыхтовак Андрэй Варановіч, - а раней за год з цяжкасцю нарыхтоўвалі такую ж колькасць металу.

Макулатуру больш актыўна здае гарадское насельніцтва. У вёсках людзі нярэдка пакідаюць паперу для сваіх мэтаў. А вось па здачы шклабою ў лідарах вяскоўцы. У магазіне філіяла аблспажыўтаварыства “Усход Маркет” ёсць шклопрыёмны пункт. Людзі аб гэтым ведаюць, таму прыносяць туды здаваць шкляную тару і бітыя бутэлькі.

Зіма для нарыхтоўшчыкаў - менш напружаны перыяд года. Работы прыбаўляецца з пачаткам вясны. Пакуль смаргонцы займаюцца апрацоўкай сваіх агародаў і збіраюцца нешта саджаць, у гэты час ранняй вясною на нарыхтоўчы пункт мясцовых кааператараў паступае сельгаспрадукцыя са Столінскага раёна. Там у канцы красавіка - пачатку мая ўжо ёсць агуркі. Вырошчваць гэту культуру палешукі пачынаюць яшчэ зімою, у лютым. Потым у нашай мясцовасці вырастаюць на градках агуркі-памідоры. Кааператары нарыхтоўваюць іх праз свае магазіны, прыцягваюць да гэтай справы пабочныя арганізацыі. Пакупнікамі гэтай прадукцыі з’яўляюцца гандаль і аб’екты грамадскага харчавання. Таму на нарыхтоўчым пункце пастаянна папаўняюцца запасы гародніны.

Настае чарга нарыхтоўкі ягад. Паколькі на Смаргоншчыне няма пакуль фермераў, якія спецыялізаваліся б на вырошчванні клубніц, то нарыхтоўшчыкам з мясцовага філіяла аблспажыўтаварыства прыходзіцца закупляць гэтыя ягады ў Лунінецкім раёне. Там іх вырошчваюць на такіх вялікіх участках зямлі, як у нас бульбу.

“Летась і сёлета мы нарыхтавалі і потым прадалі па 10 тон клубніц, - кажа Андрэй Варановіч. – Гандлёвыя кропкі па іх продажы знаходзіліся ў горадзе на тэрыторыі рынку і каля магазіна “Каласок”. Столькі ж нарыхтоўваем за сезон і чарніц. Гэтыя ягады замарожваем, потым насыпаем у мяшкі і прадаём іх, калі знаходзіцца пакупнік, які прапаноўвае добрую цану. Чарніцы закупляем у мясцовага насельніцтва. Асабліва ўраджайная гэта культура ў жодзішкаўскай і лылойцінскай мясцінах”.

Пасля чарніцаў пачынаецца нарыхтоўка яблыкаў, як таварных, так і ападу. Апошні на нарыхтоўчым пункце адразу ж адгружаюць на вінна-гарэлачныя заводы. Але сёлета яблык значна менш, чым было летась.

IMG_0871.JPG

На падыходзе – бульба, сталовыя буракі, морква. Напачатку верасня філіял аблспажыўтаварыства заключае з фермерамі дагаворы на пакупку сельгаспрадукцыі і пакідае яе там на захоўванне, перыядычна беручы пэўную колькасць для продажу.

З гэтага года нарыхтоўчая служба Смаргонскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства працуе і ў суботу – з 8 да 12 гадзін, у будныя дні – на 4 гадзіны даўжэй. Выхадны дзень зроблены працоўным для зручнасці здатчыкаў лішкаў сельгаспрадукцыі і другаснай сыравіны, бо многа людзей у будні знаходзіцца на рабоце.

Ягор КАРЫЦКІ.

Фота аўтара.