Праверка будаўнічых аб’ектаў у Смаргоні

Охрана труда
15.03.2019 11:42
661
Дзяржаўны будаўнічы інспектар інспекцыі Дэпартамента кантролю і нагляду за будаўніцтвам па Гродзенскай вобласці Андрэй Шульга і начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама Дзяніс Крыштопенка наведалі ў нашым горадзе дзве будаўнічыя пляцоўкі, каб паглядзець, які на іх парадак.

Строительство-Сморгонь-2.jpg

Першы шматпавярховы жылы дом знаходзіцца  па вуліцы Гагарына, і ўзводзіць яго будаўніча-мантажны трэст №41. Работы тут паступова набліжаюцца да заканчэння, выконваюцца яны як унутры, так і звонку будынка. На момант нашага прыезду будаўнікі з люлек абліцоўвалі фасад, усе былі ў касках і спецадзенні.

Паколькі аб’ект знаходзіцца непадалёку ад адміністрацыйнага будынка БМТ №41, то, як адзначыў галоўны інжынер Яўген Гурскі, яго часта наведвае служба па ахове працы гэтай будаўнічай арганізацыі. Інжынер па прамысловай бяспецы курыруе работу будаўнікоў, якія знаходзяцца ў люльках. Усе гэтыя людзі, а іх 17 чалавек, былі спецыяльна абучаныя, атэставаныя, прайшлі праверку ведаў.

Строительство-Сморгонь-1.jpg

Два разы на тыдзень праводзіцца нарада па ахове працы, у якой прымае ўдзел дырэктар будмантажнага трэста №41 Сяргей Радаман. Потым ён разам з галоўным інжынерам аглядаюць тэрыторыю будаўнічага аб’екта, усе паверхі будынка, правяраецца дакументацыя. Дарэчы, люлькі перад выкарыстаннем прайшлі выпрабаванне, у якім удзельнічаў прадстаўнік арганізацыі-пастаўшчыка гэтых вырабаў. Пры кожнай перастаноўцы люлек з месца на месца, іх таксама выпрабоўваюць на трываласць.

Галоўны інжынер БМТ №41 Яўген Гурскі паведаміў, што з 1 красавіка плануецца прыступіць да добраўпарадкавання тэрыторыі. Раней не атрымаецца, бо на будаўнічую пляцоўку завозяцца неабходныя матэрыялы, працуе вежавы кран. Ды і надвор’е па­куль не спрыяе, зямля насычана вільгаццю – ідзе дождж альбо мокры снег. Для таго, каб абгароджаная тэрыторыя вакол аб’екта не загрувашчвалася рознымі адходамі, абсталявана спецыяльнае месца, куды іх складваюць. І не проста на пляцоўку, а ў спецыяльную ёмістасць, якая там устаноўлена. Другасную сыравіну трэст здае ў нарыхтоўчы пункт.

“Пасля заканчэння будаўнічых работ каля шматпавярховага жылога дома з’явяцца малыя архітэктурныя формы, будзе зроблена адпаведная разметка, абуладкаваны пад’езды. Адным словам, тут будзе ідэальны парадак”, - сказаў прадстаўнік трэста.

Каля стадыёна ў Заходнім мікрараёне “Гроднажылбуд” узводзіць чарговы шматпавярховы жылы дом, разлічаны на 64 кватэры. Будпляцоўка абгароджана трывалымі металічнымі рашоткамі, на тэрыторыі пакладзены жалезабетонныя пліты, па якіх тэхніка дастаўляе будаўнічыя матэрыялы непасрэдна да аб’екта. Прычым заезд зроблены з боку вуліцы, па якой рухаецца нямала аўтамабіляў, таму Андрэй Шульга і Дзяніс Крыштопенка парэкамендавалі прадстаўніку будаўнічай арганізацыі звязацца з мясцовым аддзелам ДАІ, каб паблізу месца заезду на тэрыторыю ўзводзімага аб’екта часова быў устаноўлены дарожны знак, які абмяжоўвае хуткасць руху аўтамабіляў.

Строительство-Сморгонь-3.jpg

Як паведаміў майстар “Гроднажылбуда” Аляксандр Фалевіч, месцы на будаўнічай пляцоўцы, дзе не пакладзены пліты, па­стаянна выраўноўваюцца бульдозерам. Праўда, гэтага хапае ненадоўга, бо няўстойлівае надвор’е, зямля зноў раскісае, ператвараецца ў пясчанае месіва, таму раз за разам прымаюцца меры па абуладкаванні падыходаў да аб’екта.

Па выказванні начальніка аддзела архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама Дзяніса Крыштопенкі, “Гроднажылбуд”  - адна з будаўнічых арганізацый, якія надаюць вялікую ўвагу абуладкаванню будпляцоўкі. Тут прадумана зроблены пад’язныя шляхі, надзейная агароджа аб’екта, прадугледжана месца для складзіравання будматэрыялаў. Таму падчас праверак амаль што няма заўваг.

Калі браць увогуле будаўніцтва, то недахопы ёсць. Дзяржаўны будаўнічы інспектар інспекцыі Дэпартамента кантролю і нагляду за будаўніцтвам па Гродзенскай вобласці Андрэй Шульга прывёў даныя ранейшых праверак. Летась у Смаргонскім і Ашмянскім раёнах былі зарэгістраваныя 89 будаўнічых аб’ектаў, праведзена 195 маніторынгаў па іх стане, выяўлена 755 дэфектаў і парушэнняў, выда­дзены 124 рэкамендацыі на ўхіленне недахопаў, 19 службовых асобаў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.

Андрэй Робертавіч паведаміў, што інспекцыя строга кантралюе абуладкаванне і ўтрыманне будаўнічых пляцовак. Сюды адносіцца іх агароджанне, афармленне пашпарта  будаўніцтва аб’екта, абуладкаванне бытавога гарадка, своечасовы збор і вываз смецця і бытавых адходаў, складзіраванне будаўнічых канструкцый, абуладкаванне пунктаў мыйкі і чысткі колаў з мэтай папярэджання вывазу гразі на праезную частку вуліц, неадкладнае  будаўніцтва часовых і пастаянных дарог як на тэрыторыі будаўнічай пляцоўкі, так і на пад’ездзе да яе.

Строительство-Сморгонь-4.jpg

На аб’екце «Гроднажылбуд» (злева направа) начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама Дзяніс КРЫШТОПЕНКА, майстар Аляксандр ФАЛЕВІЧ і дзяржаўны будаўнічы інспектар Андрэй ШУЛЬГА. 

Юрый ЯНУШКЕВІЧ.

Фота аўтара.

Поделиться:

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений