Шляхам аднаўлення, стварэння, развіцця

75 лет со дня образования Гродненской области
07.09.2019 08:00
329
У пасляваенны перыяд важнае значэнне ў эканоміцы краіны мела аднаўленне і развіццё сельскай гаспадаркі. У 1945 годзе на Смаргоншчыне аднаўляліся даваенныя калгасы і ствараліся новыя. У канцы 1950-га года ў раёне працавалі каля 150 калгасаў, а ўжо ў 1957 у сувязі з узбуйненнем гаспадарак іх стала 32. А сёння сельскагаспадарчая галіна раёна налічвае 7 сяльгаспрадпрыемстваў.

У 1953 годзе адбылося павышэнне нарыхтоўчых цэн на сельскагаспадарчую прадукцыю, у 1954 знізіўся сельгаспадатак з сялян, а ў 1958 годзе ён быў поўнасцю адменены. Умацаванню створаных калгасаў садзейнічала спісанне запазычанасці, гаспадаркі пачалі ўмацоўваць сваю матэрыяльнатэхнічную базу. Значна павялічыўся ў 1955 годзе машынна-трактарны парк МТС. Смаргонская і Данюшаўская МТС атрымалі 13 розных трактароў, 12 ільномалатарняў, капустаўборачную машыну, сіласны камбайн і іншую тэхніку.


IMG_9583.JPG

Сяўба ў калгасе “Чырвоны сцяг”. 1957 год


У сярэдзіне 1960-х гадоў Смаргонскі раён быў у асноўным сельскагаспадарчым. Тут дзейнічалі 33 калгасы і 1 саўгас, якія выраслі з больш чым 13 тысяч былых аднаасобных гаспадарак.

Сельская гаспадарка раёна спецыялізавалася на мяса-малочным напрамку, вырошчванні льну і бульбы. Па вытворчасці малака і мяса лепшыя паказчыкі мелі саўгас “Дабраўляны”, калгасы “Светлы шлях”, “Чырвоны сцяг”, “Шлях камунізму”, імя Энгельса, “Запаветы Леніна”.

У 1961 годзе на змену МТС прыйшло раённае аб’яднанне “Сельгастэхніка”. У гаспадарках раёна, абслугоўваемых “Сельгастэхнікай”, і ў самім аб’яднанні налічвалася 700 трактароў розных марак, 210 збожжавых і сіласных камбайнаў, 278 грузавых аўтамабіляў і іншая тэхніка.

У 1980-я зроблены значныя крокі па павышэнні эфектыўнасці аграпрамысловага комплексу. Менавіта ў гэты час упершыню ў гісторыі раёна была атрымана ўраджайнасць збожжа каля 36 ц/га, дасягнуты добрыя паказчыкі ў жывёлагадоўлі.

Пачатак 1990-х характарызуецца адчувальным скарачэннем вытворчасці ва ўсіх галінах народнай гаспадаркі. У раёне знізіліся паказчыкі па нарыхтоўцы збожжа, ільновалакна, малака і мяса.

Але ў сярэдзіне 90-х назіраецца пад’ём і стабілізацыя вытворчасці.У пачатку 2000-х у раёне працавала 9 сельскагаспадарчых вытворчых кааператываў, 3 фермерскія гаспадаркі, прадпрыемствы “Саўгас Лылойці” і “Смаргонская птушкафабрыка”.

Сёння аграрны сектар эканомікі раёна – гэта 7 сельгасарганізацый: КСУП “АграСолы”, ААТ “Шутавічы-агра”, КСУП “Саўбел 2016”, КСУП “Сінькі”, філіял “Жодзішкі”  Смаргонскага КХП, ВКУП “Саўгас Смаргонскі” і ТАА “Дэйрыфарм”. Сельская гаспадарка раёна спецыялізуецца на вытворчасці мяса-малочнай прадукцыі ў жывёлагадоўлі і вытворчасці збожжа, рапсу, цукровых буракоў, бульбы, гародніны ў раслінаводстве. Плошча сельскагаспадарчых угоддзяў на 1 студзеня 2019 года складае 59,9 тыс. га, з іх раллі - 35,1 тыс. га.

IMG_4350.JPG

Пасяўная на палетках КСУП “Саўбел 2016”. 2019 год


Валавая прадукцыя сельскай гаспадаркі за 2018 год склала 102,8% да 2017 года. На 2,9% да ўзроўню 2017 года павялічылася вытворчасць малака. Усяго было надоена больш за 61 тыс. т. Сярэднегадавая вытворчасць за 2016 - 2018 гады дасягнула 59,3 тыс. т. У цэлым, па раёне надой ад 1 каровы павялічыўся за 2018 год на 139 кг да 2017 года і склаў 5323 кг малака.

На 1 жніўня 2019 года ў сельгасарганізацыях раёна ўтрымліваецца 33870 галоў буйной рагатай жывёлы і 23720 галоў свіней.

За студзень - ліпень 2019 года выраблена валавой прадукцыі на 57,2 млн. рублёў, што складае 109,2% да аналагічнага перыяду 2018 года. За гэты ж перыяд валавы надой малака дасягнуў 38208 т, або 106,5% ад адпаведнага перыяду мінулага года. Ад кожнай каровы надоена 3339 кг малака. Рэалізацыя жывёлы і птушкі на забой у жывой вазе склала 8057 т.

Таццяна ЧАРНЯЎСКАЯ.

Фота аўтара і з архіва рэдакцыі газеты “Светлы шлях”.


Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений